Святлана Марозава расказала аб практыцы выкладання курса лекцый «Канфесійная спецыфіка Беларусі: гісторыя і сучаснасць» ў Інстытуце тэалогіі Універсітэта Арыстоцеля ў Салоніках (Грэцыя)

Восенню мінулага года я прачытала ў Інстытуце тэалогіі Універсітэта Арыстоцеля ў Салоніках (Грэцыя) невялікі курс лекцый «Канфесійная спецыфіка Беларусі: гісторыя і сучаснасць». Дарэчы, трапіла туды па праграме акадэмічнага абмену Erasmus+. Сем дзён, праведзеныя ў Грэцыі, пакінулі незабыўныя ўражанні.

Паехалі туды разам з калегай, загадчыкам кафедры хіміі і хімічнай тэхналогіі, кандыдатам біялагічных навук Вольгай Трацяковай, якая адначасова праходзіла стажыроўку на факультэце біялогіі ва Універсітэце Арыстоцеля. Найперш паездка падарыла мне сябра ў асобе гэтага маладога арганізатара і перспектыўнага вучонага-прыродазнаўцы. Разам рыхтаваліся і хваляваліся. Не першы раз выязжаю за мяжу, але перамяшчацца на такія вялікія адлегласці, у іншую кліматычную зону, у краіну з іншай культурай і менталітэтам даводзілася не часта. Таму мець побач блізкага чалавека было вельмі важна. Да таго ж, Вольга Міхайлаўна, маючы багаты досвед далёкіх падарожжаў (яна наведала больш за 20 краін), узяла на сябе вырашэнне шматлікіх арганізацыйных пытанняў: ад транспартна-самалётнай лагістыкі да пошуку і заказу атэляў, за што ёй удзячная.

Прыняў нас у Салоніках Аддзел еўрапейскіх адукацыйных праграм Універсітэта Арыстоцеля, а мяне яшчэ і выкладчыцкі калектыў Інстытута тэалогіі, вельмі гасцінна і дабразычліва. Знаходзячыся пяць дзён у далёкім незнаёмым горадзе, мы адчувалі сябе ў поўнай абароненасці. Клапаціліся пра нас вядомыя да паездкі толькі па перапісцы, а цяпер ужо па-сяброўску блізкія мне людзі, адказныя супрацоўніцы і вельмі прыемныя жанчыны Марыя Мілона, Анастасія Цсіанопулу і Соф’я Фурлары, а таксама мой куратар і непасрэдны апякун – прафесар Інстытута тэалогіі Нікас Маджорас. Гэты быў клопат практычна пра ўсе аспекты прыбывання ў Салоніках – ад пражывання і харчавання да доступу ва ўніверсітэцкую бібліятэку, інтэрнэт і, канешне, забеспячэнне слухацкай аўдыторыяй, знаёмства з прафесарамі, выкладчыкамі, студэнтамі Інстытута тэалогіі.

Сярод выкладчыкаў факультэта – свецкія людзі і прадстаўнікі духавенства. Гэта тэолагі вышэйшага ўзроўню і еўрапейскай адукацыі, якія маюць шырокія міжнародныя навуковыя і адукацыйныя сувязі. Так, прафесар Нікас Маджорас шэсць гадоў праходзіў тэалагічную падрыхтоўку ў Рыме.

Студэнтаў на гэты факультэт прымаюць незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці. Студэнты, магістранты і аспіранты, перад якімі я выступала з лекцыямі, вызначаліся вялікай пазнавальнай актыўнасцю: праяўлялі непадробную цікаўнасць да маіх лекцый, а пытанні задавалі нават пасля заняткаў. Здалося, што студэнты ў Салоніках старэйшыя за нашых: відаць, адразу пасля школы ісці ва ўніверсітэт – не абавязковая традыцыя. Сустрэлася з універсантамі з розных краін і кантынентаў, якія вучацца там па праграмах акадэмічнага абмену, нават з выхадцамі з Беларусі. Студэнты з вялікай пашанай ставяцца да сваіх выкладчыкаў.

Слухачоў на маіх лекцыях, а таксама майго куратара Нікаса Маджораса найбольш цікавілі рэаліі канфесійнай гісторыі Беларусі ХХ – пачатку ХХІ ст. і яе сучасная канфесійная спецыфіка. Частка заняткаў прайшла ў выглядзе абмеркаванняў-дыскусій. У сваіх каментарах да выкладзеных мной фактаў прафесары-тэолагі дэманстравалі студэнтам адметнае і агульнае ў беларускім досведзе царкоўна-рэлігійнага жыцця ў параўнанні з іншымі краінамі і рэгіёнамі Еўропы.

Чытаць лекцыі ў замежнай навучальнай установе – вялікая адказнасць і ў сувязі з гэтым значная ўнутраная напружанасць, бо трэба было годна прэзентаваць родны ўніверсітэт, беларускую і гродзенскую школу даследчыкаў канфесійнай гісторыі і падцвердзіць іх высокі рэйтынг. Акрамя таго, выкладанне вялося на англійскай мове, што толькі дадавала цяжкасцей, асабліва ў выкарыстанні спецыфічнай царкоўнарэлігійнай тэрміналогіі.

З завяршэннем лекцыйнага курса можна было аддаццца не менш моцным уражанням ад далёкай цёплай краіны і помнікаў далёкай антычнай гісторыі, каля якіх я правяла апошнія дні перад ад’ездам.

Горад Салонікі, альбо Цесалонікі, Фесалонікі – менавіта ў такіх варыянтах часцей гучыць яго назва, фактычна з’яўляецца месцам, адкуль ідуць вытокі еўрапейскай інтэлектуальнай культуры. У вёсцы ў некалькіх кіламетрах ад Салонікаў нарадзіўся мудрэц, філосаф Арыстоцель. Стваральнікі славянскай азбукі Кірыл і Мяфодзій – салунскія браты – паходзяць менавіта з Салонік. Адсюль жа родам шанаваны ў хрысціянскім свеце святы Дзмітрый Салунскі – яго мошчы захоўваюцца ў храме, узведзеным у яго гонар.

Антычнасць у Салоніках на кожным кроку: у акропалі, у крапасной сцяне, у трыумфальнай арцы, у храмах, у археалагічных раскопах пад цэнтральнымі ажыўленымі вуліцамі горада, у археалагічным музеі.

Апошнія два дні мы з Вольгай Міхайлаўнай правялі ў сталіцы Грэцыі – Афінах, якая знаходзіцца за 500 км на поўдзень ад Салонік. Найбольш уразіў гістарычны цэнтр горада – Акропаль. Гэта месца, адкуль пачынаецца еўрапейская навука, філасофія, архітэктура, скульптура, тэатр, літаратура, дэмакратыя, адкуль, як кажуць, пачынаецца Еўропа. Афінскі Акропаль – гэта грандыёзная гарманічная кампазіцыя прыроднага аб’екта – гіганцкай скалы – і архітэктурных шэдэўраў V стагоддзя да нашай эры. Сярод іх – храм Парфенон, самы вядомы з захаваных да нашага часу помнікаў старажытнай Грэцыі. Дакрануцца да найвялікшых каштоўнасцяў чалавечай цывілізацыі – найвышэйшае прафесійнае шчасце гісторыка.

Усё гэта тады ўспрымалася як казка, цяпер – як важны факт маёй прафесійнай і асабістай біяграфіі.

Святлана МАРОЗАВА, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін

Поделиться

Вам может также понравиться...