Філалагічнаму факультэту – 85!
Урачыстае пашыранае пасяджэнне Савета філалагічнага факультэта, прысвечанае 85-годдзю са дня яго ўтварэння, адбылося 14 сакавіка ў ГрДУ імя Янкі Купалы. У межах мерапрыемства купалаўцам былі ўручаны ганаровыя ўзнагароды.

У пасяджэнні прынялі ўдзел выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты, выпускнікі, ветэраны працы, а таксама кіраўніцтва ўніверсітэта.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якая адзначыла, што да 85-годдзя факультэта калектыў падышоў са значнымі дасягненнямі ў вучэбнай, навуковай і культурнай сферах дзейнасці:
– Паміж юбілеем філалагічнага факультэта і ўніверсітэта можна паставіць знак роўнасці, бо ў 1940 годзе ў Настаўніцкім інстытуце, на базе якога ўтварыўся наш універсітэт, былі дзве спецыяльнасці філалагічнага накірунку. І менавіта на вашых папярэднікаў былі ўскладзены задачы па ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Задачы па адукацыі насельніцтва застаюцца і сёння, толькі іх планка павышаецца.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла ўнёсак кафедры беларускай філалогіі і ўсяго факультэта ў арганізацыю і правядзенне Купалаўскай дыктоўкі, якая з універсітэцкай акцыі пераўтварылася ў сусветную. Падзякавала ўсім супрацоўнікам, якія сваёй штодзённай руплівай працай імкнуцца да найлепшых вынікаў.

Успамінамі падзяліўся ветэран працы філалагічнага факультэта – доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Уладзіміравіч Даніловіч:
– Шмат чаго змянілася на факультэце і ва ўніверсітэце за паўстагоддзя маёй працы, адзінае, што засталося нязменным, гэта адносіны паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Як і раней, выкладчыкі імкнуцца, каб студэнты дасканала засвоілі кожную дысцыпліну і сталі не только прафесіяналамі высокага ўзроўню, але і найлепшымі грамадзянамі сваёй краіны.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства са словамі віншавання звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Святлана Ганчар:
– Упэўнена, што ўсіх нас, філолагаў, аб’ядноўвае любоў да слова, жаданне гэтае слова ўзрошчваць у сабе і запальваць ім сэрцы ўсё новых і новых пакаленняў філолагаў. Бясспрэчна, усе, хто прайшоў праз філалагічны факультэт, сталі дружнаю сям’ёю. Таму мне так лёгка і прыемна сёння ўсіх прысутных віншаваць з юбілейнай датай.

З прэзентацыяй гісторыі развіцця кафедр філалагічнага факультэта выступілі загадчыкі кафедры рускай філалогіі, кафедры беларускай філалогіі, кафедры англійскай філалогіі, кафедры раманагерманскай філалогіі і кафедры замежных моў.
У межах урачыстага пасяджэння Савета факультэта супрацоўнікам былі ўручаны ганаровыя ўзнагароды і прагучалі музычныя віншаванні.
Таццяна СУШКО.
Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