Студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія” ГрДУ імя Янкі Купалы падзяліліся сваімі ўражаннямі ад летняй фальклорнай практыкі-2018
У багатай народнай культуры беларусаў шмат прыказак і прымавак, загадак і анекдотаў, легендаў і паданняў, прыкметаў і прымхаў, песняў і калыханак, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым ужытку, адлюстроўваюць светапогляд народа і абавязкова павінны быць сабраны, зафіксаваны і захаваны для наступных пакаленняў. Гэта як хлеб, які корміць у галодны год. Свой унёсак у нацыянальную жытніцу робяць і юныя даследчыкі – студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія” ГрДУ імя Янкі Купалы, якія і падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі ад летняй фальклорнай практыкі-2018.
Штогод купалаўцы выязджаюць у аддаленыя куткі Гродзенскага краю, каб сабраць вусную народную творчасць ад мясцовых жыхароў. Сёння ў купалаўскім ўніверсітэце для студэнтаў-філолагаў арганізаваны сумесны экспедыцыйны выезд у глыбіньку для пошуку народных скарбаў.
За час існавання фальклорнай практыкі, з 1996 года, студэнтамі сабраны і зафіксаваны творы вуснай народнай творчасці Зэльвенскага, Лідскага, Мастоўскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага раёнаў. Сёлета студэнцкая даследчая экспедыцыя пад кіраўніцтвам дацэнтаў кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Руслана Казлоўскага і Аліны Сабуць цягам дзевяці дзён збірала фальклор у вёсках і аграгарадках Воранаўскага раёна.
Як распавёў Руслан Канстанцінавіч, Воранаўскі край вабіць сваёй таемнасцю і маладаследаванасцю:
– Гэта даволі ізаляваная мясцовасць, дзе захаваліся старажытныя вераванні і абрады, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў песнях, паданнях, легендах, а таксама ў ладзе жыцця мясцовых жыхароў. Светапогляд іх скіраваны ў бок містыцызму, выразна праяўляюцца паганскія традыцыі, якія сінтэзаваліся з хрысціянскімі.
Пад час практыкі студэнты-філолагі акунуліся ў свет фантастычных прыгод, жудасных гісторый і людскіх фантазій. Сустрэчы і гутаркі з мясцовым насельніцтвам пакінулі незабыўны адбітак у душы збіральнікаў фальклору.
Так, у вёсцы Навіянка, назва якой, паводле расповедаў жыхароў, пайшла ад імя новага пана Янкі, яны пачуліцікавую гісторыю, у якую шчыра вераць старажылы. Пачынаючы з 1932 года ў вясковай маленькай рачулцы каля моста загінулі ажно восем мужчын. Жыхары лічаць, што гэта ўсё не проста так. У калектыўнай памяці захоўваецца паданне аб тым, што гэта помсціць маладая дзяўчына, якую хацелі насуперак яе жаданню калісьці выдаць замуж за багатага шляхціча і разлучылі з каханым хлопцам. Мясцовыя лічаць, што дзяўчына ператварылася ў русалку, і з таго часу цягне мужчын у ваду. Такім чынам узнікла легенда “Русальчын мост”.
У вёсцы Паляцкішкі Воранаўскага раёна збіральнікі фальклору пачулі народныя прыкметы, напрыклад: калібусел лётае і клякоча над хатай, то хутка дзіця ў гэтай хаце народзіцца. Таксама ў гэтых мясцінах шырока распаўсюджаны варажба і шматлікія забабоны.
Праз песенны фальклор студэнтам-філолагам удалося адчуць багатую душу мясцовага насельніцтва. Ад жыхаркі вёскі Навіянка яны пачулі беларускую народную песню “Зязюля” пра гаротнае жыццё замужняй жанчыны, успамін пра бацькоўскі дом і мару пра сустрэчу з роднымі:
…Прыляцела ў сад к роднай матулі,
Стала кукаваці, усім расказуваць,
Як замужам жыці.
