На базе навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта ў трэці раз прайшла Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы»

Сёлета спасцігаць спецыфіку адной з найпрыгажэйшых моў свету прыехалі студэнты і выкладчыкі з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама Гейдэльбергскага ўніверсітэта Германіі.

Адметна, што сярод удзельнікаў Летняй школы былі і тыя, хто не першы раз у Купалаўскім універсітэце. Так, Аляксандра Шырокава, аспірантка МДУ імя М.В. Ламаносава прымае ўдзел у працы школы трэці раз. Упершыню яна наведала Гродна ў 2019 годзе як пераможца конкурсу «Пазнай Беларусь з намі», які штогод праводзіцца на базе Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры, створанага сумесна Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Аляксандр Курэк прымаў удзел у працы Летняй школы беларускай мовы і культуры другі раз, а ўпершыню ён наведаў наш універсітэт як удзельнік Летняй школы рускай мовы.

Слухачам Летняй школы была прапанавана насычаная праграма, якая ўключала ў сябе як акадэмічныя заняткі, так і культурнаасветніцкую частку.

Так, на занятках па мове госці пазнаёміліся з беларускімі прыказкамі ды фразеалагізмамі, зрабілі экскурс у гісторыю беларускага дзеяслова, разгледзелі асноўныя правілы беларускага правапісу, выявілі адметнасць беларускай граматыкі ў параўнанні з іншымі славянскімі мовамі. У межах літаратурнага кампанента была разгледжана спецыфіка развіцця нацыянальнай беларускай літаратуры, дзе вялікая ўвага надавалася пачатку ХХ стагоддзя, калі наша мастацкая творчасць прайшла «паўтарыцельны курс» еўрапейскага прыгожага пісьменства (М. Багдановіч), звернута ўвага на станаўленне класічнай літаратуры праз такіх знакавых пісьменнікаў, як Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і іншых, прадэманстравана сучасная літаратурная карта Беларусі. Слухачы даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, чыё імя носіць наш універсітэт.

Досыць насычанымі былі праграмы выхаднога дня, падчас якіх адбыліся вандроўкі ў мястэчка Парэчча, дзе ўдзельнікі Летняй школы пазнаёміліся з гісторыяй населенага пункта, пабывалі ў мясцовых царкве і касцёле, прайшлі «мядовым шляхам» і наведалі Музей гісторыі Беларускай чыгункі.

Безумоўна, запомніцца гасцям падарожжа ў Навагрудак, дзе «наваградская гараджанка» правяла экскурсію па адным з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, пасля чаго госці завіталі ў музей Адама Міцкевіча. Не засталася па-за ўвагай і Свіцязь – адно з самых чароўных азёр Беларусі. Было цікавым наведванне Музея Цёткі (Алаізы Пашкевіч), які знаходзіцца ў Астрынскай сярэдняй школе, што носіць імя знакамітай паэткі, а таксама неагатычнага касцёла ў Старых Васілішках, помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя і ўнікальнай царквы абарончага тыпу, якая сёлета адзначае сваё 500-годдзе ў Мураванцы.

Захапляльным атрымаўся майстар-клас па беларускай кухні, дзе былі згатаваны традыцыйныя народныя стравы і напоі.

Удзельнікі Летняй школы змаглі далучыцца да музейна-педагагічнай дзейнасці шляхам стварэння музея сваёй асобы і з поспехам прадставілі яго варыянт падчас Дня студэнцкага самакіравання: кожны меў магчымасць расказаць пра сваё паходжанне, захапленні, прафесійныя дасягненні, а таксама прадэманстраваць веданне беларускай мовы.

Скончылася праца школы дыдактычнай гульнёй, падчас якой неабходна было ўзнавіць усе веды, набытыя за апошнія два тыдні.

Прапануем вам пазнаёміцца з уражаннямі некаторых удзельнікаў Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы».

Марыя Прышэльцава: «Летняя школа беларускай мовы і культуры – гэта два вельмі шчаслівыя тыдні ў маім жыцці. Гэта радасць ад знаёмства з Беларуссю: яе культурай, гісторыяй, літаратурай, традыцыямі. Гэта магчымасць гуляць па цудоўным горадзе Гродна: любавацца маленькай утульнай Савецкай вулачкай, а праз пяць хвілін захапляцца велічным Фарным касцёлам і шырокім Нёманам. Летняя школа – лёгкае і хуткае вывучэнне ўсяго беларускага, дзякуючы найперш пагружэнню ў моўнае асяроддзе. Школа – магчымасць вучыцца побач з разумнымі, цудоўнымі людзьмі з розных гарадоў і краін, а галоўнае – магчымасць вучыцца ў людзей, якія так любяць сваю мову і культуру, што зараджаюць гэтай любоўю і цябе».

Дарʼя Гальцова: «Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» для мяне – гэта якаснае і цікавае навучанне, гэта незабыўнае знаёмства з горадам Гродна і яго наваколлем, гэта неверагодны зарад энергіі, натхнення, мудрасці і чалавечнасці! Два тыдні сталі выдатнай магчымасцю павучыцца ў прафесіяналаў, развіць навыкі маўлення, папрацаваць з даследаваннямі вядомых беларускіх лінгвістаў і, безумоўна, пасябраваць з аднадумцамі з розных краін. На працягу працы школы канчаткова і беспаваротна ўлюбляешся ў беларускую мову, літаратуру і культуру, вязеш у сваім сэрцы кавалачак беларускага свету і жаданне абавязкова вярнуцца ў гэтае цудоўнае месца».

Аляксандр Курэк: «У гэтым годзе мне зноў вельмі спадабалася: тэмы на занятках былі цікавыя і звязныя з экскурсіямі, напрыклад, у музей Максіма Багдановіча. Таксама перавага была ў тым, што гэтым разам было больш удзельнікаў, чым у мінулым годзе. Таму пасля заняткаў (у горадзе або ў інтэрнаце) было таксама вельмі цікава ды весела. І, напрыклад, з Аляксеем, яшчэ адным удзельнікам, пасля заняткаў мы далей размаўлялі па-беларуску, таму было багата практыкі. Дзякую за арганізацыю! Ва ўніверсітэце і на працягу Летняй школы заўжды адчуваў сябе вельмі добра!».

Аляксандра Шырокава: «Мой добры сябар, якому я патэлефанавала ў першы дзень «гродзенскай школы», казаў: віншую з пачаткам творчага водпуску. Лепш не прыдумаць! Горад Гродна крыху нагадвае пакой з тэатральнымі дэкарацыямі, дзе ёсць усё: вакзал, касцёл, заапарк, кавярні, парк, рака, тралейбусы, брук, панэльныя дамы, байкеры начамі. І нават сам тэатр таксама ёсць. У такіх дэкарацыях хочаш – стаў казку, хочаш – дэтэктыў, хочаш  – меладраму. А хочаш – грай у іх: у кавярні заўсёды знойдзецца свабодны столік, кірха з царквой кожны вечар размаўляюць адна з адной мовай аргана і званоў, а ў тэатр можна заглянуць вечарком, каб забыць, ці ёсць на свеце штосьці, апроч ягоных падмосткаў. Беларуская мова падобная да маёй роднай і разам з тым – непадобная зусім – як уласны фотапартрэт з далёкага падарожжа. Беларусы – такія розныя і такія свае. Можна есці цукеркі ў чытальнай зале? – Зразумела, якія больш падабаюцца? Можна ўзяць з сабой маму на экскурсію? – Вядома, ужо чакаем вас абедзвюх. Гэта Вы нам у мінулым годзе праводзілі экскурсію? – Так, я Вас памятаю, Вы польскай літаратурай займаецеся, слушна? Купалаўскі ўніверсітэт – гэта месца сустрэчы. Ліст ад калегі ў студзені: ты прыедзеш у жніўні ў Гродна?.. – Прыеду! Ну і прыехала, як абяцалася. І дай Бог, не ў апошні раз».

Мікалай ГРЫНЬКО.

Фота Дзіаны СЦЯПАНАВАЙ

Поделиться

Вам может также понравиться...