Як у XVI ст. друкавалі кнігі: да 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання

Пачатак выдання ў Еўропе кніг у тым выглядзе, у якім мы іх і сёння ведаем, звязаны з вынаходніцтвам у сярэдзіне 1440-х гг. нямецкім майстрам Ёганам Гутэнбергам тэхналогіі друку з дапамогай друкарскага варштату i наборнага шрыфту. Як ні хаваў Гутэнберг з калегамі сакрэт свайго адкрыцця, але новая тэхналогія хутка выйшла за межы Германіі і праз 20 гадоў трывала ўкаранілася ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, а потым і па ўсім свеце.

Гэта была сапраўдная рэвалюцыя ў галіне перадачы інфармацыі. Імклівы рост колькасці кніг і – як вынік – развіццё інтэлектуальнай культуры, што стала магутным стымулам прагрэсу ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці: ад эканомікі і дзяржаўнага кіравання да адукацыі і навукі. Адно вынаходніцтва змяніла ўвесь свет. Яно з’яўляецца самым важным вынаходніцтвам у другім тысячагоддзі. Недарэмна сучаснікі гэтага адкрыцця назвалі кнігадрукаванне «мастацт — вам з усіх мастацтваў, навукай з усіх навук».

Справа Гутэнберга аказала выключнае ўздзеянне на культуру кожнага з еўрапейскіх народаў, у тым ліку беларусаў, і на развіццё ўсёй чалавечай цывілізацыі.

Працэс друку ў часы Францыска Скарыны ўключаў некалькі этапаў: адліўка шрыфтоў, набор тэкстаў і непасрэднае атрыманне адбіткаў (адсюль – тэрмін «бітыя кнігі»).

Так званыя «рухомыя літары» (наборны шрыфт) уяўлялі сабой металічныя брусочкі, вырабленыя са сплаву свінца, волава і сурмы, з люстэркавым адбіткам літары, знака на іх тарцы. Літары раскладвалі па алфавіце або па частотнасці выкарыстання ў наборную касу – нахілены стол з адкрытай скрыняй, падзеленай на шматлікія ячэйкі для аднолькавых літар. Для зручнасці наборную касу падзялялі на часткі для літар розных памераў.

З такіх «рухомых літар» майстарнаборшчык з прынесенага яму рукапісу набіраў радок за радком старонку тэксту на матрыцы – друкарскай форме. Потым перачытваў гэтыя адваротныя значкі-літары, каб не закралася іншая літара замест патрэбнай, рабіў пробны адбітак на варштаце і даваў яго на праверку аўтару рукапісу.

Друкарскі варштат (станок) уяўляў сабой вялікі ручны прэс з дрэва і з некаторымі металічнымі дэталямі, з дапамогай якога набраны тэкст, а таксама малюнкі-гравюры, выразаныя на драўлянай дошцы (у тэхніцы «дрэварыта») праз друкарскую форму, пераносіліся на паперу. Для большай трываласці варштат звычайна прымацоўвалі да падлогі і да столі, каб мінімізаваць ваганні і пазбегнуць змазвання фарбы пры друку.

Галоўнай часткай гэтага механізма быў масіўны драўляны (пазней металічны) шруб (вінт, ворат) з рычагом і прымацаваным знізу прэсам. Паваротам рычага шруб з прэсам можна было падняць і апусціць. Упраўляць такім варштатам мог толькі чалавек, які валодаў немалой фізічнай сілай.

Друкарскую форму з наборным шрыфтам закладвалі ў варштат у спецыяльнай рухомай карэтцы, якая магла заязджаць пад прэс. На форму наносілі фарбу з сумесі сажы і ільнянога алею, накладвалі аркуш паперы, які прыціскалі прэсам. Аркуш раўнамерна прыціскаўся да друкарскай формы і на ім адбівалася патрэбная выява. Пасля паваротам рычага прэс падымалі і карэтка з формай і аркушам вярталася да майстра. Ён здымаў гатовы адбітак і вешаў на прасушку, каб пасля зрабіць адбітак на адваротным баку. Потым уся гэта працэдура паўтаралася нанова.

Такая праца ішла ў друкарні ўвесь дзень бесперапынна. У пачатку ХVІ ст. у буйных друкарнях на кожны станок прыходзілася ў сярэднім па пяць рабочых і існаваў падзел працы: адзін майстар займаўся наборам літар, другі складваў з набору літар і гравюр друкарскую форму, трэці закладваў яе ў варштат, наносіў на яе валікам фарбу і прыціскаў паперу, чацвёрты даставаў надрукаваны аркуш, правяраў якасць друку і развешваў на прасушку. Акрамя асноўных аперацый былі і дадатковыя: складваць прасушаныя аркушы ў стосы, раскладваць іх для пераплёту, перамешваць фарбу, насіць ваду і г.д. Гэтым звычайна займаліся вучні. На варштаце можна было атрымаць да 100 адбіткаў у гадзіну.

Сведчаннем эфектыўнасці друкарскага варштату, які вынайшаў Гутэнберг, з’яўляецца той факт, што ён больш за 300 гадоў – аж да пачатку ХІХ ст. – праіснаваў без істотных змен. Друкаванне на паравым прэсе, якое пачалося ў 1811 г. у Англіі, дазволіла адначасова друкаваць на абодвух баках аркуша. А вынаходніцтва ў 1833 г. у ЗША ротарнага прэса – друкаваць мільёны стронак у дзень.

Францыск Скарына першы з усходніх славян 500 гадоў таму ўкараніў навейшую еўрапейскую тэхналогію і паставіў яе на службу свайму народу, праявіўшы пры гэтым інавацыйны падыход да кнігі. Яго ўчынак эпахальны, бо друкаваная кніга зрабіла веды, мудрасць многіх пакаленняў даступнымі ўсяму беларускаму грамадству. Сваім друкарскім пачынаннем Скарына змяніў увесь свет беларусаў. Уключэнне кнігі ў іх культурную прастору і паўсядзённае жыццё адкрыла новую эпоху ў развіцці нашага народа. Пачатак кнігадрукавання – найбольшае дасягненне беларускай культуры XVI ст.

Сёння ў бібліятэках i музеях розных краін свету захавалася больш за 500 скарынавых выданняў: у Расіі (яна валодае найбольшай калекцыяй (прыкладна 300 экзэмпляраў), Украіне, Літве, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Даніі, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. Спадчына беларускага інтэлектуала-асветніка першай паловы XVI ст. – наш нацыянальны скарб і прадмет гонару.

Як працаваў друкарскі варштат, на якім выдаваў кнігі Ф. Скарына, дае ўяўленне яго дакладная копія, зробленая па гравюрах тых часоў беларускім гісторыкам У. Ліхадзеевым, а таксама віртуальная рэканструкцыя работы друкарскага варштата, створаная Бібліятэкай Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы. З узорам варштата і працэдурай друку (у ёй можна нават прыняць віртуальны ўдзел!) можна пазнаёміцца ў інтэрнэце па наступных адрасах:

1. Як Францыск Скарына Біблію друкаваў [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: https://bel.sputnik.by/ photo/20170208/1027360308/yak-francyskskaryna-bibliyu-drukavau.html.

2. Virtual Printing House [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: http://www. virtualispaustuve.eu/index.php?lang=en.

Святлана МАРОЗАВА, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктар гістарычных навук, прафесар

Поделиться

Вам может также понравиться...