Тут гадуюцца дынастыі: 80 год Купалаўскаму ўніверсітэту і 80 год, аддадзеных на яго карысць сям’ёй Марозавых
Праца ў асяроддзі людзей высокаадукаваных, інтэлігентных, захопленых навукай і адданых педагагічнай справе, месцам канцэнтрацыі якіх з’яўляецца Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, фарміруе маральныя каштоўнасці і прафесійныя якасці цэлых дынастый. 80 год Купалаўскаму ўніверсітэту і 80 год, аддадзеных на яго карысць сям’ёй Марозавых.
Напрацягу амаль 58 гадоў жыццё ўніверсітэта, яго гісторыя разгортваецца на вачах Святланы Марозавай, а з 1972 года – і з яе непасрэдным удзелам. Яе бацька, родапачынальнік навуковай дынастыі Купалаўцаў – філолаг Валянцін Іванавіч Марозаў – у Гродзенскі педагагічны інстытут размеркаваўся ў 1962 годзе пасля заканчэння аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1972 годзе Валянцін Іванавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю “Асаблівасці мовы твораў Францішка Багушэвіча” і за дваццаць гадоў працы прайшоў шлях ад асістэнта, выкладчыка да загадчыка кафедры беларускай мовы і дэкана філалагічнага факультэта.
– Спачатку наша сям’я жыла ў інтэрнаце на вуліцы Сацыялістычнай, – дзеліцца ўспамінамі Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. – На першых паверхах інтэрната сялілі да атрымання кватэр новапрыбылых на працу па размеркаванні або па запрашэнні выкладчыкаў, на трэцім – студэнтаў-філолагаў. За першы год я пазнаёмілася з усімі бацькавымі калегамі-суседзямі. Сярод іх быў і кампазітар Антон Валынчык, у гонар якога сёння на будынку вучэбнага корпуса факультэта мастацтваў і дызайну размешчана мемарыяльная шыльда.
З гэтага часу Святлана і акунулася ў атмасферу інстытуцкага жыцця. Паводле яе ўспамінаў, бацька сябраваў з Адамам Мальдзісам і Уладзімірам Караткевічам. Пасля абароны бацькам кандыдацкай дысертацыі яны прыехалі ў госці. Адам Мальдзіс падарыў бацьку кніжку, у якой Уладзімір Караткевіч напісаў вершаваныя
радкі:
За мову Багушэвіча –
Падзяка Караткевіча.
Не церніі, а розы
Мы дорым В. Марозаву.
А затым, не адрываючы рукі, намаляваў шарж – партрэт свой і Адама Мальдзіса. Кніжка з іх аўтографамі і сёння захоўваецца ў хатняй бібліятэцы.
Святлана Валянцінаўна ўспамінае, што інстытут у 60–70-я гады быў невялікі. У ім працавала няшмат выкладчыкаў, таму ўсе адзін другога ведалі; студэнты вучыліся ў корпусе – будынку былой Марыінскай гімназіі.
Уваход быў праз двухстворкавыя дзверы з казырком на каваных металічных кранштэйнах. Адкрыццё галоўнага корпуса, які дабудавалі ў 1967 годзе, стала вялікай гарадской падзеяй. Культурнае жыццё інстытута было вельмі насычаным: агульнаінстытуцкія вечары з нагоды розных святаў, юбілейныя, спартыўныя – з урачыстым пасяджэннем, канцэртам і абавязкова студэнцкай дыскатэкай. Двойчы на год Святлана з бацькам прымалі ўдзел у дэманстрацыях. Асабліва дзяўчыне запомніліся першамайскія, з сонцам, цяплом, першымі зялёнымі лісточкамі на дрэвах.
У 1972 годзе Святлана Марозава паступіла на гістарычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Спачатку хацела ісці на філалагічны, але маці, таксама філолаг, адгаварыла, маўляў, хопіць нам у сям’і двух філолагаў.
