Мікалай Даніловіч: успаміны пра трагедыю вёскі Бабіна падчас Вялікай Айчыннай вайны

Ад аўтара:

Усіх жыхароў сваёй вёскі Бабіна, якія выжылі ў Вялікай Айчыннай вайне (акрамя аднаго), я добра памятаю. Для кожнага з іх незагойнай ранай была трагедыя роднай вёскі. З самага ранняга дзяцінства я многа разоў чуў аповеды землякоў пра партызанаў, пра тое, як было знішчана Бабіна нямецкімі карнікамі. Пра гэтую трагедыю пастаянна напамінаў і напамінае помнік на брацкай магіле за маёй роднай бацькоўскай хатай. Час паступова сцірае жывую памяць пра тыя падзеі. І мне захацелася апісаць у дэталях тое, што перажылі мае аднавяскоўцы і пасля расказалі мне. Многія з іх ужо адышлі ў іншы свет. Апошнія дзесяць гадоў я мэтанакіравана стаў цікавіцца гэтай тэмай, прасіў відавочцаў расказаць або запісаць успаміны на паперу ці на дыктафон. Вельмі ўдзячны за гэта: сваёй маці Даніловіч Галіне Кузьмінічне, якая да канца дзён сваіх пражыла ў роднай вёсцы; маёй цётцы Сцёпінай Веры Аляксееўне, што пражывае ў горадзе Разані РФ; маёй цётцы Ханевіч Раісе Іванаўне, жыхарцы вёскі Зубраўка Шчучынскага раёна; аднавяскоўцу Хоху Міхаілу Вікенцьевічу, былому тэрапеўту Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, якога тры гады таму не стала. Дзеля захавання аб’ектыўнасці і мясцовага каларыту жыцця людзей побач з іх афіцыйнымі імёнамі прыводзяцца і  натуральныя імёны-мянушкі.

* * *

Вёска Бабіна знаходзіцца за 40 км на ўсход ад горада Гродна на ўскраіне Гродзенскага раёна, на мяжы са Шчучынскім раёнам. Месца для паселішча абрана першажыхарамі невыпадкова. З усіх бакоў навакольная тэрыторыя акаймавана балотамі, вёска знаходзіцца як бы на паўвостраве, які злучаецца з асноўным масівам сушы невялікім, шырынёй каля 200 м, перашыйкам. Падобнае размяшчэнне маюць многія мясцовыя вёсачкі. Першапасяленцы спецыяльна выбіралі такі ландшафт. Балоты з’яўляліся надзейнай засцярогай ад лясных пажараў, якія ў ранейшыя часы здараліся нярэдка і былі грознай знішчальнай стыхіяй.

У мінулым важным жыццядайным кампанентам вяскоўцаў выступаў лес. Ён быў кармільцам, ахоўваў ад небяспекі ў ваенныя ліхалецці, наталяў прагу душы, якая імкнулася да чагосьці прыгожага, узнёслага, высакароднага. Летам усе, і старыя і малыя, збіралі ў лесе сабе і на продаж грыбы і ягады і мелі ад гэтага важкі прыбытак. На балоце нарыхтоўвалі сена на зіму каровам, коням, авечкам. Зімою мужчыны хадзілі на паляванне, пілавалі і лядавалі лес, выраблялі з драўніны посуд, вазы, сані, кросны, калаўроткі, плялі лапці з нарыхтаванага летам лыка, кошыкі з лазовых дубцоў і хваёвых каранёў. Жанчыны займаліся хатнімі справамі: гадавалі дзяцей, гатавалі ежу, кармілі жывёлу, церлі лён, пралі кудзелю, воўну, ткалі кросны, шылі адзенне. Дзеці хадзілі ў школу за тры кіламетры ў вёску Новая Руда.

У 1939 г. паводле пакта Молатава – Рыбентропа Заходняя Беларусь падпала пад сферу ўплыву СССР і ўз’ядналася з БССР. Жыхары Бабіна будавалі мірнае жыццё, але час ад часу іх трывожылі звесткі, што можа пачацца вялікая вайна з Германіяй, якая выношвала захопніцкія планы на ўсход. Так, 20 чэрвеня 1941 года ў Бабіна з Віцебска прыехала пагасцяваць родная сястра Марыі Якаўлеўны Хохі (Марылі) Мухніцкая Мальвіна (муж яе Віктар у 1937 годзе быў рэпрэсаваны і расстраляны) са сваім адзінаццацігадовым сынам Арнольдам (Арыкам). Дык вось Мальвіна расказвала, што ў цягніку ехала з дзвюма жанчынамі, жонкамі афіцэраў, і яны пад сакрэтам сказалі, што вось-вось пачнецца вайна з Германіяй.

Праз двое сутак Мальвіна з сынам пайшлі ў Новую Руду зарэгістравацца ў сельсавеце. Па дарозе сустрэлі Хоху Марыю Кузьмінічну з Бабіна, якая працавала сакратаром сельсавета. Марыя сказала, каб вярталіся назад, бо сельсавет ужо не працуе. Немцы ў Гродне і хутка будуць тут. Мальвіна не змагла пасля гэтага вярнуцца ў Віцебск і ў часы нямецкай акупацыі жыла пры сястры (памерла ў 1943 годзе).

Прыйшоўшы дадому, Марыя расказала, што да яе ў сельсавет завітала некалькі чалавек, настроеных супраць савецкай улады (былі і такія), і запатрабавалі аддаць ключы і пакінуць памяшканне. А ў сельсавеце засталіся дакументы, паводле якіх у небяспецы маглі аказацца савецкія актывісты. Самой Марыі вяртацца туды не мела сэнсу, была ўпэнена – не пусцяць, надта прыкметная асоба. І яна папрасіла сваю чатырнаццацігадовую сястру Галю, каб тая пайшла і вынесла дакументы. Дала запасны ключ, расказала, у якіх шуфлядах што ляжыць і што трэба забраць. Галя непрыкметна пранікла ў памяшканне сельсавета, знайшла тое, што трэба, і ўхітрылася схаваць не ў кішэнях, а ў самых патаемных месцах. Калі выходзіла, на ганку яе сустрэлі, пачалі абшукваць, але распранаць не сталі. Такім чынам удалося вынесці тое, што магло стаць кампраматам, які пагражаў жыццю людзей.

На трэці дзень вайны немцы ўжо былі ў Новай Рудзе, на чацвёрты – наведаліся ў Бабіна. Прыехалі на двух матацыклах. Успамінае Хоха Міхаіл Вікенцьевіч (тады яму было 10 гадоў):

“Яны без усякага сораму і страху распрануліся каля калодзежа Івана Шведа, памыліся, загаралі. Адзін напалохаў нас, дзяцей, бо пайшоў да нас на руках нагамі ўгору. Відаць, быў спартсмен. Пасля запрасілі: “Матка – яйка”. Ім прынеслі сырыя яйкі. Яны тут жа іх выпілі, пазагаралі з паўгадзіны і паехалі”.

Праз колькі часу  немцы зноў наведаліся, але паводзілі сябе менш “культурна”. Успамінае Сцёпіна Вера Аляксееўна (тады ёй было 9 гадоў):

“Помню, як праз тыдняў 2-3 зноў з’явіліся немцы. Яны прыехалі на матацыклах. Сталі бегаць па вёсцы, лавіць і забіваць курэй, у хатах забіралі ежу. Пачуўшы чужую мову, стрэлы, мы, дзеці, спалохаліся, схаваліся пад ложак і там сядзелі, пакуль фашысты не пакінулі вёску… У нашай вёсцы многія вырошчвалілі клубніцы. Немцы прымушалі ўсіх жанчын і дзяцей збіраць для іх ягады. Стаялі побач з аўтаматамі і не дазвалялі з’есці ніводнай ягады, а сабранае  забіралі”.

На самым пачатку вайны ў лясах хавалася шмат савецкіх салдат-акружэнцаў, якія шукалі магчымасць выйсці з акружэння і прарвацца праз лінію фронту да сваіх. Успаміны Веры Аляксееўны:

“І вось аднойчы вельмі спякотным ліпеньскім днём мы ўбачылі, як па дарозе да вёскі падыходзяць нашы чырвонаармейцы: пешыя, на конях, з абозам. Іх многа-многа. Твары чорныя ад пылу, патрэсканыя вусны, усе ў касках, у абозе – раненыя. Убачыўшы калодзеж у нашым двары, пешыя ірвануліся да яго. Пачалася даўка. І раптам у небе над вёскай закружыўся фашысцкі самалёт. Да гэтага ашалелага ад смагі натоўпу салдат падскочыў на кані камандзір. Ён стаў моцна крычаць, каб усе неадкладна сыходзілі ў лес, у сховішча, інакш зараз паявяццца нямецкія бамбардзіроўшчыкі і загубяць не толькі сябе, але і жыхароў вёскі. Але не ўсе падпарадкаваліся загаду адразу, тады ён выхапіў дубец ці нагайку і пачаў збіваць гэтых няшчасных. Я з болем глядзела на ўсё гэта, з плачам і крыкам кінулася да мамы. Яна стаяла як скамянелая, строга сказаўшы два словы: “Так трэба!” А самалёт-разведчык праз хвілін 30 зноў вярнуўся, зрабіў некалькі кругоў і паляцеў. Салдат у вёсцы не было, яны ўсе пайшлі ў лес. Пасля нам патлумачылі, што гэта цэлы полк прарываўся да лініі фронту. Праз гадзіну я даведалася, што мой тата  па просьбе камандзіра стаў правадніком у лесе. Ён завёў чырвонаармейцаў у глыб лесу да возера, дзе ўсе змаглі напіцца і напаіць коней, зварыць абед і накарміць байцоў і раненых. А мама і іншыя жанчыны сабралі яйкі, малако, хлеб, усё, што засталося пасля рабавання немцаў, аднеслі і аддалі для раненых. Мне невядома, ці выйшаў гэты полк з акружэння, але мы пасля ў лесе знаходзілі процівагазы і іншы вайсковы рыштунак. І цяпер мы па-сапраўднаму сталі разумець, што вайна – гэта штосьці страшнае”.

Хоха Міхаіл Вікенцьевіч
Ханевіч Раіса Іванаўна (жанчына справа)

Гэтая самая падзея ва ўспамінах Хохі Міхаіла Вікенцьевіча:

“Праз тыдзень ускрай Бабіна праходзіла вайсковая часць чырвонаармейцаў. Іх было больш за сто чалавек. Асобныя салдаты забягалі ў двары, дзе атрымлівалі хлеб  і сала. І ў наш двор зайшоў адзін салдат. Маці падала яму бохан хлеба, вялікі кавалак сала і з плачам прамовіла: “Не пакідайце нас, салдацікі!” – “Мы яшчэ вернемся”, – адказаў салдат. За адступаючымі сачылі нямецкія самалёты. Сярод вайскоўцаў былі раненыя.  Па дарозе ў вёску Прыдоўгае яны пакінулі забітых салдата і жанчыну-ўрача. Мясцовыя людзі пахавалі іх у лесе. Сцежкі, па якіх адступалі чырвонаармейцы (іх было 3–4) доўга не зарасталі травой і ягаднікам. У 1970 годзе прах пахаваных перанеслі бліжэй да дарогі і паставілі помнік”.

Даніловіч Галіна Кузьмінічна

На акупаванай тэрыторыі немцы пачалі ўстанаўліваць “орднунг” – парадак. Адной з першачарговых задач было выяўленне і нейтралізацыя тых, хто служыў ці спачуваў савецкай уладзе. Хоха Марыя Кузьмінічна, былы сакратар Наварудскага сельсавета, адчувала, што яе пасада не будзе па-за ўвагай немцаў, рана ці позна яны прыйдуць па яе душу. Даводзілася хавацца. Бацька зрабіў схованку ў лесе, куды яна хадзіла начаваць. Кепскія прадчуванні ў хуткім часе спраўдзіліся. Прыкладна праз тыдзень ад пачатку вайны завіталі немцы.

Мая маці, Галіна Кузьмінічна (тая, што вынесла з сельсавета дакументы), успамінала, што немцы зайшлі ў хату. Загадалі ўсім сядзець, нікуды не выходзіць. Сястра Марыя якраз тады была дома. Пачалі рабіць вобыск. Перапаролі, ператрэслі ўсё ўсюды, дзе толькі можна: ў шафах, пад бэлькамі, на гарышчы, у адрыне, у хлявах. Відаць, найперш іх цікавілі сельсаветаўскія паперы. Ці знайшлі яны што-небудзь, маці не памятае. Марыі сказалі збірацца. Яе завезлі ў мястэчка Парэчча ў жандармерыю. Там дапытвалі, білі. Бацька Марыі, родзічы, суседзі моцна перажывалі, не сумняваліся, што загубяць фашысты дзяўчыну. Трэба паспрабаваць нешта зрабіць, каб выбавіць яе з бяды. Знайсці выйсце прапанавала суседка цётка Надзя, жанчына мудрая і набожная. Яна ведала, што наварудскі ксёндз Казімеж Грабоўскі спагадлівы да людзей, карыстаецца даверам і ў немцаў, да яго думкі яны прыслухоўваюцца. А што калі падысці да яго і папрасіць, каб ён нейкім чынам заступіўся за Марыю. Сабралі калектыўна хабар для нямецкага начальства, і адправілі Надзю да ксяндза. Ён выслухаў просьбу і падрадзіўся дапамагчы. Спецыяльна паехаў у Парэчча да начальніка жандармерыі. І вельмі своечасова, праз дзень было б ужо позна: якраз Марыю збіраліся некуды весці, магчыма, на расстрэл. Прынятыя захады далі плён. Ксяндзу ўдалося ўзяць на парукі Марыю, яе адпусцілі з умовай, што кожны тыдзень яна будзе прыходзіць у камендатуру мальдавацца (адзначацца). Ксёндз Казімеж Грабоўскі дапамог многім людзям, але пазней і сам паплаціўся за гэта, быў знішчаны немцамі. У Новай Рудзе каля касцёла пастаўлены яму помнік.

Нямецкі “парадак” вяскоўцы адчулі адразу. У Новай Рудзе ў школьным памяшканні размясцілася нямецкая мясцовая улада. Начальнікам быў пастаўлены немец, які мог трохі размаўляць па-польску. Яму жыхары вёскі далі мянушку Рыжы. Быў абраны солтыс (у нашым разуменні – стараста). Сяляне амаль палову сваіх даходаў павінны былі аддаваць на патрэбы немцаў. Так, восенню прыязджалі зборшчыкі і ў кожным двары забіралі амаль усё зерне, пакідаючы толькі па 10 кг на члена сямі. Пасля забою парсюка палову яго трэба было адвезці ў Парэчча і здаць уладам. Кожную раніцу з Бабіна насілі ў Новую Руду свежае малако. Каб выжыць, сялянам даводзілася хітраваць, утойваць частку маёмасці. Так, са свіней у хляве трымалі толькі адну галаву. Астатніх хавалі ў лесе, непадалёку ад вёскі. Там непрыкметна для варожага вока рабілі ім загарадкі, кармілі і калолі. Збожжа, бульбу закопвалі ў сховішчы-ямы.

Напачатку, да актывізацыі партызанскага руху, нямецкія ўлады не сказаць, каб надта лютавалі. Іх задачай было “прывучэнне” насельніцтва да парадку, паслухмянасці, безадказнага выканання загадаў, выхаванне, у іх разуменні, культуры адносін. За парушэнні людзі атрымлівалі рознага роду пакаранні, штрафы. Напрыклад, калі ідзеш па вуліцы, то нельга глядзець у вокны чужой хаты. У хатах павінны быць парадак і чысціня. Нямецкі камісар у Парэччы любіў праводзіць розныя конкурсы, агляды. Адзін раз арганізаваў агляд коней. Гаспадары з усёй акругі павінны былі ў ім удзельнічаць. Хоха Вікенцій Сямёнавіч (Вінцук) сваю кабылу перад гэтым некалькі дзён добра карміў, вычысціў. Але на аглядзе ўсё ж атрымаў заўвагу, бо ў Машкі шчоткі – пучкі валасоў над задняй часткай капытоў – былі трохі запэцканыя. За гэты недагляд Вінцуку загадалі два дні адпрацаваць на будоўлі канюшні. Вінцук быў інвалідам – адна нага карацейшая на 12 см, і ён сказаў, што не зможа выконваць будаўнічыя работы. Але яго запэўнілі: “Без работы не застанешся – будзеш раўняць цвікі”. І ён два дні ездзіў у Парэчча і раўняў малатком раней выкарыстаныя цвікі.

У 1941 годзе ў навакольных лясах тулялася нямала людзей. Гэта  савецкія вайскоўцы, якія не змаглі выйсці з акружэння,  уцекачы з нямецкага палону, мясцовыя партыйныя і камсамольскія актывісты, кіраўнікі ўладных структур. Яны ратаваліся ад нямецкага пераследу з надзеяй, што немцы глыбока ў лес не адважацца залезці і што вайна надоўга не зацягнецца, немцы хутка адступяць. У экстрэмальных умовах трэба было нейкім чынам выжываць, тым больш што наперадзе зіма. І людзі думалі, што рабіць далей. Дапамагалі ім мясцовыя леснікі, паляўнічыя. Паступова лясныя жыхары аб’ядноўваліся ў партызанскія групы і атрады, якія ставілі сваёй задачай не толькі выжыць, але і змагацца з акупантамі.

Пра адну з такіх груп піша яе кіраўнік А.А. Патапаў у кнізе “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна” (1993):

“У канцы жніўня мы прыйшлі пад Гродна. Абсталяваліся на хутары Навішча каля в. Шчанец. Выкапалі дзве зямлянкі, адну на беразе р. Котра каля в. Шчанец, другую – ва ўрочышчы Чортава Балота каля в. Бабіна… У канцы верасня 1941 г. да мяне далучыліся Віталь Сыты і Люба Зарко, былыя члены КПЗБ з в. Бандары, Сямён і Віталь Таранкі з хутара Крушнікі, Мікалай Корзун і Аляксей Козін з в. Шчанец”.

На нашу думку, А.А. Патапаў, гаворачы пра другую зямлянку, крыху сказіў тапанімічную назву, спалучыў у адно дзве рэальныя назвы – Святое балота і Чортава возера. Я адшукаў месца, дзе была зямлянка. Выразныя рэльефныя сляды яе захаваліся да нашага часу на стромым беразе Святога балота. Метраў за 300–400 сярод бору знаходзіцца невялікае Чортава возера. Месца выбрана невыпадкова: глухі лес, заслона ад вятроў, наяўнасць побач вады.

Месца гэтае, прыкладна два  з паловай кіламетры ад Бабіна, усё ж такі было не зусім надзейнае, і калі партызанская група стала большай, яна перасялілася ў глыб Святога балота. Мясцовыя жыхары падказалі новае месца – гэта грудавое ўзвышша сярод балотнай багны непадалёку ад возера Шчучча.

Партызаны, зразумела, не маглі б выжыць без падтрымкі мірных жыхароў вёсак. Успамінае Сцёпіна Вера Аляксееўна :

“Пацягнуліся доўгія дні вайны. Мы сталі жыць “ад гасцей да гасцей”. Днём быў набег фашыстаў, якія забіралі харчовыя прадукты, а ноччу прыходзілі партызаны, і мае бацькі дзяліліся тым, што ўдалося схаваць ад немцаў. А ў нашым хляве мае родныя выходжвалі раненага партызана. Гэта было вельмі небяспечна”.

Успамінае мая маці Даніловіч Галіна Кузьмінічна:

Даніловіч Галіна Кузьмінічна

“Партызаны наведваліся часта. Раз зайшлі да Рыгора, але іх не пакармілі. Тады яны пайшлі ў суседнюю хату да Вінцука. Чатыры чалавекі. Там іх пасадзілі за стол, далі есці. На пасядушках (на вячорках) у Вінцука тады быў Юзік Янучкаў, які служыў у немцаў лесніком і жыў у леснічоўцы за кіламетр ад вёскі. Вінцуковыя надта баяліся, каб Юзік не данёс немцам пра партызан. Але ён быў чалавек добры, знаўся таксама з партызанамі, і ўсё абышлося”.

Як бы ні было цяжка, але бабінцы без прымусу, шчыра імкнуліся дапамагчы партызанам, лічылі гэта сваім абавязкам. Так, Хоха Валодзя (Валадзісты) і мой дзед Хоха Кузьма (Казюк) былі заядлымі паляўнічымі, часта блукалі па лясах і наведвалі партызанскі лагер, там іх прымалі як сваіх. На лясных дарогах яны знаходзілі кінутую зброю і перадавалі партызанам. Мая цётка Марыя не раз мыла партызанам бялізну. Хоха Надзя, маці Веры Аляксееўны Сцёпінай, пякла партызанам хлеб. Яна была вельмі набожнай, лічыла, што трэба дапамагаць тым, хто аказаўся ў бядзе, і казала: “Без дабрыні і веры няма дарогі ў царства Божае”. Муж маёй цёткі Насці, каваль Міцька Лугоўскі, жыў у вёсцы Завадзічы, але часта канём прыязджаў да сваякоў у Бабіна. Аднойчы ў якасці падарунка ён прывёз радыё на батарэйках. У той час трымаць радыё ў хаце было небяспечна – за гэта немцы маглі расстраляць. Мой дзядзька Міша аднёс радыё ў партызанскі лагер і пасля кожны тыдзень хадзіў паслухаць навіны. Аднойчы ён прынёс звесткі пра перамогу Савецкай Арміі ў бітве пад Сталінградам. Як радаваліся вяскоўцы, перадаючы адзін аднаму і абмяркоўваючы пад сакрэтам гэтую вестку!

Чым далей, тым болей непакоілі акупацыйную ўладу беларускія партызаны. Ёй важна было даведацца, дзе яны ёсць, колькі іх, як яны арганізаваны, ці трымаюць сувязь з грамадзянскім насельніцтвам. Жыхары Бабіна і навакольных вёсак многае ведалі пра партызан, але ніякая, нават самая мізэрная інфармацыя, не прасачылася ад іх ворагу. Нават тыя, хто служыў у немцаў, напрыклад, з суседняй вёскі Новая Руда леснікі, ды і сам солтыс, не дазвалялі сабе, кажучы сённяшняй лексікай, шасцярыць. Адчуваючы гэта, чужынцы, каб мець інфармацыю, выкарыстоўвалі розныя хітрыя прыёмы. Напрыклад, падсылалі ў вёску правакатараў (іх мясцовыя людзі называлі “нямецкія шпіёны”). Адной раніцы Хоха Кузьма пайшоў аходжвацца (карміць жывёлу). Зайшоў у адрыну набраць сена, а там адпачываюць два чалавекі, абарваныя, нябрытыя. На пытанне, хто такія, яны сказалі, што ўцяклі з нямецкага палону і шукаюць партызанаў, хочуць трапіць у іх атрад. Далей яны настойліва сталі ўпрошваць Кузьму, каб ён завёў іх у партызанскі лагер. Вопытны, назіральны паляўнічы адразу адчуў, што гэта не тыя, за каго сябе выдаюць. І адказаў, што не ведае ніякіх партызанаў, ніхто іх нідзе не бачыў, а калі ўцекачы так моцна хочуць, то хай самастойна шукаюць партызанаў. Вярнуўшыся ў хату, Кузьма занепакоіўся. Што рабіць? Адпаведна ўказу мясцовыя жыхары павінны паведамляць пра ўсялякіх падазроных асобаў. За невыкананне  можа быць строгае пакаранне, нават расстрэл. Калі гэтых двух падаслалі немцы, то справа ў іх на кантролі, і калі не заявіць немцам, то яны могуць абвінаваціць у спагадзе партызанам. І Кузьма рашыўся, пайшоў і далажыў нямецкаму начальству пра тое, што адбылося. Яго спакойна выслухалі і загадалі ісці дадому. Больш не турбавалі. Кузьма ўпэўніўя, што гэтыя два абарванцы спецыяльна падасланы немцамі, і быў задаволены, што беспамылкова сарыентаваўся і прыняў правільнае рашэнне.

Прыходзілі ў вёску і іншыя правакатары. Яны выдавалі сябе за партызан і ўгаворвалі мужчын ісці з імі разам у партызанскі атрад: там вельмі добра, вольнае жыццё, ніякі немец не страшны. Вушлыя вяскоўцы добра разумелі, што гэта за “партызаны” і адмаўляліся ад прапановы. Пасля яны дакладвалі пра няпрошаных гасцей уладам, каб сыграць, быццам у вяскоўцаў антыпартызанскія настроі.

Аднойчы позна вечарам да Хохі Аляксандра Аляксандравіча (Волеся) пастукалі ў акно. Нейкія людзі настойліва прасіліся ў хату. Увайшло некалькі мужчын  і пагрозліва загадалі сабраць і прынесці ўсё адзенне брата Юзіка. Пры Польшчы Юзік служыў лесніком.  За гэта пры саветах 10 лютага 1940 года ноччу да яго прыехалі, далі дзве гадзіны на зборы і ўсёй сям’ёю адправілі ў Сібір. Частку маёмасці, у тым ліку адзенне, забраў брат Волесь. Начныя наведвальнікі аднекуль пра гэта даведаліся, відаць, нехта падказаў з аднавяскоўцаў. Волесь з жонкай Любай вымушаны былі пазбіраць усё Юзікава адзенне, спакавалі два мяшкі. Адыходзячы, невядомыя запатрабавалі яшчэ і прадуктаў харчавання. Яны прыгразілі Волесю, што ён з’яўляецца братам ворага савецкага народа і павінен паводзіць сябе паслухмяна. Загадалі, каб да наступнага іх прыходу закалоў парсюка. Што гэта былі за людзі, невядома. Можа, правакатары, а можа, члены нейкай партызанскай групы. У акрузе, акрамя той, з якой падтрымлівалі сувязь бабінцы, дзейнічала яшчэ некалькі груп.

Волесь далажыў аб здарэнні ў жандармерыю. Гэта якраз супала з тым перыядам, калі партызаны ўжо арганізаваліся і прычынялі нямала шкоды акупантам. Прывяду некалькі вытрымак з успамінаў А.А. Патапава:

“Вясной 1942 г. партызанскія групы былі дрэнна ўзброены, асабліва не хапала патронаў, не мелі дастатковага вопыту партызанскай барацьбы, аднак для мясцовых варожых гарнізонаў уяўлялі сур’ёзную пагрозу. Гітлераўцы гэта хутка адчулі. У маі група партызан Еўдакімава знішыла 20 эсэсаўцаў, якія спрабавалі захапіць партызанскія зямлянкі. У чэрвені партызаны пад камандаваннем Картухіна захапілі пасёлак Азёры. Народныя мсціўцы знішчылі варожы гарнізон, адкрылі гета, дзе знаходзілася каля васьмі тысяч яўрэяў. На жаль, з намі пайшло толькі сямнаццаць чалавек, а большасць людзей не паверылі, што будуць знішчаны, і засталіся на месцы. А праз два месяцы ўсё насельніцтва гета было вывезена і знішчана пад Гроднам… У чэрвені 1942 г. было таксама праведзена некалькі засад на дарозе Астрына – Гродна ў раёне Чортава Балота (правільна – Святога Балота) і захоплены нямецкі абоз з прадуктамі для гарнізона ў Астрыне…  Пасля акупацыі Гродзеншчыны большасць памешчыкаў вярнулася на свае былыя землі. Засеяная зямля, жывёла, машыны былі адабраны ў сялян. Усё збожжа, звезенае ў маёнткі, акупанты рыхтавалі для вывазу ў Германію. Каб перашкодзіць гэтаму, Акруговы камітэт вырашыў падрыхтаваць і правесці аперацыю па знішчэнні збожжа, а па магчымасці – раздаць яго насельніцтву. Дзейнічалі групамі па 3–5 чалавек. 9 верасня апоўначы адначасова загарэлася 50 маёнткаў… Гітлераўцы ў паніцы ўсю ноч стралялі, не выходзячы са сваіх умацаванняў”.

Партызанамі было здзейснена і мноства дробных учынкаў, непрыемных для немцаў. Цікавае здарэнне адбылося з наварудскім начальнікам Рыжым. Ён меў звычку знянацку зайсці ў хату і праверыць парадак. Калі падлога была не падмеценая, ён клікаў гаспадыню, загадваў ёй сагнуцца, задзіраў спадніцу і лупіў “гумай” па мяккім месцы, па спіне. Пасля жанчыны пачалі хітрыць. Калі праз акно бачылі, што на падворак заходзіць Рыжы, хуценька вылівалі на падлогу вядро вады, бралі анучу і рабілі выгляд, што старанна прыбраюць у хаце. Немец, адчыніўшы дзверы і ўбачыўшы ўсё гэта, ухвальна прамаўляў: “Гут-гут!” Адзін раз партызаны назаўсёды адвучылі яго ад гэтай звычкі. Яны ішлі з Новай Руды ў Глушнева: два чалавекі – па дарозе, астатнія – поруч непрыкметна паабапал дарогі праз лес. Насустрач на веласіпедзе ехаў Рыжы. Перад мужчынамі ён спыніўся і загадаў паказаць дакументы. Тыя, замест дакументаў,  дасталі пісталеты і загадалі распранацца. З лесу выйшла яшчэ некалькі партызанаў. Прымусілі Рыжага агаліцца да ніткі. Пасля ўзялі ягоную ж “гуму”, якой ён любіў лупцаваць жанчын, перацягнулі некалькі разоў ёю па адпаведным месцы і папярэдзілі: “Калі яшчэ раз зачэпіш хоць адну нашу жанчыну, то зноў пакаштуеш гумовай кашы”. Немца не маглі забіць, бо дзейнічаў указ – за кожнага знішчанага ворага падлягаюць знішчэнню 10 мірных жыхароў. Немец голы дабраўся да крайняй хаты ў Новай Рудзе, там яму знайшлі адзенне.  Пасля гэтага ён пакінуў жанчын у спакоі.

Партызанскі рух паступова ператвараўся ў грозную сілу, другім фронтам у тыле ворага. Немцы сталі распрацоўваць планы і прымаць захады па знішчэнні партызанаў. Праз сетку агентуры, запалохванні, катаванні схопленых падпольшчыкаў, паказанні здраднікаў яны ўжо мелі звесткі пра месцы дыслакацыі партызанскіх лагераў, пра прыкладны колькасны склад партызанскіх груп і рыхтаваліся да іх знішчэння. Мне невядома, кім распрацоўваўся план карнай аперацыі, якая структура гэтага плана, хто і як ажыццяўляў аперацыю. Для ўзнаўлення поўнай карціны гэтага неабходна вывучэнне архіўных матэрыялаў. Я проста апішу падзеі, сведкамі якіх былі жыхары вёскі Бабіна, што засталіся жывымі пасля вайны,і жыхары навакольных вёсак, якія расказвалі мне пра гэта многа разоў.

31 снежня, перад самым Новым годам, немцы пачалі аперацыю па знішчэнні партызанаў у Святым балоце. Планавалася акружыць лагер двума атрадамі. Адзін ішоў з боку вёскі Бабіна, а другі – з боку вёскі Дубінка. Першы атрад павінен быў падысці непасрэдна да лагера і сагнаць партызан. Меркавалася, што уцякаць партызаны будуць не ў глыб балота, а па сушы ў бок Дубінкі, а там іх сустрэне другі атрад і нікому не пакіне шанцаў уцячы.

Правадніком першага атрада быў сын солтыса з Новай Руды. Усё рабілася таемна. Атрад ішоў не праз вёску, а лесам збоку Бабіна, праз сенажці Грудок, Вялікую, праз балота Алёс, праз урочышча Пераходы. Другі атрад з боку Дубінкі вёў ляснік з гэтай вёскі. Расказвалі, што немцы яму не надта давяралі, таму накінулі вяроўку на шыю і трымалі перад сабой, як сабаку.

Немцы трохі пралічыліся ў сваіх планах. Яны не думалі, што у партызанаў дзейнічае прадбачлівая каравульная сістэма. Воддаль ад лагера на горцы стаяў партызанскі дазорны. Заўважыўшы, што набліжаюцца немцы, ён выстраліў угору і кінуўся ў лагер, каб паведаміць пра ўбачанае. Немцы падумалі, што перад імі ўжо партызыны і распачалі асцервянелую страляніну з аўтаматаў. Другая група немцаў, якая ішла з боку Дубінкі насустрач, успрыняла страляніну як бой з партызанамі і паспяшалася, каб сустрэць адступленне партызанаў шквальным агнём. У хуткім часе атрымалася так, што абодва атрады немцаў стралялі адзін у аднаго. Выкарыстаўшы гэтую неразбярыху, партызаны вельмі хутка, у чым стаялі, кінуліся наўцёкі і пабеглі не сушай, як меркавалі чужынцы, а праз балота (добра, што яно было замерзлае), у бок вёскі Сухары. Далей яны заглыбіліся ў глухія балоты на тэрыторыю Літвы, не страціўшы ніводнага чалавека.

Прайшоў некаторы час, пакуль немцы разабраліся, што страляюць па сваіх. Перастрэлку спынілі і пайшлі асцярожна на лагер. У лагеры к гэтаму часу ўсіх партызанаў ужо і след прастыў. Немцы збольшага развалілі зямлянкі і забралі некаторыя рэчы.

Мая маці Галіна Кузьмінічна ўспамінала, што назад немцы ішлі ўжо не хаваючыся, дэманстрацыйна, па дарозе праз вёску. З сабою неслі некаторыя трафеі, падушкі, коўдры, посуд і іншае, як доказ разгрому партызанскага лагера. Ханевіч Раіса Іванаўна ўспамінае, што ў вёсцы яны накіраваліся да сядзібы Волеся, магчыма, захацелі зрабіць прывал, каб адпачыць, перакусіць. Пасля гэтага пайшлі па дарозе ў Новую Руду. “Мы глядзелі ў акно, – апавядае Раіса Іванаўна, – і разважалі, за якія такія заслугі немцы ўважылі Волеся, што зайшлі да яго. Вечарам ён завітаў да нас пасядзець і сказаў, што ўсё – Бабіна прапала. На пытанне, чаму яно прапала, ён нічога не адказаў і выйшаў”. Пасля мы даведаліся, што ў выніку перастрэлкі немцы ранілі свайго ж салдата, які ў хуткім часе памёр. Зразумела, што яны не маглі прызнаць сваю віну ў гібелі немца ў час перастрэлкі і спісалі гэта на партызанаў. А тады дзейнічаў указ: за аднаго забітага немца – павінны быць пакараны смерцю дзесяць мірных жыхароў.

Жыхары Бабіна адчулі сябе як на гарачым вуголлі. Кожны дзень, кожную ноч узмацнялася трывога, адчуванне набліжэння нядобрага. І свята Каляды адсвяткавалі не так, як заўсёды, без асаблівай радасці і надзеі.

10 студзеня 1943 г. у вёску завіталі солтыс і Рыжы. Заходзілі ў кожную хату, аглядалі пакоі. Найдаўжэй затрымаліся ў хаце Хохі Грыгорыя Сямёнавіча (Рыгора), яна нечым ім найбольш спадабалася, відаць, тым, што самая вялікая, з прасторнымі пакоямі. Калі ў іх запыталі, што яны шукаюць, яны адказалі: хату пад кіно. Рыжы дабавіў па-польску фразу: “У Бабіно ютро бэньдзе кіно”. На пытанне, навошта прывозіць кіно сюды, калі мы можам  схадзіць у Новую Руду паглядзець, яны нічога не адказалі. Вяскоўцы з хаты ў хату перадавалі гэтую фразу немца і думалі-гадалі, што яна можа значыць. Некаторыя выказвалі думку, што гэта ў алегарычнай форме папярэджанне, намёк на тое, каб рыхтаваліся да бяды. Трывога нарастала ў кожнай хаце. Калі дзевяцігадовая Вера заспявала песню, яе маці сказала: “Не спявай, дзеткі. Трэба плакаць, а не спяваць”. Швед Міхаіл увечары, кладучы сваю дачку Раю спаць, сказаў: “Дзеткі, будзьце пакорныя, будзьце паслухмяныя. Усяго вам прыдзецца выцерпець. Будзеш ты Івану (малодшаму брату) і за бацьку, і за маці”.

Я не раз задаваўся пытаннем, калі вяскоўцы адчувалі (тым больш у завуаляванай  форме былі папярэджаны), што над імі рыхтуецца расправа, то чаму яны не пайшлі ў лес, хаця б мужчыны. Пасля пэўных разважанняў сам сабой напрошваўся адказ. А куды ісці? Зіма, холад. Партызанскі лагер разагнаны. Пакінуць жанчын і дзяцей… То гэта значыць, дабравольна аддаць іх у заложнікі. Ды і не думалася людзям, што немцы з такой жорсткасцю абыдуцца з жыхарамі. Тады ў акрузе яшчэ не было падобнай практыкі ліквідацыі вёсак. Бабіна стала першай ахвярай.

Назаўтра чарга несці здаваць малако выпала хлопцам Хоху Віцю і Хоху Гену. Да Новай Руды яны не дайшлі. На паўдарозе, каля Вялікай гары, іх запынілі і завярнулі назад, загадалі вяртацца дадому і з хаты нікуды не выходзіць. У Бабіна наехала шмат санных падводаў (стаяла халодная і снежная зіма), якімі кіравалі мужчыны з Новай Руды. Нямецкія вартавыя ачапілі вёску.

І старых і малых сагналі ў Рыгораву хату. Паставілі ўсіх разам. Успамінае Ханевіч Раіса Іванаўна: “Увайшоў у хату гестапавец. Шапка ў яго такая: на ёй костачкі такія і труп’я голавы. І выклікаў Волеся: “Хоха Аляксандр!”. Ён выйшаў, яны яго прапусцілі наперад і пайшлі за дзверы ў ганак. Доўга не было”.

Людзі стаялі можа з паўгадзіны. Не размаўлялі, бо загадана маўчаць. Толькі маці сцішана супакойвалі сваіх малых, якія, адчуваючы нешта нядобрае, пачыналі ўсхліпваць. Цікавая дэталь, на якую ўсе звярнулі ўвагу. У гэты час у хаце палілася печ, і некалькі немцаў, тулячыся каля яе, сталі грэць перад жэралам настылыя на марозе аўтаматы, рыхтаваць да “работы”. Гэта яшчэ больш дабавіла трывогі, усведамлення, што бяда не міне.

Успамінае Хоха Раіса Іванаўна: “А потым, я як сёння помню, адкрываюцца дзверы, уваходзіць Волесь уперадзе, а за ім эсэсаўцы са спіскам гэтым. Вялікі такі спісак, і стаў немец чытаць загад пад номерам такім-та. І сказаў: “Хто не вінаваты, той будзе памілаваны, а хто вінаваты, той пойдзе “до пекел”.

Паколькі размаўляць было забаронена, Хоха Марыя наступіла сваёй малодшай сястры Галі на нагу і кіўнула галавой у бок дзвярэй, каб паглядзела. Там, прыпёршыся да вушака, стаяў Волесь. Твар ад страху зямліста-шэры, і валасы стаялі дыбам. Галя (гэта мая маці) казала, што толькі адзін раз у жыцці, менавіта гэты, бачыла, што ад страху ў чалавека могуць станавіцца тарчма валасы.

Немцы стваралі выгляд, што чыняць суд па ўсіх правілах закона. Ёсць вінаватыя. Ёсць абвінавачванне. Ёсць сведка, у якасці якога быў абраны Волесь. Афіцыйна зачытваецца прысуд. За забітага немца на расстрэл прызначана 10 чалавек – таксама па правілах, адпаведных афіцыйнаму ўказу. Гэта ўжо пазней немцы пачалі чыніць свае зверствы, не аглядваючыся на якія б там ні было правілы, калі палілі людзей жыўцом у вёсках Шкленск, Сіні Камень, Запур’е, Пузавічы і іншых.

Пасля наступіў самы напружаны момант: агучваўся спіс ахвяр. Па спісе выклікалі чалавека, ён выходзіў, і яму загадвалі перайсці ў другі пакой. Людзі зразумелі, што гэта іх апошні шлях. Вось успаміны таго моманту Сцёпінай Веры Аляксееўны:

“Была ў хаце напружаная цішыня, раздаваўся толькі плач дзяцей, але маці прыціскалі іх да сябе і маўкліва супакойвалі. Помню, вывелі спачатку дзядулю (яму было каля 90 гадоў), пасля тату, а потым і маму. Ледзь адарвалі нас ад яе – яна ж абараняла траіх сваіх дзяцей: Віктара – трынаццаць гадоў, мяне – дзевяць, і малодшага брата Алёшу – шэсць гадоў. Я ніколі не забуду апошнія словы мамы: “Госпадзі! Калі ты ёсць і бачыш усё гэта, то чаму дапускаеш?!” Пасля адыходу мамы мы з Алёшам з горкім плачам прыціснуліся да старэйшага брата Віктара, які па-даросламу моцна сціснуў вусны і не плакаў, стараўся нас супакоіць. Але ў хуткім часе забралі і брата Віктара. Цяпер я перастала плакаць, моцна прыціснуўшы да сябе малодшага браціка Алёшку, стараючыся яго супакоіць”.

Месца для расстрэлу было абрана мэтанакіравана: на пагорку ў канцы вёскі, пры самай дарозе, у тым кірунку Святога балота, дзе месціўся партызанскі лагер. Каб магіла сімвалічна напамінала падарожнікам: вось што чакае непакорных, тых, хто не падпарадкоўваецца ўладзе. Магчыма, гэтае месца дапамагала выбіраць жанчына – жонка забітага немца, “нямкіня”, як казалі ў нашай вёсцы. Калі Міцька з Завадзічаў ехаў канём, яна стаяла на дарозе з каскай на галаве. Можа быць, гэта была каска забітага мужа? Калі Міцька пад’ехаў амаль упрытык,  яна дарогу яму не саступіла, зняла з галавы каску і кінула перад канём. Міцька спыніўся, злез з саней, падняў каску і падаў нямкіні, прамовіўшы: “Прошэ пані”. Толькі пасля гэтага яна дазволіла рухацца далей. Чаму яна так паступіла? Напэўна, яе душу перапаўняла нянавісць да гэтага краю, да гэтых людзей, вінаватых у смерці яе мужа. І  пакорлівасцю Міцькі яна хоць трохі задаволіла сваё самалюбства. Нямкіня хадзіла па дарозе ўзад-уперад і тады, калі вялі ўздоўж дарогі на расстрэл людзей, каб сваімі вачыма бачыць акт помсты.

Людзей выводзілі страляць праз тыльныя дзверы веранды, перыядычна, па два чалавекі. Большых дзяцей у гэты час адпусцілі, каб яны пайшлі дадому і ўзялі што-небудзь з яды і цяплейшага адзення. Мая маці, калі ішла да сваёй хаты, то бачыла, што першымі вывелі Янковіча Аляксандра (Шурку) і яго бацьку Сільвестра. Яна расказвала, што вялі два канваіры-забойцы. Ужо каля свай хаты яна чула, як стралялі па два разы: “Пах-пах. Пах-пах”. Відаць, другі стрэл – кантрольны. Пасля дарогай смерці ішлі яе сястра Хоха Марыя і  цётка Хоха Надзя. Марыя, ідучы, моцна галасіла. Яе плач разлягаўся на ўсю вёску і рэхам адгукаўся ў лесе. Трэцяй парай на знішчэнне ішлі мой прадзед Павел і Хоха Уладзімір (Валадзісты). Павел кепска сябе адчуваў, таму Валадзісты падтрымліваў яго пад руку. Ідучы, Павел ціхенька сказаў Валадзістаму: “Я ўжо стары, мне так і так паміраць. А ты паспрабуй уцякаць, бо ўсё роўна заб’юць, а так хоць нейкі шанец выжыць”. Валадзісты быў вопытны паляўнічы і на хаду сарыентаваўся, у якім месцы лепш даць ходу. Ён убачыў, што збоку недалёка ў лесе стаіць у ачапленні немец. Улавіўшы момант, ён рэзка рвануў ў бок немца, каб быць на адной лініі паміж ім і канваірамі. Тыя ўзнялі аўтаматы, але страляць не змаглі, баючыся,  што заб’юць свайго. І толькі калі Валадзісты праімчаў міма немца, пачуліся аўтаматныя чэргі, але ён быў ужо за дрэвамі. Куля ўсё ж такі зачапіла ўцекача, нязначна пашкодзіўшы мяккія тканкі бядра. Гэта не замінала бегчы далей. Валадзісты як свае цяць пальцаў ведаў мясцовы лес і пабег у глухое балоцістае ўрочышча Высокі Груд. Немцы гналіся з паўкіламетра па яго крывавым следзе. Пасля вярнуліся і, хутчэй за ўсё для свайго апраўдання, сказалі: “Здохне”. Прабегшы кіламетраў тры, Валадзісты адляжаўся ў стозе сена, а пасля асцярожна пайшоў да родзічаў у суседнія вёскі.

Учынку, здзейсненага Валадзістым, карнікі ніяк не чакалі. Яны былі вельмі раз’юшаныя і не ведалі, што рабіць, як пасля далажыць начальству пра такую ганебную прамашку. І тут камусьці з іх прыйшла ў галаву думка (магчыма, жонка забітага немца падказала), што за бацьку няхай адкажа ягоны сын. Але ж сын непаўналетні – не зусім адэкватная замена. Значыць, трэба за аднаго паўналетняга – двух непаўналетніх. І немцы, як сцярвятнікі, ухапілі трынаццацігадовага сына Гену і такога ж узросту суседскага хлопчыка Віцю. Сілай пагналі перад сабой. Далёка не адводзілі – метраў пяцьдзясят ад хаты, каля Буславага Гнязда па-зверску застрэлілі.

Расстралялі яшчэ траіх, пазначаных у спісе. Такім чынам, замест планаваных 10 чалавек, расстралялі адзінаццаць.

З Новай Руды ў Бабіна прымусова было прыгнана шмат падводаў і мужчын. Пасля расстрэлу мужчынам загадалі выкапаць яму і закапаць  забітых. З хатаў выносілі ўсе рэчы і грузілі на падводы. Людзі з суседняй вёскі вельмі эмацыянальна ўспрынялі ўбачанае, спачувалі гору. Маці расказвала, што каля яе хаты стаяў Кудлач з Новай Руды і плакаў горкімі слязьмі.

Тым, хто не быў асуджаны на расстрэл, загадалі выйсці з Рыгоравай хаты на двор і чакаць далейшых указанняў. Праз колькі часу ўсіх адвезлі ў Новую Руду, пасадзілі ў памяшканне школы для далейшага размеркавання. Там цэлы дзень сядзелі: дзеці ў адным кутку, дарослыя – у другім. Пад вечар падзялілі людзей на тры групы: першую павезлі ў Парэчча на станцыю для адпраўкі ў турму; другая падлягала высяленню з Бабіна на жыхарства ў Новай Рудзе. Трэцяя група – дзеці, якія ў выніку карнай аперацыі засталіся адны без бацькоў. Варта пералічыць асобаў з кожнай групы.

Першая група: Хоха Галіна Кузьмінічна, Хоха Кузьма Паўлавіч, Хоха Міхаіл Кузьміч, Хоха Платон Іванавіч, Хоха Серафіма Іванаўна, Швед Міхаіл Сямёнавіч, Швед Софья, Янковіч Мікалай Уладзіміравіч, Янковіч Уладзімір Сільвестравіч. Гэтых людзей адвезлі ў Гродзенскую турму. Сядзелі ў адзіночных камерах па 10 чалавек. Кожны дзень допыты, неверагодныя здзекі і катаванні. Усіх мужчын у хуткім часе знішчылі. А жанчын праз паўгода адправілі ў Германію на работы. Усе жанчыны пасля вайны вярнуліся на радзіму.

Другая група: Мухніцкі Арнольд Віктаравіч, Мухніцкая Мальвіна Якаўлеўна, Хоха Грыгорый Сямёнавіч, Хоха Марыя Іванаўна, Хоха Вікенцій Сямёнавіч, Хоха Аляксандра Іванаўна, Хоха Міхаіл Вікенцьевіч, Хоха Аляксандр Аляксандравіч, Хоха Любоў, Хоха Юлія, Хоха Расціслаў Аляксандравіч, Хоха Георгій Аляксандравіч, Хоха Іван Іванавіч, Хоха Генадзій Іванавіч, Хоха Зыгмунд Іванавіч, Хоха Іосіф Іванавіч, Хоха Фэлямэна Вікенцьеўна. Гэтых людзей сем’ямі падсялілі кутнікамі ў чатыры двары ў Новай Рудзе. Фэлямэна, жонка Івана Іванавіча, была родам з вёскі Хамуты. І ў хуткім часе яе сямейству дазволілі пераехаць у Хамуты да бацькі Вінцука. Дарэчы, яе муж Хоха Іван Іванавіч першапачаткова таксама быў у спісе смяротнікаў Бабіна. Але пасля яго са спіса выкраслілі і замянілі іншым. Кажуць, што спіс удакладнялі солтыс і ксёндз Грабоўскі і стараліся па магчымасці хоць трохі зменшыць людскія страты. Іван Іванавіч – бацька трох непаўналетніх дзяцей, і што будзе з імі пасля смерці бацькі? Ксяндзу Грабоўскаму ўдалося пераканаць немцаў не чапаць Івана. Прыводзіліся аргументы, сярод якіх і тое, што Іван каталіцкай веры. Гэта спрацавала, бо немцы да католікаў адносіліся больш лаяльна, чым да праваслаўных.

Але Івану пазней усё ж не ўдалося ўратаваць сябе і сваю сям’ю. Каля Хамутоў таксама быў партызанскі лагер. Сястра Фэлямэны была замужам за лесніком Болесем. Болесь, будучы на службе ў немцаў, трымаў сувязь з партызанамі. Гэта цягнулася да пары да часу, пакуль немцы не сталі падазраваць лесніка ў  двайных паводзінах. Каб уратаваць сябе і сваю сям’ю, Болесь сыграў сцэну, быццам яго забралі і знішылі партызаны за службу ў немцаў. Калі ў лесе было шмат людзей, якія займаліся нарыхтоўкай драўніны, на вачах у іх з кустоў выйшла некалькі партызан. Накіраваліся да Болеся, адлупцавалі яго і з лаянкай “канец табе, нямецкі сабака!” павалаклі ў глыб лесу. І ён як бы прапаў, а на самай справе хаваўся разам з яшчэ адным лесніком з Новай Руды ад людскога вока. Але аднойчы іх убачыў у лесе чалавек з Новай Руды. Ён данёс немцам, што леснікі жывыя і хаваюцца. Тады немцы ўсю Болесеву сям’ю з цесцем Вінцуком, заадно і з сям’ёй Хохі Івана пагрузілі ў машыну, завезлі на хутар Левашоўка, што каля вёскі Азёры і жывымі спалілі. Было гэта вясной 1944 года. Пасля вайны здрадніка судзілі. Адседзеў 10 гадоў. Выйшаў на свабоду па амністыі і выехаў у Польшчу.

Трэцяя група: Хоха Аляксей Аляксеевіч, Хоха Вера Аляксееўна, Хоха Лідзія Уладзіміраўна, Хоха Надзежда Аляксандраўна, Хоха Раіса Іванаўна, Швед Іван Міхайлавіч, Янковіч Славамір Уладзіміравіч, Янковіч Вера Уладзіміраўна.

Гэта дзеці расстраляных, а таксама павезеных у турму бацькоў. Яны расказвалі, што калі сядзелі ў Наварудскай школе і чакалі прысуду, пад вечар зайшлі немцы. Дарослых пасадзілі на сані і павезлі ў Парэчча, а ўсіх дзяцей, ухапіўшы за рукі, павыкідалі на снег і пайшлі. Лёс дзяцей вырашаў наварудскі солтыс. Ён рассяліў іх па хатах. Наварудскія людзі вельмі спагадліва і клапатліва прынялі дзяцей, спачуваючы іх гору. Успамінае Сцёпіна Вера Аляксееўна: “Мяне з братам Алёшам пасялілі да памочніка солтыса. Сям’я была бяздзетнай. Жылі бедна, але да нас адносіліся вельмі добра, дзяліліся апошнім. Гэта быў добры, але запалоханы фашыстамі чалавек. Пра гэтую сям’ю ў мяне захаваліся самыя цёплыя ўспаміны і ўдзячнасць. Я пыталася ў яго, дзе мае бацькі, і ён адказаў, што іх пагналі ў Германію. І я стала верыць, што гэта так і што я дачакаюся іх. Мы з Алёшам спалі на печы, дзе ноччу бегалі вялікія прусакі.  У нас дома не было, а тут я іх убачыла ўпершыню. Іх вельмі баяўся Алёша і плакаў, не мог заснуць, а мне даводзілася пераадольваць страх і здавацца мужнай, каб супакоіць яго. Аднойчы я прачнулася рана, гаспадыня запальвала печ і казала мужу: “Бедныя сіроткі, ці змогуць яны звыкнуцца і стаць нам роднымі?!” І тут я ўсё зразумела, што чаканне сустрэчы з дарагімі бацькамі дарэмнае, што я застаюся найстарэйшай для брата, яго абаронай і падтрымкай. Вось у гэты момант я, напэўна, адчула сваю даросласць. Я не падавала выгляду, што ўсё ведаю, а брату казала, што бацькі жывыя, каб ён не плакаў, і што нам ніякія іншыя бацькі не патрэбны. Я не памятаю, колькі мы пражылі ў гэтых простых добрых людзей, як аднойчы прыязджае з Машталераў мая родная цётка Тоня (Антаніна Мікалаеўна Казмяровіч) і забірае нас да сябе. Так скончылася маё дзяцінства”.

Расправіўшыся з жыхарамі Бабіна, немцы пачалі руйнаваць вёску, каб ад яе не засталося і следу. Падлягалі зносу ўсе будынкі, праўда, іх не палілі, а разбіралі і выкарыстоўвалі што на дровы, што на будоўлю ў вёсцы Парэчча. Гаспадары, выселеныя ў Новую Руду (Рыгор, Вінцук, Іван, Волесь), надумаліся выратаваць свае забудовы. Параіліся наконт гэтага з солтысам, ксяндзом Грабоўскім. Тыя абнадзеілі, што можна паспрабаваць, толькі трэба падрыхтаваць добры хабар нямецкаму начальству. Пасля кансультавання закалолі парсюка і большую частку завезлі начальству ў Парэчча. Дыпламатам у гэтым быў солтыс. І начальства купілася-пагадзілася. Дазволіла пакінуць цэлымі чатыры хаты і будынкі вакол іх, але пражываць там было нельга. Дазвалялася таксама апрацоўваць прыналежную гэтым чатыром гаспадарам зямлю. Такім чынам, з усіх дамоў у Бабіне ўцалелі толькі чатыры, яны стаяць і сёння. Ад астатніх каменя на камені не засталося. Нават не пакінулі дрэваў і кустоў у садзе, якія магчыма было выкапаць.

