Сябра, Спецыяліст, Чалавек: памяці Ф.С. Ляльчук

На працягу многіх стагоддзяў кніга з’яўляецца своеасаблівым арыенцірам, знічам, які асвятляе шлях многім пакаленням, падказвае напрамак  з цемры да святла, служыць народам у цэлым і кожнаму паасобку. Аднак досыць часта паміж чытачом і кнігай павінен быць пасрэднік, той, хто дапаможа раскрыць яе мудрасць, укажа, падкажа, нацэліць. Менавіта такім пасрэднікам у нашым універсітэце звыш паўстагоддзя была Фаіна Самуілаўна Ляльчук, чыё сэрца перастала біцца 25 студзеня.

Напрыканцы 1964 года 18-гадовая дзяўчына пераступіла парог Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, дзе была прынята на пасаду лабаранта фоталабараторыі. Аднак дадзеная праца не вельмі падабалася маладому спецыялісту, і таму яна літаральна праз пару месяцаў з радасцю адправілася ў бібліятэку, дзе вельмі патрэбна была дапамога: кадраў не хапала, а чытачы стаялі вялікімі чэргамі.

Бібліятэка са сваім аб’ёмным кніжным масівам ды не менш вялікай колькасцю чытачоў настолькі захапілі маладую Фаіну, што было зразумела: гэта тая прафесія, якая прыносіць задавальненне. Таму і мара стаць медыкам змянілася на мару стаць высокапрафесійным бібліятэкарам. Менавіта таму ў 1966 годзе Фаіна Самуілаўна паступае ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Н. К. Крупскай, які заканчвае ў 1971 годзе з дыпломам бібліятэкара-бібліёграфа вышэйшай кваліфікацыі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Ф.С. Ляльчук працуе на пасадзе старшага бібліятэкара, а таксама выконвае абавязкі старшыні прафбюро біблія­тэкі.

Пры ўтварэнні на базе педагагічнага інстытута ўніверсітэта істотна ўзрастае роля навуковых даследаванняў, якія немагчыма ажыццявіць без інфармацыйнага пошуку. І таму на пачатку 1980-х гадоў Фаіна Самуілаўна пачынае працаваць бібліёграфам, спасцігаючы ўсе нюансы гэтай справы. І невыпадкова ў 1992 годзе, калі быў створаны даведачна-інфармацыйны (пазней інфармацыйна-бібліяграфічны) аддзел, Фаіна Самуілаўна становіцца яго загадчыкам, кіруе гэтым аддзелам ажно да 2014 года.

У 2014 годзе, зважаючы на немадалы ўзрост, Ф.С. Ляльчук пакідае пасаду загадчыка аддзела, але па просьбе кіраўніцтва бібліятэкі яшчэ два гады працуе галоўным бібліяёграм, шчодра дзеліцца сваімі ведамі і вопытам з маладым пакаленнем.

Фаіна Самуілаўна была тым спецыялістам, пры характарыстыцы якога вельмі часта можна ўжыць слова «першы»: першай у бібліятэцы асвоіла камп’ютар, першай стала загадчыкам інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела, стаяла ля вытокаў стварэння электроннага каталога навуковай бібліятэкі ў 1996 годзе. Па яе прапанове з 1998 года пачала працу служба электроннай дастаўкі дакументаў. У 2004 годзе, калі быў падпісаны загад рэктара аб стварэнні базы дадзеных «Труды учёных ГрГУ. Полный текст», менавіта Фаінай Самуілаўнай былі ўнесены першыя тэксты.

Высокі ўзровень і вялікі вопыт бібліёграфа Ф.С. Ляльчук быў заўважны не толькі ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта: яна выступала на розных бібліятэчных форумах як у Беларусі, так і на прасторах былога Савецкага Саюза.

Калі ў 2016 годзе Фаінай Самуілаўнай было прынята рашэнне пакінуць працу і пайсці на заслужаны адпачынак, на прапановы яшчэ папрацаваць сказала наступнае: «Сыходзіць трэба тады, калі цябе просяць застацца, а не просяць пайсці!». Яна ніколі не страчвала сувязі з універсітэтам, дзе прайшло звыш 50 гадоў жыцця, дзе пазнаёмілася з мужам, з якім пражыла ў міры і згодзе таксама звыш 50 гадоў: ужо на пенсіі прымала актыўны ўдзел у працы ветэранскай арганізацыі, а таксама амаль ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзіліся навуковай бібліятэкай.

У адным з інтэрв’ю на пытанне, ці не надакучыла 50 гадоў хадзіць на адну і тую ж працу, Фаіна Самуілаўна адказана наступнае: «Я нарадзілася для таго, каб дапамагаць людзям. І гэта, здаецца, у мяне атрымалася. А каб разнастаіць сваё жыццё, у мяне ёсць традыцыя: кожны панядзелак ужо паўстагоддзя я на працу прыходжу ў чымсьці новым».

Менавіта такой мы яе і запомнім: заўжды з аптымізмам, з абаяльнай усмешкай, з неверагодным жаданнем прыйсці на дапамогу ў любым пытанні. Запомнім як асобу, якой нам вельмі будзе не ­хапаць. Як Сябра, як Спецыяліста, як Чалавека!

Калектыў навуковай бібліятэкі.

Поделиться

Вам может также понравиться...