– Маімі выкладчыкамі былі прафесары Барыс Фіх, Якаў Мараш, Міхаіл Жарскі, Сяргей Габрусевіч, Іван Крэнь, Іван Коўкель, Фелікс Налівайка, Уладзімір Міхнюк… яны сталі легендамі гістарычнага факультэта. Некаторыя з іх, а таксама прафесары Міхаіл Ткачоў, Барыс Клейн потым сталі маімі старэйшымі калегамі. А з Сяргеем
Габрусевічам мы нават напісалі і ў 2005 годзе выдалі кнігу пад назвай “Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына”.
Шлях у навуку і адпаведна ў выкладчыцкую дзейнасць пачаўся для Святланы Валянцінаўны са студэнцкага краязнаўчага навукова-даследчага гуртка “НіКа”, які ў 1955 годзе заснаваў прафесар Якаў Навумавіч Мараш. Гурток і сёння існуе пры кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Многіх
сваіх выпускнікоў ён пусціў у вялікую навуку. Гэта адзіны ў нашай краіне студэнцкі гурток з 65-гадовай гісторыяй. У 2007 годзе за сваю плённую дзейнасць ён быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
– Дзякуючы ўніверсітэту, гісторыя для мяне спалучылася ў адзінае і як вучэбная дысцыпліна, і як навука, і як хобі. А гэта і ёсць прафесійнае шчасце. Яно ж – важны складнік жыццёвага шчасця наогул.
Трэцяе пакаленне ўніверсітэцкіх выкладчыкаў з дынастыі Марозавых у асобе Сяргея Паўлавіча, дацэнта
кафедры журналістыкі, аказалася пакаленнем творчым і рознабаковым. З маленства мама, Святлана Марозава,
брала Сяргея на работу ва ўніверсітэт, на святочныя мерапрыемствы. Такім чынам ён плаўна і натуральна
ўвайшоў у жыццё купалаўцаў. Нягледзячы на тое, што ўнук знакамітага філогага асабіста не быў знаёмы са сваім дзядуляй, але яго ўплыў быў таксама вельмі адчувальны пры выбары жыццёвага шляху:
– Я чуў добрыя словы ў адрас дзеда ад людзей, якія асабіста яго ведалі. Таму, як мінімум, была адказнасць, не хацелася падвесці і сапсаваць яго добрае імя.
Сяргей расказаў, што на момант выбару яго месца ў свеце і альтэрнатывы не было, акрамя гістарычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Хаця, прызнаўся, спачатку ўпіраўся, было жаданне, напэўна, як і ва ўсіх падлеткаў, з’ехаць ад бацькоў як мага далей.
Пазней, па словах Сяргея Марозава, было прыкладзена шмат намаганняў, каб не застацца на ўсё жыццё сынам вядомай Марозавай. Хацелася мець сваё аўтарытэтнае імя. Захапленне фатаграфіяй, якое з цягам часу з хобі перарасло ў нешта большае – прафесію, стыль жыцця, тое, што прыносіць асалоду, і стала яго індывідуальнай адметнасцю. І калі напрыканцы аспірантуры Сяргею прапанавалі на кафедры журналістыкі выкладаць фотадысцыпліны, ён з радасцю пагадзіўся:
– Праца на пасадзе выкладчыка ўніверсітэта мне заўсёды падабалася. Я назіраў за мамай і бачыў, што яна заўсёды маладая душой, разбіраецца ва ўсіх моладзевых трэндах і ў любым узросце разумела мяне. Напэўна, праца з моладдзю не дазваляе закасцянець. А па-сапраўднаму адчуў сябе прадаўжальнікам родавай прафесіі, калі абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Прафесар гісторыі Святлана Марозава звязала першае і трэцяе пакаленне выкладчыкаў Марозавых, якім лёсам не дадзена было сустрэцца. Але нягледзячы на тое, усе тры пакаленні злучыліся ў адзінае цэлае дзякуючы імкненню да ведаў, гуманітарнай сферы, даследчай дзейнасці, працы на карысць роднай Беларусі і Купалаўскаму ўніверсітэту.
Таццяна СУШКО.
Фота з асабістага архіва МАРОЗАВЫХ