У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў Тыдзень роднай мовы
У межах Тыдня роднай мовы, які праходзіў па ўсёй краіне з 16 па 23 верасня, адбылося шмат цікавых падзей і ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэта акцыі і конкурсы, сустрэчы і кніжныя тэматычныя выставы, а таксама іншыя мерапрыемствы.
Своеасаблівым імпульсам, які запусціў цэлую серыю мерапрыемстваў да Тыдня беларускай мовы, стала рэспубліканская дыктоўка, якая адбылася напярэдадні Дня народнага адзінства і была прымеркавана менавіта да гэтага свята. Дыктоўку ў Купалаўскім універсітэце напісалі на ўсіх факультэтах, а таксама ў каледжах нашага ўніверсітэта. Праверыць сябе мог любы ахвотны.
Як вядома, Купалаўскі ўніверсітэт актыўна супрацоўнічае са школамі горада і рэгіёна. У межах такога супрацоўніцтва адбылася экскурсія ў навуковую бібліятэку вучняў СШ №28 г. Гродна. Падчас сустрэчы школьнікі пазнаёміліся з кніжнымі фондамі, даведаліся пра першага народнага паэта Беларусі Янку Купалу, паўдзельнічалі ў займальнай віктарыне.
У філіялах навуковай бібліятэкі былі арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы: «“Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова” (Н.Гілевіч): сучасная беларуская літаратурная мова на кніжных паліцах» і «Сэрцам роднага слова краніся», якія знаёмяць са спадчынай класікаў і паказваюць накірункі прыгожага мастацкага пісьменства.
Святочны настрой на факультэтах стварыла акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску», праведзеная супрацоўнікамі ва ўсіх пунктах выдачы навуковай бібліятэкі ў перыяд з 19 па 23 верасня.
Цікавай і арыгінальнай стала прэзентацыя віншавальных паштовак роднай мове студэнтаў філалагічнага факультэта, факультэта мастацтваў і дызайну, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Выстава з паштоўкамі працавала ў навуковай бібліятэцы для агульнага азнаямлення.
Сімвалічнай стала распрацоўка інтэрактыўнага воблака слоў «Маё любімае слова па-беларуску»: самабытныя, сакавітыя слоўкі, узятыя з кожнага мерапрыемства, аздобілі «лексічную карту» любай Беларусі.
На філалагічным факультэце да Тыдня роднай мовы таксама быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх – квэст-гульня «Фальклор, фальклор – душа народа» і конкурс творчых пісьмовых прац «За што я люблю родную зямлю?..». Прапанаваная тэматыка асабліва актуальная, паколькі 2022 год згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.
На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбылося пасяджэнне «Кніжнага клуба», якое было прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка і Тыдню беларускай мовы. Удзел у мерапрыемстве прынялі студэнты розных спецыяльнасцяў Купалаўскага ўніверсітэта. Галоўная задача клуба – папулярызацыя твораў беларускай літаратуры, іх аналіз і абмеркаванне з удзельнікамі.
ў навуковай бібліятэцы ўніверсітэта
Не абышлося і без вандровак, экскурсій па знакавых мясцінах нашай зямлі. Студэнты 1 курса дзённай формы навучання спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» сумесна са старшым выкладчыкам кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Святланай Грынько наведалі Музей Максіма Багдановіча.
Заняткі па беларускай мове былі арганізаваны ў форме экскурсіі. Першакурснікі мелі магчымасць пачуць шмат цікавых фактаў з жыцця класіка беларускай літаратуры, паслухаць яго вершы, убачыць асабістыя рэчы паэта, а таксама адчуць творчую сямейную атмасферу, якая панавала ў доме Багдановічаў у канцы ХIХ стагоддзя. Свае адносіны да пачутага і ўбачанага ў музеі, як і веданне арфаграфіі беларускай мовы, студэнты змаглі выказаць пры напісанні эсэ «Загадка Максіма Багдановіча».
Не менш цікавая экскурсія была ў студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, на базе якога адбыліся практыкаарыентаваныя заняткі па дысцыпліне «Асновы краязнаўства». Падчас заняткаў у форме экскурсіі першакурснікі не толькі пазнаёміліся з найбагацейшым музейным фондам, убачылі ўнікальную тэхналогію падвойнага ткацтва, адчулі дух беларускай хаткі канца XIX стагоддзя, але і спазналі формы і метады працы па рэгіянальным краязнаўстве, што, безумоўна, спатрэбіцца ў будучай педагагічнай дзейнасці.
літаратурна-краязнаўчы музей
Супрацоўнікі навуковай бібліятэкі, а таксама ветэраны бібліятэчнай справы купалаўскай сям’і наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і яго філіял «Вязынка» – «калыска паэта». Вандроўка адбылася ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 140-годдзю з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі, Тыдня беларускай мовы, які праходзіў у краіне, і святкавання Дня бібліятэк Беларусі, які адзначаўся 15 верасня.
Вядома, што ў бягучым годзе ўся краіна адзначае 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Колоса і 110-годдзе з дня нараджэння Максіма Танка. І напрыканцы святкавання Тыдня роднай мовы знакавай падзеяй стала арганізацыя круглага стала «Песняры беларускай душы: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк».
Адна з найважнейшых падзей на Тыдні беларускай мовы – падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Як зазначыла дырэктар музея Ганна Галінская, прыйшоў час замацаваць афіцыйна шматгадовае сяброўства.
Эмацыйным і шматгранным атрымалася святкаванне Тыдня беларускай мовы, як і ў цэлым жыццё ў Купалаўскім універсітэце.
Бібліятэкар 1 катэгорыі Аляксандра Мілашэвіч.
Фота з архіва ўніверсітэта