А ў канцы стала сядзіць матуля,
Хустку вышывае, а малодшы брат стаіць у дзвярах,
Ружжо заражае.
— Дазволь матуля, дазволь родная,
Ту зязюлі ўбіці.
Яна кукуе, жалю надае,
Не магу я жыці.
— Не дазволю я, не дазволю я
Ту зязюлі ўбіці,
Бо той зязюлі, як нашай дачцэ,
Цяжка ў свеце жыці!
Матывы гаротнага жаночага жыцця ў мужавай сям’і адлюстраваліся і ў песні “Чырвоная вішня”, запісанай студэнтамі ў аграгарадку Пераганцы Воранаўскага раёна:
…Ты думаешь, мама, што я тут паную?
Прыдзі, паглядзіце, як я там гарую!
Ты думаешь, мама, што я тут не плачу?
За горкімі слязыма, я свету ня бачу!
Ты думаешь, мама, што я там пад’еўшы?
Яго я радзіме ўсім надаеўшы…
Тут жа студэнты запісалі прыказкі і прымаўкі, напрыклад: каля пня добра і агонь паліць; якія мы самі, такія нашыя й сані.
А 92-гадовы жыхар вёскі Беняконі расказаў казку “Чаму католікі святкуюць вялікія святы раней за праваслаўных”: “Ішлі некалі на свята два Багі – католік і праваслаўны. Праваслаўны быў у лапцях, а каталіцкі – у хромавых ботах. Дарога была доўгая. Ішлі, ішлі, а дарозе ні канца, ні краю. У праваслаўнага Бога ўсё развязуваліся вяроўкі на лапцях, ён усё садзіўся і папраўляў, а католік за гэты час зайшоў ужо далёка. Толькі праз трынаццаць дзён прыйшоў праваслаўны Бог на свята. Во таму і зараз святкуюць перша католікі, а потым – праваслаўныя”.
Дарэчы, на Воранаўшчыне водзіцца шмат ваўкоў. Але іх не трэба баяцца, чаму жартаўліва вучыць пацешка “Пасу, пасу авечачкі…”:
Пасу, пасу авечачкі
Недалёка рэчачкі.
Воўк за гарою,
А я за другою.
А я воўка не баюся,
Кіем баранюся!
А яшчэ мясцовыя кажуць, што калі раптам сустрэнеш ваўка, то нельга крычаць, уцякаць, а трэба спакойна паглядзець яму прама ў вочы, і тады ён не зачэпіць, пройдзе міма.
У вёсцы Больцінікі Беняконскага сельсавета студэнты наведалі сядзібны дом пачатку XX стагоддзя, месца спатканняў і нечаканага расстання Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, а ў вёсцы Гайцюнішкі Канвелішскага сельсавета – замак-палац XVII стагоддзя, прататып Балотных Ялін з твора Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Беларускі народны фальклор сур’ёзна стаў цікавіць даследчыкаў пачынаючы з XIX стагоддзя. Яго збіралі, выдавалі, асэнсоўвалі, а літаратары і кампазітары інтэрпрэтавалі ў мастацкіх творах. Пачалі друкавацца зборнікі беларускіх народных казак, легендаў і паданняў, песень, прыказак і прымавак.
Аўтэнтычная народная культура і фальклор і ў наш час вельмі папулярныя. Бо менавіта яны дапамагаюць народу вырашаць праблему ідэнтычнасці, што актуальна як для Беларусі, так і для любой краіны ў свеце. Таму вакол гэтай тэмы аб’ядноўваецца ўсё больш і больш прафесіяналаў і аматараў, якія займаюцца зборам і назапашваннем нематэрыяльнага багацця краіны. А ў планах збіральнікаў гродзенскага фальклору пад кіраўніцтвам Руслана Казлоўскага – выдаць том фальклорнага збору – кнігу, у якой будуць казкі, легенды, паданні Воранаўскага краю.
Таццяна СУШКО