Беларуская купаланіяна ў літаратуры і кіно

Вобраз Янкі Купалы – яркая і глыбока сімвалічная з’ява ў нацыянальнай мастацкай прасторы. Яму прысвечаны вершы і п’есы, музычныя, кінематаграфічныя, жывапісныя і графічныя работы. Ён заняў годнае месца ў творах беларускіх дзеячаў мастацтва.

Спектакль «Янка Купала. Кругі раю»

Літаратурная Купаланіяна пачала стварацца яшчэ пры жыцці беларускага класіка. Да 25-годдзя Купалавай творчасці быў прымеркаваны верш Якуба Коласа «Янку Купалу» (1930), у якім аўтар дакладна акрэсліў знакавую ролю свайго калегі і сябра ў жыцці беларускага народа:

Грымеў твой кліч, іскрылася крыніца

Адточаных, як меч, і выкаваных слоў.

У словах тых было –

Нядоля наша, зло

І заклікі да яснай зараніцы.

І ў пазнейшыя гады Якуб Колас будзе адрасаваць Янку Купалу свае вершы, задушэўна згадае яго імя ў славутай паэме «Новая зямля»:

Мой мілы Янка, мой Купала!

Ў агульны вір нас доля ўгнала.

Чаму ж, чаму часінай тою

Мы не спаткаліся з табою,

Каб стол сялянскага банкету

Развесяліў душу паэту?

Аповесць З. Бандарынай

Да паэтычных прысвячэнняў беларускаму песняру неўзабаве далучацца іншыя аўтары. Іх вершы ўпершыню будуць сабраны пад адной вокладкай у зборнік «Янку Купалу», які з’явіцца ў друку ў 1949 годзе.

Першая спроба стварэння вобраза Янкі Купалы ў празаічным жанры належыць Зінаідзе Бандарынай (дарэчы, ураджэнкі г. Гродна), якая ўвасобіла вобраз песняра ў аповесці «Ой, рана на Івана…», дзе апавядалася пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка. Кніга выйшла ўпершыню ў 1956 г., перавыдавалася ў 1961, у 1979 гадах. Прыкладна ў гэты ж час да вобраза беларускага класіка звярнуўся Алесь Есакоў, які выдаў кнігу «Зерне да зерня»: абразкі з жыцця Янкі Купалы» (1977). Абодва прыклады апісваюць прыблізна адзін перыяд жыцця пісьменніка – станаўленне яго творчасці, і ў абедзвюх кнігах над біяграфічным матэрыялам пераважала сацыяльная тэматыка.

100-гадовы юбілей Янкі Купалы, які прыпадаў на 1982 год, актывізаваў высілкі творцаў па стварэнні вобраза беларускага песняра. Паказальны ў гэтым плане зборнік вершаў «Нам засталася спадчына» (1982), у якім сабрана каля 30 паэтычных твораў пісьменнікаў розных пакаленняў. Прадмову да кнігі напісала літаратуразнаўца Марыя Барсток. Яна падкрэсліла разнастайнасць ракурсаў у асвятленні вобраза Янкі Купалы, індывідуальнасць кожнага аўтарскага бачання.

Раман
«Як агонь, як вада»

Важнай падзеяй таго часу стаў выхад кнігі «Янка Купала» ў знакамітай серыі «Жизнь замечательных людей» (Лойко Олег. Янка Купала. – Москва, 1982). Гэта быў першы ў беларускай літаратуры біяграфічны раман-эсэ. Яго аўтар Алег Лойка, навуковец і паэт, тады выкладаў ва ўніверсітэце беларускую літаратуру, шмат пісаў пра Купалу, сустракаўся з людзьмі, што ведалі пісьменніка. Аднак выкарыстаць належным чынам увесь вядомы яму матэрыял пра Янку Купалу А. Лойка не мог: да многіх падзей і асоб, што былі звязаны з пісьменнікам, грамадства таго часу ставілася неадназначна. У беларускім варыянце раман называўся «Як агонь, як вада» (1984) – гэта ад слоў верша Купалы «За свабоду сваю ўсёй душой пастаю: у агонь, у ваду я за ёю пайду». На пачатку 1990-х А. Лойка перапісаў раман, дадаўшы сто старонак і змяніўшы трактоўкі некаторых падзей (падрабязна пра гэта можна прачытаць у артыкуле М. М. Улашчык «Кніга пра Янку Купалу»).

