Янка Купала – за кафедрай кнігавыдачы

15 верасня ў нашай краіне ўрачыста адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта прафесійнае свята ўведзена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 года 483. У аснову пакладзена важная падзея ўтварэння Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 15 верасня 1922 года (сто гадоў таму назад), з чаго выраслі, адасобіліся, размежаваліся, узаемадапоўніліся і ўзаемаўзбагаціліся гэтак званы Алмаз ведаў Нацыянальная бібліятэка Беларусі (да 19 мая 1992 года Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна) і падстаць ёй Фундаментальная бібліятэка БДУ. Але айчынная бібліятэчная справа фарміравалася і раней. Адным з найбольш яскравых роданачальнікаў беларускай нацыянальнай бібліятэчнай справы зарэкамендаваў сябе Янка Купала, 140-годдзе з дня нараджэння якога супадае з правядзеннем маштабнага Года гістарычнай памяці. У 1908–1909 гадах паэт працаваў у знакамітай Віленскай прыватнай бібліятэцы-чытальні Барыса Даніловіча «Веды» бібліятэкарам на абанеменце. Гэта гучала горда, уяўляла сабой даволі прэстыжную, нават элітную спецыяльнасць. Бібліятэкар традыцыйна ўжо ўспрымаўся-ўшаноўваўся як чыноўнік дастаткова высокага рангу. Да абслугоўвання чытачоў за рэдкім выключэннем тады дапускаліся асобы толькі мужчынскага полу. У пецярбургскі перыяд свайго жыцця з 1909 да 1913 года Іван Луцэвіч спрыяў стварэнню дэмакратычных масавых бясплатных народных бібліятэк імя Фларэнція Паўленкава ў Беларусі. У 1919 годзе ў Мінску геній прыгожага і сацыяльна значнага пісьменства займаў пасаду загадчыка бібліятэкі пры знакавай культурна-асветнай арганізацыі «Беларуская хатка».  

Літаратурны феномен Янкі Купалы (сапраўднае Іван Дамінікавіч Луцэвіч) дапаўняўся і ўзбагачаўся цягай паэта да бібліятэчнай справы, а талент мастака слова дапамагаў яму ў бібліятэчнай дзейнасці. Бібліятэказнаўчыя і кнігазнаўчыя інтарэсы Івана Луцэвіча, іх рэалізацыя заслугоўваюць пільнай увагі.

Вытокі бібліятэчных памкненняў Янкі Купалы крыюцца ў дзіцячым узросце. Сям’я Луцэвічаў жыла побач з сядзібай удзельніка паўстання 1863 года Зыгмунта Чаховіча, які ў свой час быў пакараны і сасланы ў Сібір. Вярнуўся, меў вялікую і каштоўную асабістую бібліятэку. Зыгмунт Чаховіч прадаставіў падлетку Янку магчымасць карыстацца рэліквіямі свайго ўнікальнага кнігазбору. Сябр Янкі Купалы вядомы беларускі і рускі бібліятэказнавец і літаратуразнавец Яўген Хлябцэвіч (родам з Жыровіч Слонімскага павета Гродзенскай губерні) у сваім неапублікаваным артыкуле «Янка Купала, книги и библиотеки» (рукапіс захоўваецца ў асабістым архіве Я. І. Хлябцэвіча, перададзеным Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі) адзначыў, што менавіта тут, у Чаховіча, будучы паэт «адчуў “смак” да бібліятэкі».

У чаховічскім кнігасховішчы была грунтоўная для свайго часу даведачна-інфармацыйная літаратура: слоўнікі, энцыклапедыі, бібліяграфічныя дапаможнікі і паказальнікі. У дадзенай бібліятэцы былі прадстаўлены многія галіны навукі, дапаможнікі для самаадукацыі па самых розных кірунках, найперш літаратуразнаўству, псіхалогіі, гістарыяграфіі. Тут было можна даведацца пра сусветную гісторыю і культуру, сівую даўніну Старажытнай Русі, Польскай Кароны, Вялікага Княства Літоўскага, пра больш блізкае мінулае Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі, сучасны стан краю і акаляючых дзяржаў.

У адкрытай для Яся Луцэвіча ўласнай бібліятэцы Зыгмунта Чаховіча належным чынам захоўвалася мастацкая літаратура: як сусветная, так польская, руская. Падборку шэдэўраў аб’ядноўвалі высокі ўзровень мастацкасці, глыбокі сэнс і свабодалюбівыя матывы зместу. Гэта былі творы Марыі Канапніцкай, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава і іншыя, словам, усе тыя, што калісьці хвалявалі бунтарскую натуру дапытлівага, духоўна і матэрыяльна багатага, але няўрымслівага па характару памешчыка Чаховіча.

Безумоўна, Янка Купала знаходзіў у чаховічскай бібліятэцы і абсалютна нелегальную літаратуру, надзвычай палымяныя палітычныя памфлеты і сачыненні (розных аўтараў і ананімныя), свежыя мастацка-публіцыстычныя рэчы маладога расійскага «буревестника» Максіма Горкага.

Зыгмунт Чаховіч старанна дапамагаў Івану Луцэвічу авалодаць метадалогіяй і методыкай чытання, разумна і педагагічна выверана спрыяў падапечнаму ў складанні аператыўнага і перспектыўнага планаў чытання. Варта ўлічваць, што і сам Чаховіч увесь час паглыбляў веды, шмат чытаў, пісаў уласныя мемуары. І ён не мог не пазнаёміць прагнага да навукі і творчасці хлопца Янку з дзівосным, чароўным і магутным светам мастацкіх, навуковых і навукова-папулярных кніг.

Гродзенскі купалазнавец Франц Гінтаўт у сваім даследаванні «З картатэкі памяці» (Гродна: ГрДУ, 2000) выдатна патлумачыў ролю чаховічскай бібліятэкі ў развіцці бібліятэчнай іпастасі Івана Луцэвіча: «Пасля знаёмства з бібліятэкай у свайго апекуна ў Малых Бясядах (месца знаходжання бібліятэкі Чаховіча, гэта побач з Селішчам, дзе жыла сям’я Луцэвічаў. – М. П.) Ясю Луцэвічу было лёгка ўладкавацца і працаваць у Віленскай бібліятэцы».

Янка Купала ў перыяд працы ў Віленскай бібліятэцы-чытальні Барыса Даніловіча «Веды». Вільня, 1908 год

У 1908–1909 гадах малады паэт Янка Купала ажыццяўляў функцыянальныя абавязкі бібліятэкара аддзела абанемента ў высокага еўрапейскага ўзроўню бібліятэцы-чытальні Барыса Даніловіча «Веды» у Вільні, кніжны фонд якой налічваў звыш 15 тысяч тамоў. Як падкрэсліваў у сваіх успамінах ужо ў пасляваенны час вільнюскі бібліятэчны дзеяч Леў Уладзіміраў (дакумент захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў г. Мінску), «тры чвэрці фонду Віленскай бібліятэкі-чытальні “Веды” складалі кнігі на рускай мове, астатнюю чвэрць – французская і нямецкая літаратура». Набыццё кніг на польскай мове бібліятэцы было забаронена, але, з другога боку, яна выпісывала ад 50 да 80 газет і часопісаў на рускай, французскай, нямецкай і польскай мовах.

Як прааналізаваў Леў Уладзіміраў, «дзякуючы шырокім сувязям з перадавымі кнігавыдавецтвамі і кнігагандлёвымі складамі бібліятэка “Веды” атрымлівала новую літаратуру ў першую чаргу і адразу ж накіроўвала яе чытачу. Пакуль непаваротлівая царская цэнзура вызначала “шкоднасць” якой-небудзь кнігі, уключала яе ў забаронныя спісы і цыркуляры, даводзіла іх да ведама мясцовых інспектароў і г. д., праходзіў пэўны адрэзак часу, магло пераваліць за год, і бібліятэка паспявала за гэты перыяд шырока пазнаёміць чытача з “крамолай”». Разам з тым, каб засцерагчыся ад закрыцця, бібліятэка дакладна і аператыўна выконвала ўсе ўказанні паліцэйскіх і цэнзурных органаў на конт зняцця з ужытку забракаванай імі літаратуры, у чым заключалася мудрасць тактыкі бібліятэчнага персаналу, які пры гэтым паспяхова і спакойна рабіў сваю справу далей, працягваючы несці перадавое ў масы. У каталогу белетрыстыкі актыўна прымянялася анатаванне. Сродкамі анатацыі мог як рэкамендавацца прагрэсіўны твор, так і выкрывацца рэакцыйны. Зрэшты, часцей у гэтым каталогу, каб пазбегнуць праследавання з боку царскіх улад, кансерватыўныя аўтары проста не ўдастойваліся анатацыі.

Віленскія арганізатары бібліятэкі «Веды» пранікліва і салідарна ставіліся да светапогляднай лініі пецярбургскага выдавецтва «Веды» і, назваўшы яго імем сваю бібліятэку, трансліравалі-дэманстравалі духоўную еднасць з ім. Кніжнае выдавецтва «Веды» ўзначальваў геніяльны рускі пралетарскі пісьменнік Максім Горкі. Яно выпускала творы самога Максіма Горкага, Аляксандра Серафімовіча, іншых дэмакратычных творцаў, альтэрнатыўную палітычную літаратуру, гэта значыць, сацыялістычную, антыцарскую, антыўрадавую. Кніжная прадукцыя выдавецтва «Веды» у вялікім аб’ёме пастаўлялася ў аднаімённую віленскую бібліятэку Барыса Даніловіча, якая ў свой час стала самай прагрэсіўнай масавай бібліятэкай у Беларусі.

Разумны, інтэлігентны, акуратна і з густам апрануты супрацоўнік даніловічскай бібліятэкі Іван Луцэвіч умеў даць тонкую параду пачынаючаму чытачу, аргументавана і пераканаўча рэкамендаваць новую кнігу пастаяннаму, здзейсніць для яго кампетэнтную бібліяграфічную даведку. Малады, сімпатычны бібліятэкар-інтэлектуал, стоячы за кафедрай кнігавыдачы, з характэрнай ветлівай усмешкай на твары з захапленнем дыскутаваў з чытачом аб прачытанай кнізе. Іван Луцэвіч хутка знаходзіў кантакт з кліентамі-наведвальнікамі, заўсёды быў уважлівым, карэктным, умела падбіраў літаратуру.

Працуючы ў бібліятэцы «Веды», Янка Купала адначасова супрацоўнічаў у аўтарытэтнай газеце роднага слова «Наша Ніва», быў членам яе рэдакцыі. Мяркуецца, што ў Віленскай бібліятэцы Барыса Даніловіча Купала адказваў за наяўнасць нацыянальнай літаратуры ў фондзе. На вітрыне бібліятэкі заўжды была вывешана беларуская газета «Наша Ніва». Бібліятэка імкнулася набываць усе новавыходзячыя выданні на беларускай мове, ашчадна фіксуючы іх у асобным інвентары.

Графічная замалёўка Барыса Малкіна «Бібліятэка Даніловіча». 1949 год. Дадзены графічны аркуш зберагаецца ў фондзе Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (г. Мінск)

Як і падабала сапраўднаму бібліятэкару, у вольны ад абслугоўвання чытачоў час Іван Луцэвіч сам шмат чытаў. Нярэдка ў яго нараджаліся новыя творчыя задумкі, і ён пісаў вершы. Прынамсі, падчас дзяжурстваў у бібліятэцы «Веды» узнікла многае з таго, што ўвайшло ў зборнік «Гусляр». Заўважыўшы літаратурныя захапленні Янкі Купалы, чулы Даніловіч распарадзіўся паставіць на абанеменце для зручнасці паэта спецыяльны столік, за якім Іван Луцэвіч і праводзіў вольныя ад выканання непасрэдных абавязкаў бібліятэкара хвіліны. Даніловіч добра разумеў, што гэта было патрэбна не толькі Купалу, літаратурнаму працэсу, але і бібліятэчнай справе.

Восенню 1908 года бібліятэкар Янка Купала ў Вільні пазнаёміўся з вядомым пецярбургскім бібліятэчным дзеячам Браніславам Эпімах-Шыпілам, які працаваў у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта, фактычна быў яе дырэктарам. У дадатак гэта быў шырокага профілю вучоны-гуманітарый, таленавіты выкладчык, заснавальнік і нязменны кіраўнік беларускага выдавецтва ў Пецярбургу «Загляне сонца і ў наша аконца». Браніслаў Эпімах-Шыпіла паспрыяў паступленню на агульнаадукацыйныя курсы Аляксандра Чарняева Івана Луцэвіча, на якіх ён вучыўся ў 1909–1913 гадах. У гэты час паэт жыў на кватэры ў свайго пецярбургскага сябра і настаўніка Эпімах-Шыпілы, хто ў яго распараджэнне аддаў асобны пакой.

У «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Мінск, 1997, т. 4, с. 306) пазначана, што ў пецярбургскі перыяд Іван Луцэвіч «працаваў у Публічнай (Імператарскай. – М. П.) бібліятэцы». Мы не знаходзім дакументальнага пацвярджэння акрэсленаму факту, але і адмаўляць не будзем.

У сталіцы Расійскай Імперыі Янка Купала цесна зышоўся з удзельнікамі Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Гурткоўцы часта праводзілі пасяджэнні на кватэры ў Браніслава Эпімах-Шыпілы, а ў адведзеным Купалу пакойчыку сабралі сваю бібліятэку, аснову якой склалі «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча, этнаграфічныя работы Паўла Шэйна, Аляксандра Сержпутоўскага, Еўдакіма Раманава, выйшаўшыя на той момант этнаграфічны і этналінгвістычныя выпускі манаграфіі Яўхіма Карскага «Беларусы» і іншыя. Бясспрэчна, усе гэтыя кнігі па беларусазнаўству былі заказаны ў Расійскай Акадэміі навук для бібліятэкі Беларускага гуртка ні без парады Івана Луцэвіча, у асабістай бібліятэцы каго яшчэ раней з’явіліся падобныя выданні. Янка Купала быў не толькі захавальнікам бібліятэкі пецярбургскага беларускага гуртка, але самым актыўным чытачом і прапагандыстам меўшыхся там кніг. Беларусазнаўчая, перадусім этнаграфічная (народазнаўчая), пры тым пераважна прадстаўнікоў міфалагічнай школы, літаратура дапамагала Івану Луцэвічу як паэту спасцігнуць новыя бакі духоўнага свету патэнцыяльных герояў сваіх твораў (сялян) і яму ж як бібліятэчнаму дзеячу – сфарміраваць уяўленне пра народных чытачоў, іх светапогляд, схільнасць да тых ці іншых чытацкіх густаў. Такая літаратура дапамагала вывучаць магчымыя чытацкія інтарэсы носьбітаў традыцыйнай народнай культуры і членам Беларускага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Бібліятэка гуртка была вядучым метадычным цэнтрам для беларускіх бясплатных вясковых бібліятэк імя прагрэсіўнага рускага кнігавыдаўца і мецэната Фларэнція Паўленкава.

Іван Луцэвіч рупліва і старанна ўдзельнічаў у пасяджэннях Беларускага навукова-літаратурнага гуртка па бібліятэчных праблемах. Янку Купалу было чым падзяліцца з гурткоўцамі на бібліятэказнаўчую тэматыку ў плане вопыту ажыццяўлення бібліяграфічнага пошуку, вядзення гутаркі з чытачом пры рэкамендацыі кнігі, па выніках прачытанага. Ні без уплыву Івана Луцэвіча ўдзельнікі ўніверсітэцкага Беларускага навукова-літаратурнага гуртка сталі супрацоўнічаць з выдавецтвам «Веды» і асабіста з Максімам Горкім з мэтай атрымання кніг рускіх аўтараў для бясплатных народных бібліятэк Беларусі. «Пры абмеркаванні наяўнасці кніг гэтых бібліятэк, – трапна заўважыў бібліятэказнавец Яўген Хлябцэвіч, – Янка Купала з жалем падкрэсліваў тады адсутнасць кніг на беларускай мове і аказваў усялякае садзеянне выданню гэтых кніг і папаўненню імі бібліятэк-чыталень імя Паўленкава ў Беларусі. Усе гэтыя бібліятэкі Янка Купала забяспечваў выданнямі беларускага выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, склад якіх знаходзіўся на кватэры, дзе жыў Янка Купала. Ён часта рэдагаваў некаторыя з гэтых выданняў (напрыклад, зборнікі “Маладая Беларусь”)» (часопіс «Полымя», 1952 год, № 6). Дзякуючы паўленкаўскім бібліятэкам беларускія сяляне ўпершыню атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творамі сваіх нацыянальных пісьменнікаў, гэтак званых народных заступнікаў, такіх ідэйна-мастацкіх глыб, як Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Францішак Багушэвіч і іншыя, з першымі беларускімі газетамі «Наша Доля», «Наша Ніва».

Янка Купала з удзельнікамі Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта пасля пастаноўкі п’есы «Паўлінка» у падтрымку беларускіх народных бібліятэк. Санкт-Пецярбург, 1913 год. Арыгінал здымка, крыху пашкоджаны чарнілам, захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (г. Мінск)

Група студэнтаў-беларусаў наладжвала вечарыны і канцэрты, значная частка збораў з якіх адлічвалася на літаратуру для вясковых бібліятэк роднага краю. Сярод удзельнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка Пецярбургскага ўніверсітэта была свая акцёрская трупа, якая ставіла (у тым ліку дзеля вышэйзгаданых бібліятэк) на беларускай мове спектаклі па творах Антона Чэхава, Элізы Ажэшкі, Янкі Купалы. У Пецярбургу не толькі ва ўніверсітэце, а і ў астатніх навучальных установах займалася шмат маладых людзей з Беларусі. Сярод пецярбургскага пралетарыяту таксама было нямала рабочых-беларусаў. І найбольшую цікавасць у нацыянальна свядомай грамадскасці выклікалі спектаклі па п’есах Янкі Купалы. Захаваўся фотаздымак, зроблены ў 1913 годзе пасля прэм’еры камедыі «Паўлінка», на якім разам з акцёрамі, пастаноўшчыкамі, Яўгенам Хлябцэвічам як ініцыятарам афармлення Беларускага гуртка, актыўным стваральнікам і галоўным ідэолагам народных бясплатных бібліятэк сфатаграфаваны ў цэнтры і выразнік народных дум і памкненняў легендарны Янка Купала. Істотная доля грашовай выручкі з такіх мерапрыемстваў ішла на набыццё кніг для паўленкаўскіх бібліятэк Беларусі.

Ключавой задачай Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта была асвета насельніцтва Паўночна-Заходняга краю шляхам стварэння народных бібліятэк. Таму ў 1912 годзе Янка Купала адрасаваў абнадзейліваму маладзёжнаму аб’яднанню высакародны верш-прысвячэнне «Прарок», які ўпершыню быў надрукаваны ў адпаведным справаздачным зборніку гуртка. Лірычны герой верша «Прарок» паўставаў як незвычайны самаахвярны рамантык, узвышана-святы ідэаліст, можна мовіць, шчыры, паслядоўны і адданы бібліятэкар-асветнік, заўзяты кніжнік, смелы, рашучы прапагандыст і папулярызатар грамадска карысных ведаў, будзіцель самых звычайных і простых людзей да лепшай долі, прыгожага, заслужанага і справядлівага шчасця.

Арганізацыя народных бібліятэк у Беларусі была перапынена Першай сусветнай вайной. Аднак і ў перыяд ліхалецця Іван Луцэвіч дбаў пра нізавы, чыста народны бібліятэчны рух. Янка Купала па просьбе сяброў-аднадумцаў ахвотна высылаў у тую ці іншую перасоўную бібліятэку народнага кшталту, прыстасаваную да франтавых умоў, рэдагуемую ім тады агульнанародную газету «Наша Ніва», выдадзеныя зборнікі сваіх твораў. Чытанне яго вершаў сярод салдат, санітараў і фельдшароў нагадвала ім вобразы роднага кута, малой радзімы, псіхалагічна настройвала на каштоўнасці мірнага жыцця і іх абарону.

У 1919 годзе Іван Луцэвіч пасяліўся ў Мінску, стаў працаваць загадчыкам бібліятэкі пры «Беларускай хатцы», паведамленне аб чым знаходзім у ліставанні літаратара з незабвенным прафесарам Браніславам Эпімах-Шыпілам. У абазначаны час паэт шмат хварэў, па прычыне чаго не змог пакінуць прыкметны след у бібліятэчнай справе на новым этапе, і таму, відаць, аналітычна-даследчыцкая інфармацыя пра яго работу на згаданай пасадзе бадай адсутнічае. Тым не менш разважанні пра бібліятэчную місію Янкі Купалы ў іншыя моманты дазваляюць стварыць цэласную карціну пра яго заслугі ў гэтай сферы.

Бібліятэчная дзейнасць Песняра Беларусі была шматграннай, запатрабаванай эпохай, асветнай і дэмакратычнай, скіраванай на забеспячэнне шырокай даступнасці кнігі, ведаў і адукацыі, на фарміраванне патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай і чалавечай годнасці «тутэйшых», намерыўшыхся беларусамі і «людзьмі звацца».

Міхаіл ПАЖАРЫЦКІ,

бібліятэкар І катэгорыі аддзела абслугоўвання

навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы

Поделиться

Вам может также понравиться...