Ветэранская арганізацыя ГрДУ імя Янкі Купалы адзначыла юбілей

3-га лютага ветэранская арганізацыя ГрДУ імя Янкі Купалы адзначыла юбілей – 30 год са дня ўтварэння

Пярвічная ветэранская арганізацыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы была заснавана ў 1987 годзе пры актыўнай падтрымцы ўдзельнікаў вайны, грамадскіх арганізацый і рэктара ўніверсітэта А.В. Бадакова. У арганізацыю ўвайшлі 79 чалавек, у тым ліку 33 ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, 2 ветэрана Савецкай арміі, 4 чалавекі, узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй», і 25 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Старшынёй быў абраны баявы афіцэр П.В. Васільеў. Акрамя яго ў Савет ветэранаў увайшлі яшчэ 9 чалавек: Г.А. Марціросаў – намеснік старшыні і член Савета, А.М. Шышко, А.А. Харытонаў, І.М. Сцяпура, С.В. Кандрацьева, Ф.В. Лепін, Ф.В. Румянцава, Е.В. Асокіна і І.М. Гарбачоў. З 10 членаў Савета 9 былі ўдзельнікамі вайны. Першы Савет ветэранаў універсітэта заклаў фундамент ветэранскай арганізацыі, на якім яна расце і ўдасканальваецца па сённяшні дзень. П.В. Васільева выбіралі старшынёй арганізацыі 4 разы. У студзені 1996 года ветэранскую арганізацыю ўзначаліў М.В. Васілючак.

У сваёй працы ветэранская арганізацыя ўніверсітэта кіруецца Статутам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Галоўнай задачай арганізацыі, як значыцца ў Статуце, з’яўляецца клопат аб ветэранах, асабліва аб інвалідах, салдацкіх удовах, адзінокіх грамадзянах, а таксама садзейнічанне паляпшэнню іх матэрыяльна-бытавых умоў. Нямала робіцца і для тых ветэранаў, хто не працуе: рэктар універсітэта і прафкам рэгулярна аказваюць ім дапамогу, запрашаюць на мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўніверсітэце і за яго сценамі.

З першых дзён утварэння ветэранскай арганізацыі яе члены мелі вялікі аўтарытэт як сярод студэнтаў, так і сярод прафесарскавыкладчыцкага калектыву. У наш склад уваходзілі два ўдзельнікі парада Перамогі на Краснай Плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года – Герой Савецкага Саюза І.Д. Лебедзеў і А.А. Харытонаў. Іх паважалі ва ўніверсітэце, асабліва наша студэнцкая моладзь.

На працягу 30 гадоў ветэранская арганізацыя расла як колькасна, так і арганізацыйна. Думкі і прапановы яе членаў, як правіла, атрымлівалі падтрымку калектыва і кіраўніцтва ўніверсітэта. Так, на агульным сходзе ветэранаў у сакавіку 1993 года разгарнулася вострая дыскусія па пытаннях закона Рэспублікі Беларусь аб ветэранах і іх пенсійнным забеспячэнні. Многія выступоўцы выказвалі свае прапановы па ўдасканаленні закона. Выступалі і ўдзельнікі вайны, у тым ліку прафесар С.В. Кандрацьева, П.В. Васільеў, В.Ф. Ваньшын, А.М. Шышко, І.І. Пракоп’еў. Таксама выступіў і рэктар А.В. Бадакоў. Былі ўнесены канкрэтныя прапановы па паляпшэнні пенсійнага забеспячэння.

Ветэранская арганізацыя ГрДУ імя Янкі Купалы на працягу ўсяго перыяда свайго існавання прымала актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў нашай дзяржаве, горадзе, універсітэце. Найбольш значнымі для нас сталі святкаванні 60-годдзя і 70-годдзя вызвалення Беларусі і савецкага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта знакавая падзея для нашай краіны, дзе ў гарніле вайны загінула больш за 2 мільёны чалавек. Ветэраны ўнеслі ўклад у выхаванне патрыятызму ў маладога пакалення: праводзілі сустрэчы моладзі з ўдзельнікамі вайны, арганізоўвалі навуковыя канферэнцыі, дзе выступалі студэнты. Актыўнымі ў справе выхавання моладзі былі І.І. Пракоп’еў, В.Ф. Ваньшын, І.М. Сцяпура, А.І. Яроцкі, В.І. Атрэшчэнкаў. Іх артыкулы пра суровыя гады вайны друкаваліся ва ўніверсітэцкай газеце.

Значную работу праводзілі ветэраны ў час выбарных кампаній, асабліва ў выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тут неабходна назваць такіх актывістаў, як У.Я. Ягорычаў, У.М. Сытых, Л.І. Панькова. Можна прыводзіць нямала прыкладаў добрасумленных адносінаў ветэранаў да працы – гэта норма іх жыцця.

Ва ўніверсітэце шмат зроблена для ўвекавечвання памяці як ветэранаў – удзельнікаў вайны, так і працуючых. Вялікі ўклад у гэта ўнёс нязменны кіраўнік і дырэктар Музея гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы У.М. Сытых, які ўваходзіць у склад Савета ветэранаў універсітэта. Ён зняў больш за 30 дакументальных кінафільмыў. Некалькі з іх прысвечаны ветэранам вайны: Герою Савецкага саюза І.Д. Лебедзеву, акадэміку А.І. Яроцкаму, В.І. Атрэшчанкаву, І.Я. Лепешаву і іншым. Створаны кінафільм пра ветэранскую арганізацыю ўніверсітэта і яе ганаровага старшыню. Спадзяемся, што будзе знята яшчэ нямала дакументальных стужак пра нашых ветэранаў, якія сваёй працай заслугоўваюць гэтага.

З 2007 года ветэраны, якія мелі не менш за 30 гадоў непрырыўнага стажу работы ва ўніверсітэце, атрымалі статус ветэрана Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Першымі ветэранамі ўніверсітэта сталі Л.У. Кірылюк, І.М. Сцяпура, А.І. Смалякоў, Б.К. Дзьячкова, У.А. Нядзелька. У 2013 годзе было ўведзена званне Ганаровы ветэран. Сёння ганаровымі ветэранамі з’яўляюцца тыя, чый непрырыўны стаж складае 35 і больш гадоў. Значны ўклад у развіццё ўніверсітэта, у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў належыць ветэранам, якія працуюць да сённяшняга дня. Гэта І.П. Мартынаў, А.М. Петкевіч, І.В. Гушчын, В.П. Таранцей, В.Н. Чарапіца і іншыя.

Сёння ў склад ветэранскай арганізацыі ўваходзяць 405 чалавек – за гады існавання аб’яднанне вырасла больш чым у 4 разы. У гэтым ёсць заслуга Савета ветэранаў, які абіраўся 10 разоў. Б.К. Дзьячкова абіралася 5 разоў, па 3 разы і больш абіраліся К.У. Крыжаноўскі, І.М. Сцяпура, Л.М. Хутарская, М.А. Зянькова, К.А. Мандрык і іншыя.

30-гадовы юбілей ветэранскай арганізацыі ўніверсітэта – гістарычна важны рубеж як у жыцці гэтага аўтарытэтнага аб’яднання, так і ўсяго ўніверсітэта. За гады сваёй дзейнасці ветэранская арганізацыя значна вырасла, умацавала структурныя падраздзяленні. Яе ведаюць у Гродзенскім універсітэце, а таксама ў горадзе і вобласці. Поспехі нашага аб’яднання – вынікі працы ўсяго калектыву навучальнай установы, рэктарата і прафкама, якія рэгулярна аказваюць як маральную, так і матэрыяльную дапамогу. Ветэранская арганізацыя таксама атрымлівае дапамогу ад Ленінскай раённай, гарадской і абласной ветэранскай арганізацый. Клопат аб ветэранах дапамагае сталым людзям адчуваць сябе патрэбнымі і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.

Міхаіл ВАСІЛЮЧАК, ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, ганаровы старшыня ветэранскай арганізацыі ГрДУ імя Янкі Купалы

Поделиться

Читайте также: