АРАТАРАМІ СТАНОВЯЦЦА, ПАЭТАМІ – НАРАДЖАЮЦЦА

Словы – наша ўсё: наша сутнасць, наша любоў да матулі, да Радзімы. Хіба не так? Менавіта дзякуючы ім мы аб’ядноўваемся, перадаем бясцэнны досвед і ствараем будучыню. Удзельнікі конкурсу аратарскага майстэрства «Цыцэроній-2026» як ніхто іншыя ведаюць кошт кожнаму слову і ўсведамляюць усю сілу дакладных выразаў. Дык пра што ж казалі юныя аратары ў гэтым годзе? Давайце высветлім разам!

Першым этапам стаў конкурс «Візітных картак», падчас якога ўдзельнікі прэзентавалі сябе ў самых разнастайных фарматах. Нехта дзяліўся сваім шляхам ва ўніверсітэце, поспехамі і перамогамі, нехта распавядаў, як пайшоў па слядах бацькі і вырашыў стаць настаўнікам. Некаторыя ж прамоўцы абралі больш крэатыўныя формы. Напрыклад, адна з удзельніц прапанавала паразважаць, якую ролю ў нашым жыцці адыгрываюць нікі ў сацыяльных сетках, і раскрыла сваю асобу праз падрабязнае тлумачэнне ўласнага. Абавязковай часткай візітоўкі быў дэвіз. Кожны ўдзельнік назваў той выраз, які ў пэўны момант дапамог яму абраць правільны шлях на раздарожжы: «ісці туды, дзе страшна, бо дзе страх – там рост», «працавітасць нараджае вынік, а творчасць – натхненне», «час Бога дасканалы».

Асаблівае месца ў конкурсе занялі шчырыя прамовы замежных студэнтаў: «быць замежным студэнтам – гэта вучыцца марыць на чужой мове» або «ці задумваліся вы, чаму ў нашых чамаданах ніколі не хапае месца? Не, яны не забіты адзеннем – там любоў і падтрымка сям’і, цёплыя словы і такія жаданыя абдымкі». Удзельнікі дзяліліся і тым, што дапамагае ім захоўваць аптымізм. Камусьці – добрае надвор’е, а некаму – падтрымка сястры, якая нават на адлегласці ў тысячы кіламетраў заўсёды побач. Калі ў такі шчымлівы момант голас прамоўцы дрыжыць ад хвалявання, словы набываюць асаблівую вагу.

Мы з гонарам адзначаем, што сёлета сем удзельнікаў – замежныя студэнты. Іх цікавасць да конкурсу расце штогод. Яны не жадаюць быць проста слухачамі, яны імкнуцца стаць актыўнымі творцамі культурнага жыцця ўніверсітэта. Для іх выхад на сцэну з прамовай на рускай мове – гэта сапраўдны выклік і шчыры жэст павагі да краіны, у якой яны атрымліваюць адукацыю, – пракаментавала Наталля Гузевіч, метадыст аддзела падтрымкі моладзевых праектаў і ініцыятыў упраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце.

Наступным выпрабаваннем стала «Кропка меркавання» – конкурс імправізаваных выказванняў, які патрабуе хуткасці думкі і бліскучай аргументацыі. Удзельнікі выцягвалі картку з пытаннем, і без падрыхтоўкі павінны былі выказаць сваё меркаванне. Тэмы для разважанняў былі самыя розныя: з чаго пачынаецца Радзіма, хто такі «сапраўдны сябра» і да каго прыходзіць поспех – да таленавітых ці настойлівых. Абмяркоўваліся і дыскусійныя моманты: «Самая важная якасць для аратара – шчырасць ці прыгажосць?».

Мне вельмі прыемна адзначаць несумненную эвалюцыю ўдзельнікаў гэтага конкурсу. Аратары становяцца раскаванымі, смелымі і ўпэўненымі. Цешыць тое, што ў самыя адказныя моманты студэнты не губяцца, а трымаюць марку сапраўднага прамоўцы. І гэта вельмі радуе. Адзінае толькі што засмучае – студэнты трошкі адыходзяць ад умення прыводзіць якасныя аргументы і доказы. Але гэта тое, што набываецца ў працэсе выступлення, – адзначыла Святлана Тарасава, дацэнт кафедры беларускай філалогіі.

Апошнім і найбольш эмацыйным этапам конкурсу стала выступленне з загадзя падрыхтаванымі прамовамі на тэму «Беларуская жанчына: Мір. Стварэнне. Любоў». Арганізатары свядома абралі гэтую тэму, бо жадалі, каб у 2026 годзе са сцэны прагучалі словы пра самае патаемнае і важнае. Удзельнікі імкнуліся асэнсаваць яе ролю як захавальніцы традыцый, паспяховага прафесіянала і духоўнага стрыжня нацыі. Таму і прамовы былі напоўнены гонарам за сваіх зямлячак, за гісторыю беларускай жанчыны: згадваліся мудрасць Ефрасінні Полацкай і духоўная моц Рагнеды. Асабліва шчымлівымі атрымаліся выступленні юнакоў: яны гаварылі пра матуль, пра іх важнасць у жыцці кожнага чалавека.

У сваю чаргу замежныя студэнты выступілі з прамовамі пра сваю Радзіму, яе традыцыі і звычаі. Акгазель Іламанава, студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта і пераможца сярод замежных удзельнікаў, удала спалучыла дзве тэмы. Яна расказала пра свой родны Туркменістан праз ролю жанчыны: «Няхай беларуская жанчына застаецца такой жа цудоўнай у сваім клопаце, а туркменская жанчына захоўвае свой векавы ачаг. Няхай нашы краіны – Беларусь і Туркменістан – дзе так трапятліва ставяцца да мацярынства і сямейных каштоўнасцей, – заўсёды ідуць па шляху міру і стварэння».

Сярод беларускіх студэнтаў першае месца заняў Іван Музычка, студэнт 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму: «Як студэнт спецыяльнасці «Журналістыка» я выдатна разумею, што слова – гэта галоўны інструмент у маёй будучай працы. У сучасным свеце крытычна важна гаварыць так, каб аўдыторыя не проста слухала, а сапраўды чула цябе».

Красамоўства – гэта не прыродны дар, а вынік працы і шчырасці. Сваімі выступленнямі ўдзельнікі даказалі, што аратарам можа стаць кожны, калі ў яго сэрцы жыве любоў да слова.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота Ірыны МЕШКІНАЙ

Поделиться

Вам может также понравиться...