Вядомы лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі сустрэўся са студэнтамі і супрацоўнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы

Вядомы лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі сустрэўся са студэнтамі і супрацоўнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Тэматычная сустрэча “Беларускі след на зорным небе” прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу ў ГрДУ імя Янкі Купалы 30 верасня.

Даведацца пра распарадак дня на караблі, падрыхтоўку да палёту і першыя эмоцыі ў космасе купалаўцы змаглі дзякуючы шчырай размове з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім. Пра адчуванне часу на караблі, аматарскія палёты у космас і нават пра “касмічнае” чаяпіцце – пытанняў у гэты дзень было шмат.

Узгадваючы свае першыя ўражанні ў космасе, лётчык расказаў, як прывабліваюць бачныя з ілюмінатара фарбы зямлі. За суткі станцыя выконвае 16 віткоў вакол зямлі, таму атрымліваецца ўбачыць практычна ўсю планету ў розны час, а паўночнае ззянне з борта касмічнага самалёта зачароўвае.

Як расказаў лётчык, дзень на станцыі пачынаецца ў 6 гадзін, далей фізкультура, сняданак. Праца пачынаецца з 8 гадзін, перапынак на абед з 13 да 15 гадзін.

Што датычыцца падрыхтоўкі да палёту, то працягваецца яна не адзін год:

Касманаўты абавязкова праходзяць пільны псіхалагічны адбор, трэніруюцца і вывучаюць канструкцыю карабля. Ад моманту адбору да першага палёту ў мяне, напрыклад, прайшло 5 гадоў. Пры непасрэднай падрыхтоўцы да палёту мы вывучаем усе непрадбачныя сітуацыі, якія могуць адбыцца на караблі, – дзеліцца касманаўт.

Жыць у міры і берагчы гэтую планету – крэда лётчыка-касманаўта, якое ён сфармуляваў, вярнуўшыся на зямлю. Самае складанае ў палёце, як прызнаўся госць, – гэта недахоп адносін з сябрамі і блізкімі людзьмі:

Не хапае адносін з дзецьмі, звычайнага подыху ветру, дажджу, тых простых рэчаў, якія мы на зямлі не заўважаем і часта не цэнім.

Ён паабяцаў, што ў свой трэці палёт у 2021 годзе, да якога зараз ужо рыхтуецца, памахае купалаўцам рукой з космасу.

Марыя ПАНІЧАВА

Поделиться

Читайте также: