Беларускія Калядкі не толькі з блінамі і аладкамі

Для беларусаў здаўна важным было мець на вялікія святы багаты стол, поўны разнастайных прысмакаў. І тлумачылася гэта не толькі традыцыяй, а і законамі старадаўняга народнага містыцызму: у прыватнасці, як Новы год сустрэнеш і з якім сталом, такім і будзе наступны перыяд жыцця, або якімі стравамі пачастуеш продкаў, як ушануеш у дні памінання, так і памерлыя будуць дапамагаць з нябёсаў. Навагодні ж пераход у часе быў падобны да кроку ў іншасвет, у нешта невядомае і загадкавае, таму ежа ў пэўнай ступені мела рытуальны характар. Безумоўна, застоллі вытрымліваліся адпаведна традыцыям хрысціянскім і больш старажытным – паганскім, рэшткі якіх засталіся ў розных мясцовасцях Беларусі і па сённяшні дзень. Найбольш разнастайныя стравы падаваліся да сямейнага стала на калядныя святы.

Усяго ў беларусаў было тры Каляды ці Куцці. Першай Куццёй – поснай, простай – сканчаўся шасцітыднёвы піліпаўскі пост, а гэта быў вечар з адпаведнымі прысмакамі на святочым стале 24 снежня старога  стылю. Другая – багатая, тоўстая – 31 снежня старога стылю на пачатку шчодрага тыдня. Трэцяя – тонкая, посная, вадзяная – перад Вадохрышчам 5 студзеня старога стылю. На першую  Куццю ці Каляду ўсе ідуць да храма, вярнуўшыся адтуль, сядаюць за святочную вячэру. На стол клалі сена, а на яго – абрус, і толькі тады ставілі стравы. Колькасць іх павінна быць няцотнай – пяць, сем і болей. На Гродзеншчыне ў многіх раёнах на стол, лічылася, трэба было ставіць 12 страў, як апосталаў у Хрыста, і яшчэ адну талерку для самога Ісуса – уплыў каталіцызму.

Галоўнай стравай была куцця – каша, якая рабілася з зярнят ячменю альбо пшаніцы, абтоўчаных у ступе. Усе тры куцці трэба было варыць у адным і тым жа гаршку, у час варкі нельга было каштаваць. Пасля прыгатавання куцця ставілася на сена і накрывалася хлебам. У Лідскім, Дзятлаўскім, Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці яе маглі рабіць з пярловай крупы, з салодкай вадою. У каталіцкіх вёсках у касцёле перад святам бралі аплатку, ламалі яе на столькі кавалачкаў, колькі ў сям’і людзей. Аплатка – гэта «цела» Ісуса Хрыста. Ужыць яе – упадобіцца Сыну Божаму.

Вячэру пачыналі з узыходам на небе першай зоркі. Запальвалася свечка ў святым куце пад абразамі, прамаўляліся асноўныя хрысціянскія малітвы. Ежа на першую Куццю ўся павінна быць поснай. Па старадаўняму звычаю падавалася яна ў пэўным парадку: селядцы з алеем, боршч з рыбаю і грыбамі, пампушкі, кісель, фасоля, іншыя стравы і апошняй – куцця.

Найбольш папулярнымі стравамі ў калядны вечар, акрамя куцці і баршча, былі капуснік з просам, ламанцы – хрумсткія перапечкі з мёдам і макам, варэнікі з ягадамі ці іншым начыннем, грыбная салата – грыбы змешваліся з буракамі, невялікай колькасцю цыбулі, дадавалася трохі часныка і іншых складнікаў, буракі з алеем, аўсяны кісель, узвар – традыцыйны калядны кампот з сушанай садавіны. Дазваляўся збіцень, у даўнія часы безалкагольны напой, у склад якога ўваходзілі мёд, шалфей, зверабой і іншыя інгрыдыенты. У кожнай гаспадыні былі нейкія свае сакрэты прыгатавання святочных страў.

Ежа з каляднага стала лічылася цудадзейнаю і нават выкарыстоўвалася гаспадарамі з магічна-ўтылітарнымі мэтамі. Так, на раніцу наступнага дня ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці сена са стала абавязкова нясуць жывёле, каб яна была здаравейшай і «цяжэйшай», а плеўку з куцці «нясуць авечцы, каб добра пладзілася, а куццю – курам. Кладуць круглы абруч і ставяць у яго куццю – як куры паядуць, то будуць несціся ў адным месцы».

Другая куцця, шчодрая, адзначалася праз тыдзень і стравы абавязкова павінны былі быць тлустымі, куцця рабілася са шкваркамі, на стале прысутнічала смажанае і варанае мяса, «пальцампханыя каўбасы», вяндліна. У гэты дзень папулярныя былі аладкі, якія макаліся ў падсоленую смятану, таксама іх елі са смажанымі на шкварках яйкамі, з вяндлічнай мачанкай, якую рабілі з копчаных сала, вяндліны, каўбас, мукі, цыбулі і розных спецыяў – кропу, перцу і іншых. Прысутнічала вараная ці смажаная рыба. На стале быў салцісон, нарэзаны кумпяк і паляндвіца. Падавацца магла бабка, прыгатаваная на патэльні ў печы бульбяная запяканка са шкваркамі і цыбуляй. У даўнія часы асабліва папулярнай гэта страва была на Зэльвеншчыне і Слонімшчыне. Са спіртнога перавага аддавалася разнастайным наліўкам на падставе самагону. Падаваліся на стол пірагі з розным начыннем, па густу.

Увогуле на Беларусі трэцяя Куцця павінна была быць з посных страў, яшчэ яе называлі «вадзяной», бо па часе супала з хрысціянскім Вадохрышчам. Вадзяная куцця ў беларусаў запраўлялася трохі соллю і макам, яна была несалодкая і рабілася на вадзе. У некаторых раёнах Гродзеншчыны страву варылі «з мясам» альбо «з косткаю». Каб год быў сытны, гаспадыні казалі: «Караля хоць на сметніку знайдзі, а ў куццю ўкінь».

У наш час найбольш багаты стол робіцца менавіта на навагодняе свята. Важным заўсёды было не толькі сустрэць новы год, але і з пашанай правесці стары, што патрабавала багатага набору рознай смакаты на сямейным застоллі. Штогод традыцыйна на стале сучасных беларусаў можна ўбачыць салаты «Аліўе», «Мімоза», селядзец «пад футрам», халадзец, заліўную рыбу, разнастайныя каўбасы і мясную нарэзку, марынаваныя агуркі і памідоры, таксама гарачае ва ўсёй разнастайнасці фантазіі гаспадароў. Асаблівым шыкам з савецкага часу лічыцца наяўнасць бутэрбродаў з натуральнай чырвонай ікрой. Абавязковымі атрыбутамі з’яўляюцца шампанскае і мандарыны, пах якіх многім людзям нават у цёплую пару года нагадвае пра навагоднія святы. Шматлікія кандытарскія вырабы дапаўняюць святочную атмасферу салодкім водарам печыва і цукерак.

І сёння беларусы свята вераць, што калі Новы год сустрэць за багатым і смачным сталом, то ён будзе заможны і шчаслівы.

Руслан КАЗЛОЎСКІ, кандыдат філалагічных навук,

дацэнт кафедры беларускай філалогіі.

Поделиться

Вам может также понравиться...