Рух студэнцкіх атрадаў праз гады: ад мінулага да сучаснага

Як у мінулым стагоддзі, так і сёння, рух студэнцкіх атрадаў застаецца актуальнай тэмай. Моладзь вабіць не толькі першы заробак, але і подых самастойнага жыцця, сяброўства, каханне… Адным словам — рамантыка.

ТРАДЫЦЫІ МІНУЛАГА

Згодна з архіўнымі звесткамі, якія захоўваюцца ў Музеі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, першы студатрад купалаўцаў быў створаны ў 1963 годзе. У яго склад уваходзіла 110 юнакоў і дзяўчат, якія адправіліся за шмат кіламетраў ад дома на будаўніцтва жылых і сельскагаспадарчых аб’ектаў у пасёлак Фурманава Калінінградскай вобласці. Планавае заданне тады было перавыканана на 43%, за што атрад узнагародзілі Памятным сцягам Фурманскага РК ЛКСМ Казахскай ССР. У наступным годзе ў Гродзенскім педагагічным інстытуце сфарміравалася ўжо два атрады ў складзе 130 чалавек, якія былі накіраваны ва Уральскую вобласць Казахскай ССР. З 1968 года студатрады працавалі не толькі на Урале, але і ў Беларусі. Так, у Гродна і Гродзенскай вобласці дзейнічала шэсць атрадаў. У 1974 годзе студэнты 2 курса гісторыка-педагагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута, якія ўваходзілі ў студатрад “Белая Русь”, пералічылі ўвесь свой заробак, а гэта 1 750 рублёў, у Фонд міру. А ў 1975 годзе ўсе запрацаваныя грошы былі пералічаны ў фонд будаўніцтва Палацу піянераў горада Гродна.

Студэнты не толькі працавалі на ўсесаюзнай будоўлі, калгасах і саўгасах, але і вялі шэфства над сельскімі школамі, удзельнічалі ў арганізацыі і працы летніх лагераў для школьнікаў, праводзілі выхаваўчую працу з “цяжкімі падлеткамі”, даглядалі помнікі загінулых у гады вайны, а таксама дапамагалі рамантаваць і афармляць сельскія клубы і бібліятэкі.

ПРАЗ ПЯЦЬДЗЯСЯТ ШЭСЦЬ ГОД…

З пары першага студатрада прайшло пяцьдзясят шэсць год, але попыт на працу сярод студэнцкай моладзі падчас летніх канікул штогод толькі ўзрастае.

Сёлета 700 студэнтам-купалаўцам удалося папрацаваць у педагагічных, будаўнічых, сэрвісных, прамысловых і экалагічных сферах на прадпрыемствах Беларусі і Расіі. Усяго ў гэтым годзе дзейнічала 40 студатрадаў.

Самыя шматлікія – педагагічныя. У студэнтаў была выдатная магчымасць атрымаць практычны вопыт работы з дзецьмі ў летніх аздараўляльных лагерах Беларусі – “Купалінка”, “Зорка Юбілейная”, “Сузор’е”, а таксама “Жамчужына Расіі” ў горадзе Анапа Расійскай Федэрацыі.

Галаўкова Вольга, студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта, на працягу 18 дзён працавала выхавальнікам у лагеры “Дружба”. На гэты час ёй было даверана 40 дзяцей ад сямі да дзесяці гадоў. Кола яе абавязкаў – выхаванне, догляд за дзецьмі, падрыхтоўка мерапрыемстваў, адсочванне рэжыму дня:

У лагеры ўжо працую трэці год запар. Набіраюся вопыту ў педагагічнай працы. Цудоўна, што ёсць магчымасць папрацаваць з дзецьмі розных узростаў. Калі знаходзішся з імі 24 гадзіны сем дзён на тыдзень, то хочаш не хочаш, а перажываеш разам з імі, радуешся разам з імі і вучышся знаходзіць падыход да кожнага. Адначасова пераконваешся ў правільнасці абранай спецыяльнасці.

Мікіта Гура, студэнт 3 курса, юрыдычнага факультэта, у якасці камандзіра атрада працаваў у лагеры “Жамчужына Расіі” ў горадзе Анапа. У яго функцыі ўваходзіла праца з важатымі, а таксама з дзецьмі ва ўзросце ад сямі да сямнаццаці год:

Падчас працы з дзецьмі я адпачываю псіхалагічна. Мне падабаецца назіраць за дзецьмі. Яны заўсёды вучаць чамусьці новаму. Да таго ж вопыт узаемаадносін з людзьмі мне спатрэбіцца ў маёй далейшай прафесійнай дзейнасці.

У гэтым годзе з’явіўся і экалагічны студатрад, байцы якога працавалі на ГЛГУ “Гродзенскі лясгас”. Студэнтка 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі Кацярына Аксёнкіна, якая была ў складзе гэтага атрада, падзялілася сваімі ўражаннямі:

А восьмай гадзіне раніцы нас на аўтобусе адвозілі ў поле, дзе мы высаджвалі маладзенькія бярозкі, клёнікі, елачкі, дубкі. Для мяня гэта быў карысны вопыт, таму што ляснічыя нам расказвалі пра спецыфіку іх работы, пра асаблівасці дрэў. Мы мелі магчымасць хадзіць у лес і збіраць рэдкія расліны.

Не менш актыўны ўдзел купалаўцы прынялі у будатрадах на аб’ектах ААТ “Белцеплаізаляцыя”, КУП “Рэмбудаўтадор”, “Гроднапрамбуд”, Беларуская АЭС, ГрДУ імя Янкі Купалы і іншых.

Камандзірам будатрада з 8 чэрвеня па 23 жніўня быў Дзмітрый Ківель. Пад яго кіраўніцтвам атрад выконваў будаўнічыя працы на аб’екце ўніверсітэта.

Мне трэба было замацоўваць пэўныя ўчасткі работ за канкрэтнымі студэнтамі, правяраць якасць выкананай працы, адсочваць розныя нюансы па дапрацоўцы і самому ўдзельнічаць у працы па аздабленні корпуса інтэрната. У першую чаргу я атрымаў добры вопыт кіраўніка.

У складзе сэрвісных атрадаў студэнты працавалі ў Цэнтры тэсціравання і прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама кухоннымі рабочымі і выратавальнікамі ў летнім аздараўляльным лагеры “Жамчужына Расіі” ў горадзе Анапа.

Акрамя таго, студэнты Купалаўскага ўніверсітэта ў складзе вытворчых атрадаў былі задзейнічаны на сумесным расійскабеларускім прадпрыемстве СААТ “ДЗІФА” па вырабу фільтраў ачысткі паветра, масла і паліва для легкавой, грузавой, сельскагаспадарчай і дарожнай тэхнікі.

Адпачываюць байцы студатрадаў падчас арганізаваных культурных мерапрыемстваў, спартыўных, творчых, інтэлектуальных турніраў.

Час ідзе, студэнты змяняюць адзін аднаго, а рамантыка студатрадаў застаецца ў памяці назаўсёды.

Таццяна СУШКО

Поделиться

Вам может также понравиться...