У драматургіі першым увасобіў вобраз Янкі Купалы Уладзімір Караткевіч у сацыяльна-філасофскай драме «Калыска чатырох чараўніц» (1982), дзе таксама апавядаецца пра дзіцячыя і юнацкія гады ппісьменніка. У 1982 годзе п’еса была пастаўлена ў мінскім Тэатры юнага гледача і тады ж апублікавана ў часопісе «Маладосць». Чатыры чараўніцы – Белая, Блакітная, Залатая і Чорная – вяшчуюць будучаму песняру яго выключны і таму нялёгкі лёс. Як канстатуюць даследчыкі, У. Kapaткeвiч удала пepaплятае ў творы адзнакі paмaнтычнага, pэaлicтычнага i ciмвaлiчнага стылю. Maгчымa, гэтaя пaлiтpa aбyмoўлeнa ciнтэтычнacцю пaэтычнaгa cтылю caмoгa Kyпaлы, дa acoбы якoгa звяpнyўcя дpaмaтypг.

У наступныя гады вопыт Караткевіча быў удала скарыстаны іншымі драматургамі і рэжысёрамі. У чэрвені 2007 года адбылася прэм’ера спектакля «Сны аб Беларусі», пастаўленага рэжысёрам Уладзімірам Савіцкім у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы па п’есе У. Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» і па творах Янкі Купалы (урыўкі з вершаў, паэмаў «Яна і я», «На куццю», «Сон на кургане», «Адвечная песня», «На папасе», драмы «Раскіданае гняздо»). Пастаноўка была прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. У аснове сюжэтнай лініі спектакля – працэс творчага станаўлення паэта, нараджэння сапраўднага генія. Перад гледачом паўстаюць усе найбольш значныя падзеі і персанажы жыцця Янкі Купалы з дзяцінства і да сталасці, якіх ён бачыць у сне ў сваю апошнюю ноч.

Да наступнага юбілею песняра, які адзначаўся ў 2012 г., у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі гледачам быў прадстаўлены спектакль «Янка Купала. Кругі раю» ў пастаноўцы рэжысёра Святланы Навуменка. У п’есе быў актыўна выкарыстаны музычны і літаратурны матэрыял, гучала жывое вакальнае выкананне. Спектакль уяўляў сабой поўнамаштабную гістарычную драму з вобразам Янкі Купалы ў цэнтры. Аўтарам тэксту ў «Кругах раю» выступіла сама рэжысёр.

Зборнік вершаў пра
Купалу і Коласа

Да 130-годдзя Янкі Купалы драматургам Анатолем Дзялендзікам была створана лірычная драма «Сцежкамі кахання», прэм’ерны паказ якой адбыўся ў ліпені 2012 г. на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра. У аснову п’есы аўтарам пакладзена тэма кахання, распрацаваны сюжэт пра няпростыя адносіны Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі. Напрыканцы сезона 2018 г. Беларускі музычны тэатр прадставіў спектакль «Жыццё і смерць Янкі Купалы», драматургічнай асновай для якога таксама стала п’еса Анатоля Дзялендзіка «Сцежкамі кахання».

Надзвычай багатая дакументалістыка пра Янку Купалу. Яшчэ ў савецкія часы выйшлі хранікальнадакументальны фільм «А зязюля кувала» (1972), тэлефільм «Паклон, мой народу, за песні» (1982). Пазней у гэтым пераліку з’явяцца дакументальныя фільмы «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купалу» (1993).

У новым ХХІ стагоддзі купалаўскую дакументалістыку папоўніла стужка «Янка Купала. Безназоўнае» (2002). Фільм, створаны па замове тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы да 120-годдзя з дня нараджэння паэта, спрабуе раскрыць таямніцу загадкавай смерці выдатнага беларускага паэта. Фільм «Янка Купала… Я адплаціў народу», пастаўлены ў 2012 годзе рэжысёрам Сяргеем Лук’янчыкавым, быў прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка. І яшчэ адзін дакументальны фільм «Янка Купала» быў зняты на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» (студыя «Летапіс») па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе.

Мастацкі фільм «Купала», у якім падаецца сучаснае асэнсаванне велічы і трагічнасці лёсу песняра, пакуль што завяршае беларускую кінакупаланіяну. Прэм’ерны паказ стужкі прайшоў 14 лістапада 2020 года на пляцоўцы міжнароднага фестывалю кіно краін Садружнасці «Маскоўская прэм’ера». Публіцы карціну прадставілі рэжысёр Уладзімір Янкоўскі і члены здымачнай групы.

Беларуская Купаланіяна працягвае сваё развіццё. Думаецца, 2022 год дасць узор новых мастацкіх твораў, якія стануць трывалым падмуркам у непарушным помніку памяці славутаму песняру:

Яго – няма… а песні следам

Штогод – усё мацней звіняць.

І сам ён – звонкая легенда.

Якой і рэху не абняць.

Ты для нашчадкаў у жыцці

Вялікіх спраў зрабіў нямала.

Жывым табе ў вякі ісці

З тваім народам, наш Купала.

(Валянцін Таўлай)

Святлана ТАРАСАВА, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі.

Поделиться

Вам может также понравиться...