Аляксей Пяткевіч пра працоўны шлях, сям’ю і студэнцкую моладзь

Купалаўскаму ўніверсітэту споўнілася 77 гадоў, а прафесар кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч працуе тут усяго на 17 гадоў менш. Ён займаў розныя пасады і выконваў розныя абавязкі, але ў працоўнай кніжцы значыцца толькі адзінае месца працы. Аляксей Міхайлавіч пагутарыў з намі пра працоўны шлях, сям’ю і студэнцкую моладзь.

Пра шлях

З дзяцінства жыццё прыгарнула да кнігі, чытання, мастацкага слова. У свае 4-5 гадоў самастойна навучыўся чытаць па-беларуску, па-руску і па-польску. Пасля школы без усякіх ваганняў паступіў на філалагічны факультэт БДУ, хаця трапіць туды было цяжка: здавалі 7 уступных экзаменаў, а конкурс быў 10-11 чалавек на месца. Вучыцца было вельмі цікава. Шмат чыталі і няспынна спрачаліся ў студэнцкім інтэрнаце. Скончыў універсітэт з дыпломам выдатніка. Затым была аспірантура на ўжо добра знаёмай кафедры беларускай літаратуры.

У 1957 годзе прыехаў з сям’ёй і з радасным настроем у Гродна, пачаў працаваць на кафедры літаратуры Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. Чытаў курсы па вуснай народнай творчасці, гісторыі беларускай літаратуры, тэорыі літаратуры. Нават кіраваў педагагічнай практыкай студэнтаў, хаця не меў ніякага школьнага педагагічнага вопыту.

Праз некалькі гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1968 годзе ўзначаліў новую ў педінстытуце кафедру беларускай літаратуры, якой аддаў 22 гады. За гэты час быў прыняты як літаратурны крытык у Саюз пісьменнікаў СССР. І хоць усё ў мяне тут складвалася як найлепш, давялося пакінуць гэту кафедру.

Пра кафедру турызму і культурнай спадчыны

Жыццё паставіла пытанне аб адкрыцці ва ўніверсітэце кафедры беларускай культуры. Я заўсёды лічыў, што выпускнік вышэйшай школы павінен ведаць сваю нацыянальную духоўную спадчыну, і не толькі сваю. Інакш які ж ён інтэлігент? Праблема гэта была для мяне блізкай яшчэ і таму, што шмат гадоў вёў спецкурс «Беларускае мастацтва. Пытанні тэорыі і гісторыі». У 1990 была адкрыта кафедра беларускай культуры, якую мне давялося фарміраваць, ствараць для яе навучальную праграму, рыхтаваць кадры. Загадваў гэтай кафедрай 10 гадоў, да 2001. Затым яна была пераўтворана ў кафедру беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, а з 2013 года мая кафедра носіць назву «турызму і культурнай спадчыны».

Працуючы на роднай кафедры, атрымаў званне прафесара, надрукаваў на тэмы літаратуры і культуры больш за 500 навуковых работ, у тым ліку 14 кніг. З 2009 года рыхтую і выдаю на кожны новы год «Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар (на матэрыяле Гродзеншчыны)». Зараз на маім рабочым стале – чарнавік каляндара на 2018 год.

Пра калег

Канешне, на пачатку маёй выкладчыцкай дарогі мяне падтрымлівалі старэйшыя калегі. З найлепшымі пачуццямі ўспамінаю В.П. Казлова, К.В. Асокіну, М.А. Мельнікава, М.А. Нікіціна, М.Г. Працэнку. Не магу абысці ўвагаю маладзейшых калег, якія на маім прафесійным шляху доўга ішлі ці ідуць поплеч, сталі ўжо часткаю майго лёсу і якімі асабліва даражу. Гэта С.А. Габрусевіч, І.В. Жук, А.М. Петрушкевіч, С.М. Токць, М.А. Даніловіч, І.І. Трацяк, Г.М. Семянчук. За гады маёй працы ва ўніверсітэце змянілася 5 рэктараў, і ўсе яны заслугоўваюць глыбокай павагі. Найперш за тое, што ўмелі берагчы выкладчыцкія кадры.

Пра сям’ю

Усе мы на нейкім падсвядома-генным узроўні жадаем, каб нашы нашчадкі ў чымсьці істотным паўтаралі нас. І, вядома, стараемся ўплываць на іх сваімі прафесійнымі справамі. Таму не выпадкова мая дачка Марына (у замужжы Загідуліна) таксама скончыла філфак БДУ. Папрацаваўшы, зразумела, што гэтага мала, і паступіла на мастацтвазнаўчае аддзяленне Беларускай мастацкай акадэміі, вучылася там у аспірантуры. Выкладала на факультэце мастацтваў Гродзенскага ўніверсітэта. Цяпер працуе ў абласным гістарычнаархеалагічным музеі, з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі.

Унук Аляксей Загідулін – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін нашага ўніверсітэта. Унук Багдан Загідулін таксама не адышоў далёка ад маёй прафесіі і працуе на ніве культуры, хоць і фізічнай. Скончыўшы Гродзенскі ўніверсітэт, стаў трэнерам па настольным тэнісе і возіць сваіх юных выхаванцаў на спаборніцтвы не толькі па Беларусі, але і вельмі далёка за яе межы, заваёўваючы там прызавыя месцы.

Пра студэнтаў

Студэнтам, каб знайсці сябе ў жыцці, трэба слухаць уласную душу. Праўда, у наш век стандартаў і складаных інфармацыйных тэхналогій жыццё штурхае маладых кіравацца ў сваіх пошуках прагматычным разлікам, рацыянальным аналізам. Але голас душы, якую трэба зберагчы ў сабе, найлепш падказвае, што для цябе самае любімае і дарагое і, значыць, самае сапраўднае. Дзеля чаго варта жыць, каб яшчэ і цешыцца жыццём.

Пра ўніверсітэт

Універсітэт імя Янкі Купалы – гэта маё жыццё. Па сутнасці, усё маё жыццё. Ён і вучыў мяне жыць, жыць прыстойна. Быць талерантным і карэктным у стасунках з людзьмі, паважаць іх права на ўласныя інтарэсы, густы, погляды. Універсітэт навучыў быць самім сабой, не крывадушнічаць, не падрабляцца пад нейкія ўзоры. Я заўсёды адчуваў сябе перад патрабавальным позіркам студэнтаў, якія чакаюць ад выкладчыка толькі шчырасці і праўды. І я стараўся вучыць студэнтаў жыццю. Праз тыя веды, што даваў ім па гісторыі нацыянальнай літратуры і культуры.

Я дзякую свайму ўніверсітэту за тое, што пражыў годна і не аб чым не шкадую. Дзякую за многія-многія часіны радасці ад студэнцкіх усмешак, светлых зычлівых позіркаў, удзячных слоў. Тут я быў шчаслівы.

Запісала Ірына ГЕРАСІМОВІЧ

Поделиться

Вам может также понравиться...