У часы далейшай акупацыі, такім чынам, з Бабінам непасрэдную сувязь мелі толькі рэшткі жыхароў, якіх перасялілі ў Новую Руду. Да Бабіна яны прыходзілі апрацоўваць зямлю: навожвалі гной, аралі, садзілі, сеялі, жалі, касілі. А трымалі жывёлу і начавалі ў Новай Рудзе.

У 1943–1944 гадах немцы ў акрузе былі ўжо вельмі напалоханыя партызанамі, баяліся іх панічна. Аб гэтым у мяне засталося некалькі ўспамінаў Хохі Міхаіла Вікенцьевіча, які тады яшчэ быў падлеткам:

“Раз працавалі на полі ў Бабіне і не спраўляліся да вечара скончыць работу. А ў Новай Рудзе карову трэба сустрэць з пашы і загнаць у хлеў. Бацькі папрасілі мяне, каб я пайшоў. А гэта тры кіламетры. Толькі я пакінуў вёску, дайшоў да Лужка – насустрач нехта едзе канём. Параўняліся. На возе –немец. А ззаду на возе такі, як я, падлетак з Новай Руды, Альфонік. Немец наставіў пісталет і заенчыў: “Партызанэн! Аўсвайс!” У мяне з сабой ніякіх дакументаў не было, і я кажу яму, што я з гэтай вёскі і мой фатэр застаўся там, у вёсцы. Немец загадаў ехаць на падворак. Там нас сустрэў бацька, а немец, убачыўшы яго, гнуў сваё, што мы партызаны. Дастаў пісталет, стаў націскаць на спускавы кручок, але пісталет аказаўся без патронаў. Бацька паказаў дакументы. Немец супакоіўся і сказаў, што яму трэба ў Вільню. Па паводзінах было відаць, што немец на добрым падпітку. У бацькі стаяў запрэжаны воз, і немец рашыў прывязаць гэтую фурманку да свайго воза ззаду. Ад бацькавага каня перацягнуў лейцы праз увесь свой воз і прычапіў іх да вобруці пярэдняга каня. Сеў на свой воз, пасадзіў каля сябе бацьку і загадаў ехаць у Вільню. Такім чынам выехалі на дарогу, але далей язда не ладзілася. Калі паганялі пярэдняга каня, то лейцы задняга каня нацягваліся, і ён тармазіў рух. Пасля пярэдняга каня павярнулі ў бок Новай Руды, а задні як ішоў, так і далей пайшоў па прамой. Лейцы нацягнуліся, і пярэдні конь стаў на дыбы. Бацька бачыў, што немец не зразумеў, чаму конь стаў на дыбы. Тады бацька рашыў з’імітаваць, што конь спалохаўся партызанаў, якія быццам побач у кустах, і моцна крыкнуў “Партызаны!!!”  І скаціўся з воза ў кусты. Немец у паніцы з усёй сілы сцебануў пугай пярэдняга каня, і конь рвануў па дарозе. Лейцы абарваліся, і задні конь застаўся на месцы. Больш гэтага немца мы не бачылі”.

У 1944 годзе пачалі даходзіць звесткі аб паражэнні нямецкай арміі на франтах, аб яе адступленні. У ліпені, як далёкія раскаты грому, стала чуваць набліжэнне Савецкай Арміі. Дзеці лажыліся на траву, прыкладвалі вуха да зямлі і прыслухоўваліся да ледзь чутнай кананады. З Новай Руды, ужо не пытаючы дазволу, бабінцы вярнуліся ў сваю родную вёску. У Бабіна за імі прыйшло шмат наварудскіх людзей перачакаць навалу, бо баяліся, што немцы, адступаючы, могуць паліць і забіваць. Начавалі ў чатырох ацалелых хатах, адрынах, хлявах. У хуткім часе з боку Новай Руды данесліся аўтаматныя стрэлы. Гэта стралялі нашы салдаты, якія гналі ворага на ўсход.

Пасля сканчэння вайны ў людскіх душах суіснавалі побач радасць і гора. Радасць ад таго, што скончылася гэтая жудасная навала, што засталіся жывыя, і гора, што дарагія, блізкія людзі ўжо ніколі не вернуцца. Чаго ў бабінскіх людзей было болей? Несумненна, гора. На краю вёскі ў брацкай магіле ляжаць адзінаццаць дарослых і дзяцей. На хутары Левашоўка спалена цэлая сям’я з пяці чалавек. Шэсць мужчын, забраных у турму, знішчаны без следу. Два сыны Рыгора прапалі без вестак.

Палова жыхароў вёскі – дваццаць чатыры з пяцідзесяці сямі – гвалтоўна загінулі ў гэтай бесчалавечнай мясарубцы. Жанчыны, што былі вывезены ў Германію на работы, вярнуліся ўсе, але на пустое месца – не пакінулі карнікі ні хаты ні лапаты. Для Швед Соф’і і Янковіч Вольгі была радасць, што хоць засталіся жывымі і знайшліся іх дзеці. А Хоху Галю ніхто не сустрэў з сям’і і блізкай радні. Усіх палажылі ў зямлю акупанты. З маёмасці ў яе быў толькі бляшаны кубачак. Трэба было шукаць нейкае прыстанішча. Соф’і і Вользе дапамаглі салдаты, што стаялі каля Бабіна на варце заходніх рубяжоў краіны. Яны перавезлі з закінутых леснічовак гаспадарчыя будынкі і злажылі гэтым гаротным жанчынам невялікія хаткі. Галю часова прытулілі Рыгоравыя, дзе яна жыла, пакуль не выйшла замуж за Аляксея Даніловіча з Бершт; пабраўшыся, маладыя людзі адразу пачалі будаваць сабе хату.

Асобным непаўналетнім дзецям не было да каго вяртацца. Яны так і засталіся ў сваіх родзічаў, якія замянілі ім бацькоў. Варта сказаць некалькі слоў пра іх.

Сястра і брат Вера і Аляксей Хохі выхоўваліся ў Машталерах у цёткі Тоні, якая стала ім другой маці. Вера, скончыўшы 7 класаў Жытамлянскай СШ, паступіла ў Гродзенскае педвучылішча. Пасля вучылася ў Гродзенскім педінстытуце і атрымала спецыяльнасць “настаўнік рускай мовы і літаратуры”.  Працавала дырэктарам Дома піянераў у Шчучыне. У 1959 годзе выйшла замуж за ваеннага лётчыка Сцёпіна Пятра Сцяпанавіча. У 1960 годзе яны пераехалі на радзіму мужа ў горад Разань. Там усё далейшае жыццё Сцёпіна Вера Аляксееўна працавала настаўніцай. Атрымала званні “Выдатнік народнай асветы”, “Заслужаны настаўнік РСФСР”. Узнагароджана ордэнам “Дружбы народаў” за стварэнне школьнага музея Войска Польскага і працу ў ім. Жыве ў Разані. Яе брат Алёша пасля школы скончыў Калінінградскі заатэхнікум. Працаваў па спецяльнасці ў розных кутках Савецкага Саюза: Беларусі, Сібіры, Крыма. Апошнія гады жыў у станіцы Новаданецкай Краснадарскага краю. Памёр 22.07.2016 г.

Янковіч Надзі, калі фашысты расстралялі яе бацькоў, было прыкладна два з паловай гады. Яе забралі да сябе родзічы з Жытомлі, а пасля сляды яе нейкім чынам страціліся. Ніхто не ведаў, дзе яна, чым займаецца. І толькі гадоў пяць назад яна аб’явілася, наведала Бабіна. Сёння гэта Цюрына Надзежда Аляксандраўна. Жыве ў Санкт-Пецярбургу. Памяць пра першых бацькоў у яе не захавалася. Выхоўвалі яе іншыя людзі, якіх яна называе сваімі бацькамі. У дзяцінстве была здольнай вучаніцай, скончыла школу з залатым медалём. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Матэматыка”. Працавала ў сістэме Міністэрства абароны СССР і РФ спачатку ў г. Цвер, пасля ў г. Санкт-Пецярбург спецыялістам па прыкладной матэматыцы і інфарматыцы. Вялікі аматар мастацкай літаратуры і турызму. Прачытала мноства кніг, абышла і аб’ездзіла ў якасці звычайнага і горнага турыста многія знакамітыя мясціны былога Савецкага Саюза.

Хоха Раіса атрымала адукацыю, працавала сакратаром сельсавета, прадаўцом магазіна. Цяпер яна, Ханевіч Раіса Іванаўна, жыве ў вёсцы Зубраўка Шчучынскага раёна.

Іншыя дзеці-ахвяры вайны ладзілі сваё далейшае жыццё ў іншых мясцінах: Швед Іван – у Парэччы Гродзенскага раёна, Янковічы Славамір і Вера – у Гродне, Хоха Лідзія – у Гомелі.

Незагойная рана Рыгора і Марылі Хохаў – гэта гібель іх двух сыноў. Малодшы, Косця, праходзіў тэрміновую службу ў польскім войску. Вайна ў 1939 годзе застала яго каля Варшавы, дзе ён служыў кулямётчыкам. Дадому не вярнуўся. Старэйшы сын, Макар, працаваў настаўнікам на Мастоўшчыне, перад самай вайной 1941 года быў мабілізаваны і таксама не вярнуўся. Пасля вайны бацькі сталі шукаць іх сляды, але ніякіх звестак пра іх апошні шлях устанавіць не змаглі. Пляменнік Рыгора Хоха Міхаіл Вікенцьвіч успамінае: “Дзядзя Грыша і цёця Маруся пасля гібелі дзяцей неяк анямелі, мала размаўлялі, замкнуліся ў сваім горы. Бывала, сядзяць побач на ганку і маўчаць”. Ад роспачы і безвыходнасці яны паставілі перад акном сваёй хаты помнік, як даніну памяці сваім дзецям. Душэўны смутак трохі зацяняўся тым, што яны ўсынавілі Арнольда, сына Мальвіны, якая памерла ў 1943, і апекавалі яго як роднага. Дапамаглі вывучыцца. У свой час ён скончыў ВПШ і быў уплывовым партыйным начальнікам на чыгунцы, а пасля ва ўстановах нафтаздабываючай прамысловасці ў Рэчыцы. Апошнія гады жыў у Гомелі, памёр у 2019 г.

Пасля вайны Бабіна патроху адбудоўвалася. Даніловічы паставілі сабе хату. Галя стала думаць, як зрабіць помнік расстраляным на брацкай магіле. Падзялілася свімі планамі з астатнімі вяскоўцамі. Калектыўна сталі збіраць сродкі. Прадавалі грыбы, ягады, выручаныя грошы адкладвалі. Міцька Лугоўскі навазіў з Завадзічаў жвіру. Калі сродкі былі сабраныя, нанялі майстра, і ён змураваў помнік, праект якога прыдумалі самі вяскоўцы – у выглядзе каплічкі, з нішай для іконы і крыжам наверсе. Калі помнік быў гатовы, трэба было недзе прыдбаць ікону. Мая маці Галя расказвала, што яна схадзіла да сваёй цёткі Альжбеты ў вёску Бушнева (гэта кіламетраў за трыццаць ад Бабіна) і ў той жа дзень з іконай у руках вярнулася назад. Тая ікона і сёння аберагае памяць ахвяр за шкляным акном помніка. У часы бязбожжа атэісты неаднойчы прапаноўвалі выдаліць ікону, а крыж замяніць пяціканцовай зоркай. Вяскоўцы не пагадзіліся, матывуючы, што гэта будзе апаганьваннем памяці тых, хто ляжаць у гэтай магіле – усе яны праваслаўныя вернікі.

Да канца сваіх дзён мая маці даглядала магілу: падмятала, фарбавала, упрыгожвала кветкамі. Не шкадавала на гэта сваёй пенсіі. Амаль палова пахаваных – яе блізкія родныя. Мы, дзеці і ўнукі, каля магілкі зрабілі лавачку, на якой маці вельмі часта заседжвалася да цямна. Яна размаўляла з нябожчыкамі і верыла, што яны яе чуюць і дапамагаюць нам жыць. Калі маці не стала, догляд за магілкай узялі на сябе пераважна дачка Ліля і ўнук Саша. Клапоціцца пра магілку і мясцовы Парэцкі сельсавет. Кожны год на свята Дзень перамогі тут праводзіцца мітынг. Аддаць даніну памяці прыходзяць родзічы загінуўшых, прадстаўнікі ўлады, школьнікі, вайскоўцы, грамадскасць.

Паклонімся ахвярам вёскі Бабіна, якія загінулі ад рук нямецкіх акупантаў у час Вялікай Айчыннай вайны:

ХОХА Аляксей Паўлавіч, н. ў 1892, расстраляны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахаваны ў роднай вёсцы.

ХОХА Віталій Аляксеевіч, н. у 1930, расстраляны 11.1.1943 як заложнік замест уцёкшага з-пад расстрэлу аднавяскоўца, пахаваны ў роднай вёсцы.

ХОХА Генадзій Іванавіч, н. у 1926, 11.1.1943 у сувязі з ліквідацыяй фашыстамі в. Бабіна выселены на пражыванне ў суседнюю вёску, у маі 1944 арыштаваны ў в. Хамуты як сваяк партызана і спалены на х. Левашоўка каля в. Азёры.

ХОХА Генадзій Уладзіміравіч, н. у 1930, расстраляны 11.1.1943 як заложнік замест уцёкшага з-пад расстрэлу бацькі, пахаваны ў роднай вёсцы.

ХОХА Зыгмунд Іванавіч, н. у 1929, 11.1.1943 у сувязі з ліквідацыяй фашыстамі в. Бабіна выселены на пражыванне ў суседнюю вёску, у маі 1944 арыштаваны ў в. Хамуты як сваяк партызана і спалены на х. Левашоўка каля в. Азёры.

ХОХА Іван Іванавіч, н. у 1899, 11.1.1943 у сувязі з ліквідацыяй фашыстамі в. Бабіна выселены на пражыванне ў суседнюю вёску, у маі 1944 арыштаваны ў в. Хамуты як сваяк партызана і спалены на х. Левашоўка каля в. Азёры.

ХОХА Іосіф Іванавіч, н. у 1934, 11.1.1943 у сувязі з ліквідацыяй фашыстамі в. Бабіна выселены на пражыванне ў суседнюю вёску, у маі 1944 арыштаваны ў в. Хамуты як сваяк партызана і спалены на х. Левашоўка каля в. Азёры.

ХОХА Канстанцін Грыгор’евіч, н. у 1915, як салдат войска польскага загінуў у першыя дні вайны 1939 у баях з фашыстамі на тэрыторыі Польшчы, месца пахавання невядома.

ХОХА Кузьма Паўлавіч, н. у 1881, арыштаваны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі і зняволены ў турму ў г. Гродна, далейшы лёс невядомы.

ХОХА Макар Грыгор’евіч, н. у 1912, да вайны працаваў настаўнікам, у першыя дні вайны 1941 схоплены фашыстамі ў в. Навасёлкі Мастоўскага раёна, далейшы лёс невядомы.

ХОХА Марыя Кузьмінічна, н. у 1921, да вайны працавала сакратаром Наварудскага сельсавета, расстраляна 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахавана ў роднай вёсцы.

ХОХА Міхаіл Кузьміч, н. у 1926, арыштаваны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі і зняволены ў турму ў г. Гродна, далейшы лёс невядомы.

ХОХА Надзежда Іванаўна, н. ў 1894, расстраляна 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахавана ў роднай вёсцы.

ХОХА Павел Іосіфавіч, н. у 1858, расстраляны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахаваны ў роднай вёсцы.

ХОХА Платон Іванавіч, н. у 1916, арыштаваны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі і зняволены ў турму ў г. Гродна, далейшы лёс невядомы.

ХОХА Фэлямэна Вікенцьеўна, н. у 1903, 11.1.1943 у сувязі з ліквідацыяй фашыстамі в. Бабіна выселена на пражыванне ў суседнюю вёску, у маі 1944 арыштавана ў в. Хамуты як сваячка партызана і спалена на х. Левашоўка каля в. Азёры.

ХОХА Яўгенія Мікалаеўна, н. у 1908, расстраляна 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахавана ў роднай вёсцы.

ШВЕД Міхаіл Сямёнавіч, н. у 1910, арыштаваны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі і зняволены ў турму ў г. Гродна, далейшы лёс невядомы.

ЯНКОВІЧ Аляксандр Сільвестравіч, н. у 1893, да вайны працаваў настаўнікам у вёсцы Бершты, расстраляны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахаваны ў роднай вёсцы.

ЯНКОВІЧ Кацярына Вікенцьеўна, н. у 1878, расстраляна 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахавана ў роднай вёсцы.

ЯНКОВІЧ Любоў Фамінічна, н. у 1904, дэпутат Наварудскага сельсавета, расстраляна 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахавана ў роднай вёсцы.

ЯНКОВІЧ Мікалай Уладзіміравіч, н. у 1926, арыштаваны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі і зняволены ў турму ў г. Гродна, далейшы лёс невядомы.

ЯНКОВІЧ Сільвестр Аўгусцінавіч, н. у 1869, раастраляны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі, пахаваны ў роднай вёсцы.

ЯНКОВІЧ Уладзімір Сільвестравіч, н. у 1898, арыштаваны 11.1.1943 за сувязь з партызанамі і зняволены ў турму ў г. Гродна, далейшы лёс невядомы.

* * *

ХОХА Уладзімір Іванавіч, н. у 1902, 11.1.1943 уцёк з-пад расстрэлу, уцякаючы, быў паранены, партызаніў, памёр у 1954, пахаваны на могілках у в. Азёры.

Мікалай Даніловіч, доктар філалагічных навук, прафесар

Поделиться

Читайте также: