У навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання «Табой я жыў, табой жыву…»
![](https://gazeta.grsu.by/wp-content/uploads/2022/11/36598_3-63ee130b93-1.jpg)
Мерапрыемства адбылося 16 лістапада. Выданне прысвечана Марыі Дзмітрыеўне Каменскай, жонцы Якуба Коласа.
Кніга змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы.
![](https://gazeta.grsu.by/wp-content/uploads/2022/11/36598_11.jpg)
На ўрачыстае мерапрыемства завіталі ўкладальніцы кнігі – унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка класіка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч. Госці распавялі пра вялікую навуковую працу, якую трэба было зрабіць, каб кніга пабачыла свет і была прадстаўлена шырокаму колу чытачоў, і выказалі падзяку Выдавецкаму дому «Звязда» за шыкоўнае выданне, якое стане сапраўдным падарункам для тых, хто цікавіцца жыццём і творчасцю паэта.
Кніга стварае мастацкія партрэты як жонкі класіка, так і самога Якуба Коласа, іх найбліжэйшага атачэння. Праз лісты адкрываецца ўнутраны свет сям’і. Як было адзначана падчас прэзентацыі, выданне можа паслужыць падручнікам па сямейным выхаванні.
![](https://gazeta.grsu.by/wp-content/uploads/2022/11/36598_1-c117e9ec67.jpg)
Падчас прэзентацыі шмат пытанняў было зададзена ўкладальнікам выдання. Так, студэнты і выкладчыкі цікавіліся ўзаемаадносінамі ў сям’і Якуба Коласа, выданнем энцыклапедыі, прысвечанай пісьменніку, дапаўненнем 20-томнага збору твораў класіка, радаводным дрэвам Міцкевічаў і іншым.
Сімвалічна, што прэзентацыя кнігі і знаёмства купалаўцаў з нашчадкамі класіка беларускай літаратуры праходзіць у юбілейны год, калі ў Беларусі адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа.
Асаб. інф.
Фота з архіва навуковай бібліятэкі