Алёна Садоўская: «Чалавек павінен ведаць мову, разумець яе, а веданне мовы прыходзіць праз чытанне твораў на ёй»

Мілагучная, плаўная, пявучая, сакавітая, жывая, непаўторная, сатканая з легендаў і казак – як толькі сёння яе не называюць – нашу родную, матчыну, беларускую мову. Ёсць у свеце шмат прыгожых моваў, але кожны з нас мае толькі адну, якая завецца роднай. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА, мы сустрэліся з загадчыкам кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аленай Садоўскай, а таксама магістранткай філалагічнага факультэта Альжбетай Даўгаполік. У межах нашай рубрыкі “Чытаем разам” Алена Станіславаўна расказала, чаму варта чытаць творы на роднай мове, а Альжбета падзялілася сваімі разважаннямі аб беларускай мастацкай літаратуры.

– Алена Станіславаўна, чым, на Ваш погляд, адметныя творы на беларускай мове?

– Творы, напісаныя на беларускай мове, распавядаюць пра жыццё землякоў, з’яўляюцца люстэркам народнага побыту, глыбокіх пачуццяў і каштоўнасцей. У іх шмат народнай мудрасці, прымавак, прыказак і фразеалагізмаў. У сучаснай беларускай літаратуры мы, беларусы, знойдзем для сябе адказы на актуальныя жыццёвыя пытанні.

– Які Ваш любімы твор на роднай мове?

– У розныя перыяды жыцця гэта свой твор. Апошнім часам часта звяртаюся да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. І магу сказаць чаму. Жыццё і быт герояў паэмы асацыіруецца з маім жыццём, з тым шляхам, які прайшлі мае бацькі, бабулі і дзядулі. Я вырасла на зямлі і ведаю яе ролю ў жыцці беларуса. Адчувала прывязанасць маіх продкаў да роднай зямлі, таму магу з лёгкасцю зразумець адносіны герояў паэмы да яе: прападае зямля – значыць канец будзе. Асабліва пасля таго, як пакінулі гэты свет мае бацькі, пачала па-іншаму асэнсоўваць іх жыццё, тое, праз што яны прайшлі: становіцца зразумелым іх характар. Тыя традыцыі і святы, паводле якіх мы жылі, – раніца ў нядзельку, Каляды, Вялікдзень – знаходзяць адлюстраванне і ў паэме “Новая зямля”. Жыццёвы вопыт дазваляе па-іншаму ставіцца да таго ці іншага твора. Напрыклад, апавяданне Віктара Карамазава “Дзяльба кабанчыка” кранула мяне да глыбіні душы, а мая дачка, прачытаўшы той жа твор, успрыняла яго па-іншаму: яе ён не так усхваляваў. Яна не мае таго жыццёвага вопыту, не была ў тых абставінах і таму не змагла зразумець і адчуць тое, што ўразіла мяне. Добра зразумееш твор, калі сам пабыў у падобнай сітуацыі. Аўтар апісаў жыццё большасці беларусаў, якія выраслі ў вёсцы. На сённяшні дзень у мяне ёсць жаданне перачытаць усю класіку беларускай літаратуры і адчуць смак ад новага ўспрыняцця.

– Як Вы лічыце, чаму варта чытаць творы на роднай мове?

– Многа аспектаў, чаму варта чытаць менавіта на роднай мове. Аспекты як чыста асабістыя, так і канцэптуальныя, характэрны для любога чалавека, які жыве ў сваёй краіне. Зразумець почырк пісьменніка, адчуць яго стыль можна толькі на мове арыгінала. Пры апісанні пэўных сітуацый аўтар выкарыстоўвае розныя творчыя прыёмы, дзе нават спалучэнне гукаў можа адыгрываць пэўную ролю. Далей – свядомы аспект, мова прадстаўляе культуру, спадчыну. Безумоўна, мы павінны яе ведаць і ганарыцца гэтым. І як сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі, бачачы, што мова ў нечым губляе свае пазіцыі, мы павінны яе падтрымаць. Гэта прысутнічае ў сумленні кожнага чалавека: я шаную і берагу сваё асабістае, роднае. Кожны з нас ганарыцца тым, што ён з’яўляецца беларусам. А прыналежнасць да гэтай нацыі вызначаецца мовай. Чалавек павінен ведаць мову, разумець яе, а веданне мовы прыходзіць праз чытанне твораў на ёй. Калі мы чытаем, то працэс засваення мовы адбываецца натуральна. Валоданне агульнай мовай заўсёды збліжае людзей адной нацыі. Калі мы, будучы за мяжой, пачуем родную мову, то ў нас адразу ўзнікае пачуццё асалоды, што сустрэлі свайго чалавека. З адукацыйнага боку, чытанне твораў на роднай мове дае магчымасць авалодаць нормамі беларускай літаратурнай мовы. Менавіта праз мову перш за ўсё ўспрымаеш чалавека. Невыпадкова, у старажытнасці казалі: “Дык вымаві ты хоць некалькі слоў, каб я мог пазнаць цябе”.

– Як праз мову перадаецца дух народа?

– Мова як адзін са сродкаў культуры адлюстроўвае дух народа, яго інтэлектуальны ўзровень, асаблівасці мыслення, псіхікі – адным словам, усё тое, што характэрна для нацыі. Скажам, лексічны склад заўсёды фарміруецца пад уздзеяннем таго, чым жыве народ, дзе, якой справай займаецца, хто яго акружае. Дух народа ўвасабляецца праз сам працэс стварэння мовы. Чаму беларуская мова на сённяшні дзень такая мілагучная, плаўная? Бо людзі, якія стварылі яе, па сваім характары добрыя, спагадлівыя. Мяккія гукі – гэта дабрыня народа. Яго рысы характару адлюстраваліся нават у фанетычнай сістэме мовы. Высокая ступень палаталізацыі, пераход гукаў [в], [л] у [ў], падаўжэнне зычных, наяўнасць прыстаўных галосных, аканне, яканне, дзеканне, цеканне робяць мову плаўнай, мілагучнай, адметнай. Сам той факт, што беларуская літаратурная мова мае багаты лексічны і фразеалагічны склад, гаворыць аб яе высокай ступені развітасці. Бо не кожная мова можа гэтым пахваліцца.

– Як пачаць чытаць па-беларуску чалавеку, які хоча, але баіцца, што нічога не зразумее?

– Не трэба баяцца. Безумоўна, неабходна пачаць. А там чытаеш старонку за старонкай, і дух мовы, унутраная энергія слова так захопіць чытача, што нават калі ён не зразумее некаторыя словы, сутнасць усё роўна спасцігне.

– Да якіх каштоўнасцей далучаецца чалавек, чытаючы творы беларускай мастацкай літаратуры?

– Творы мастацкай літаратуры выхоўваюць у чалавеку высокае. Тыя рысы, якія сёння так неабходны асобе, – і працавітасць, і міласэрнасць, і адказнасць, і дабрыня, і пяшчота – ёсць у герояў беларускіх твораў. Іх жыццё будуецца на каштоўнасцях, якія мы можам проста зачэрпаць, бо кожны з нас у адказе за сябе, за сваіх дзяцей, за тое пакаленне, якое мы выхоўваем.

– Які твор Вы можаце параіць для абавязковага прачытання сённяшняму студэнту?

– Мяркую, што моладзі на пачатку жыццёвага шляху патрэбен досвед, маральныя арыенціры, і ў гэтым плане добра было б пачытаць творы Андрэя Федарэнкі. Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць. Яшчэ раю пачытаць творы Уладзіміра Сцяпана. Думаю, малады чалавек шмат чаго добрага возьме для сябе.

– Твор, які Вы можаце параіць іншаземцам?

– Для таго, каб зразумець беларускі народ, адчуць яго дух, каларыт, прадстаўнікам іншых народнасцей, лічу, варта звярнуць увагу на творы Уладзіміра Караткевіча. Ну і, канешне ж, іншых класікаў ніхто не адмяняў.

Нашу другую субяседніцу Альжбету Даўгаполік мы выбралі невыпадкова. Яе жыццёвае крэда – несці родную беларускую мову народу, бо мова – яго душа. Альжбета – выпускніца спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, дарэчы, скончыла ўніверсітэт з чырвоным дыпломам, зараз магістрантка філалагічнага факультэта і спецыяліст музея гісторыі і развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы – аматарка беларускіх народных спеваў і танцаў, удзельніца гарадскога фольк-конкурса “Гарадзенская беларусачка”, актыўна папулярызуе беларускую культуру і мову сярод дзяцей і моладзі. Дзяўчына кіруе царкоўным дзіцячым хорам і прывівае малым любоў да роднай мовы праз спевы пабеларуску. На яе інтарэс да беларускай мовы паўплываў станоўчы прыклад старэйшага брата. З пятага класа хлопец пачаў заўсёды размаўляць па-беларуску. Ён скончыў філалагічны факультэт па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. З дзяцінства Альжбета чула беларускія народныя песні ў выкананні мамы, з часам і дзеці далучыліся да гэтай сямейнай традыцыі.

– Альжбета, як часта Вам даводзіцца чытаць па-беларуску?

– Кожны дзень. Любоў да беларускай літаратуры заўсёды была са мной, не ведаю нават, калі гэта пачалося. Памятаю, як у сёмым класе па беларускай літаратуры трэба было скласці трыялет. Гэта творчае хатняе заданне, і настаўніца нават не спадзявалася, што хтосьці яго выканае. Дык вось я тады прыдумала ажно тры трыялеты.

– Які Ваш любімы твор?

– “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага. А смак да беларускай літаратуры адчула ў школьныя гады пасля прачытання п’есы Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа”.

– Як лічыце, чаму важна чытаць творы на роднай мове?

– Гэта натуральная з’ява чытаць на роднай мове. Яна візітная картка на міжнароднай арэне, яна першая дзяржаўная мова, гэта мова нашых продкаў і, нарэшце, яна з’яўляецца бясцэннай каштоўнасцю, якую падарыў нам Бог.

– На Ваш погляд, якую кнігу павінен прачытаць кожны беларус?

– Для мяне гэта зборнік вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча і кніга “Споведзь” Ларысы Геніюш.

– Што Вы думаеце пра сучасную беларускую літаратуру?

– Выдатная літаратура на выдатным узроўні. Толькі трэба ўмець правільна падбіраць творы на свой густ. Ужо той факт, што беларуска Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, сведчыць аб высокім узроўні сучаснай беларускай літаратуры. Яна перакладаецца на замежныя мовы, яе чытаюць у многіх краінах свету.

– Апошні прачытаны Вамі твор?

– “Каменданцкі час для ластавак” Алены Брава.

Гутарыла Таццяна СУШКО

Поделиться

Вам может также понравиться...