Мікалай Даніловіч: «Калі не расказаць свету пра месца, дзе ты нарадзіўся, то яго і не будзе ў гісторыі»

Калі не расказаць свету пра месца, дзе ты нарадзіўся, то яго і не будзе ў гісторыі. Такую адказнасць на сябе павінен узяць кожны адукаваны чалавек, – лічыць прафесар кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Даніловіч. Сам жа прафесар на працягу апошніх дзесяці гадоў мэтанакіравана стаў цікавіцца гісторыяй сваёй малой радзімы, шукаў відавочцаў, якія могуць як мага больш расказаць пра родную вёску Бабіна Гродзенскага раёна. Сёння яна налічвае ўсяго пяць дамоў. Сваімі думкамі і пачуццямі да роднай зямлі ён падзяліўся з чытачамі газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.

Радзіма жывіць

Старэюць жыхары, адыходзяць, моладзь не застаецца, хай яшчэ пройдзе некаторы час – і Бабіна не будзе на геаграфічнай карце. Ды ўвогуле, паглядзіце, за апошнія 20-30 год колькасць населеных пунктаў на Гродзеншчыне зменшылася прыкладна на тысячу. Як падумаў – жаль узяў.

Іду аднойчы па вясковай дарозе і разважаю: па гэтай дарозе хадзіла столькі людзей, і кожны ж быў індывідуальны, кожны клапаціўся пра сваю сям’ю, зямлю. Вось, думаю, каб усе яны ажылі зараз і прайшліся па гэтай дарозе! Так хочацца акунуцца ў тое жыццё – дзяцінства, калі ўсе аднавяскоўцы былі жывыя.

Для кожнага з іх незагойнай ранай была трагедыя роднай вёскі. З самага ранняга дзяцінства я многа разоў чуў аповеды землякоў пра партызанаў, пра тое, як было знішчана Бабіна нямецкімі карнікамі. Пра гэтую трагедыю пастаянна напамінаў і напамінае помнік на брацкай магіле за роднай бацькоўскай хатай. Маці даглядала магілу, амаль усю пенсію аддавала на кветкі. Час паступова сцірае жывую памяць пра тыя падзеі. І мне захацелася апісаць у дэталях тое, што перажылі мае аднавяскоўцы і пасля расказалі мне.

Я нераўнадушны да сваёй зямлі, мне дарагі кожны яе куточак. Колькі б ні было гадоў, цягне на радзіму. Памятаю, як прыехаў у горад, калі паступіў у Гродзенскі педінстытут, так цяжка было прывыкаць да гарадскога жыцця. Чалавек жа не адразу можа звыкнуцца з новымі ўмовамі. Гэта тое самае, што расліну перасадзіць з адной кліматычнай зоны ў другую. Яна будзе чэзнуць, некаторы час не расквітаць. Тое самае і са мной адбывалася. Асабліва на першым часе вельмі моцна цягнула дахаты. Ездзіў часта. З аўтобуснага прыпынку трэба ісці тры кіламетры па лясной дарозе да роднай сядзібы. Як толькі набліжаўся да лесу – у душы трымценне, любасць невыказная.

Ніколі не цураўся сваёй малой радзімы і ніколі з ёю не разлучаўся. Часта сустракаўся са свамі вяскоўцамі, шмат размаўлялі. Бацькі паказалі мне прыклад любові да роднай зямлі. Памятаю, як маці казала: “Няма нідзе лепей, як у роднай хаце, няма нідзе лепей, як на сваёй радзіме: тут я пайду ў лес – здаецца, кожнае знаёмае дрэўца са мною гаворыць…”.

Усе, хто выехаў з нашай вёскі, любілі часта прыязджаць, увесь час цягнуліся да яе. Чаму? Напэўна, таму, што сам край прыгожы. Гэта лясная мясцовасць. За нашым домам адразу пачынаецца лес. У школьныя часы я вельмі любіў у лесе чытаць, вучыць урокі. Узяў кніжкі – і пайшоў у лес. Аднойчы сяджу, чытаю, а побач грыбнікі праходзяць, напэўна, з гораду прыехалі, і пытаюцца ў мяне: “Ты што тут робіш?”. Адказваю: “Урокі раблю”. Яны з цікавасцю: “Мусіць, ты выдатнік у школе”. Кажу: “Так, выдатнік”.

“Новую зямлю” Якуба Коласа якраз чытаў першы раз у лесе ля мосціка, дзе працякала маленькая рэчка. Гляджу навокал – здаецца, усё, што Колас апісаў у творы, вось тут, вакол мяне. Настолькі дакладна, вобразна і прыгожа! Якуба Коласа тады палюбіў назаўсёды. Адбылася гарманічная ўзаемасуладнасць: “Новая зямля” абудзіла яшчэ большую прыхільнасць да роднай прыроды і, наадварот, дарагія родныя краявіды дапамаглі лепш адчуць, зразумець слова Коласа, беларускае слова.

Радзіма вельмі жывіць. Бывае, настрой кепскі ці адчай у жыцці, тады імкнешся вырвацца хоць на кароткі час на радзіму. Прыехаўшы, адразу заўважаеш: што б ні тварылася ў свеце, а прырода нязменна працягвае жыць па сваіх законах. Гэта супакойвае, лечыць і натхняе.

Прырода садзейнічае творчай рабоце, нараджэнню новых ідэй. Калі ходзіш у грыбах ці косіш на сенажаці, узнікаюць цікавыя думкі. Падчас такіх заняткаў удалося ўспомніць і занатаваць шмат мясцовых слоў, фразеалагізмаў, прыказак. Само асяроддзе спрыяе пошукавай, краязнаўчай справе.

“Пчолы – тыя самыя людзі”

А яшчэ мне вельмі падабаецца назіраць за пчоламі. Яны супакойваюць, дысцыплінуюць і натхняюць. Пчолы – гэта нястомныя працаўнікі. У іх свята не бывае. Мяне сястра перасцерагае: “Сёння свята – Багач, глядзі, нічога рабіць нельга”. Адказваю: “Працаваць у свята – не грэх, грэх – у будзень не працаваць”. Люблю паўтараць: “Каб людзі жылі так, як пчолы, то жылі б як у раі”. У пчолаў, як і ў людзей, тыя самыя памкненні, інтарэсы, адзінае, што адрознівае пчалу ад чалавека, – у пчалы няма страху. Яна, маленькая, бясстрашна кідаецца на вялікую жывёліну, абараняючы сваіх дзетак, сваё жытло, а чалавек шмат чаго баіцца.

З пчоламі я сябрую з ранняга дзяцінства. Лічу сваім “баявым хрышчэннем” у пчалярстве наступны эпізод. Аднойчы бацька адкатаў мёд, а медагонку выставіў на вуліцу, каб пчолы яе асушылі – выбралі наліплыя да сценак кропелькі мёду. Мне стала цікава зазірнуць у медагонку. Пчолы поўнасцю абляпілі сценкі бочкі і на мяне не звярталі ніякай увагі. Я тады асмялеў, перагнуўся і засунуў у медагонку галаву. І вось дзіва – аніводная пчала мяне не ўджаліла. Тады я пабег у хату і з гонарам кажу брату: “Сяргей, давай паспрачаемся, што я засуну галаву ў медагонку і пчолы мяне не зачэпяць”. Ён недаверліва і скептычна пагадзіўся паглядзець, ці спраўдзіцца маё выхвалянне. Мы падышлі да бочкі, я зноў засунуў галаву – і о жах! Пчолы плоймай рынуліся на маю неразумную галаву, упіліся ў валасы, у твар. Жыва помніцца: ляжу на канапе, твар смыліць і паступова наліваецца пухлінай, а брат можа на працягу цэлай гадзіны дастае джалы.

Пасля гэтага пчолы для мяне ўсё ж не сталі ворагамі. Наадварот, захацелася з імі знайсці паразуменне і абыходзіцца свабодна, каб атрымлівалася так, як і ў дарослых пчаляроў. Лічу, што гэта мне ўдалося. Пчолы джаляць, калі сам справакуеш іх да гэтага. А калі па-людску з імі абыходзіцца, то не зачэпяць. Па сённяшні дзень займаюся аматарскім пчалярствам. Яно стала неад’емнай часткай майго жыцця, духоўнай патрэбай. Маю ўжо вялікі вопыт пчолагадоўлі. Пра пчол, іх паводзіны і карысць для прыроды і чалавека магу апавядаць бясконца. Але гэта ўжо зусім іншая, асобная гаворка…

Успаміны пра трагедыю вёскі Бабіна падчас Вялікай Айчыннай вайны, сабраныя і запісаныя ад сведкаў Мікалаем Даніловічам

Мікалай ДАНІЛОВІЧ, доктар філалагічных навук, прафесар
Фотаздымкі аўтара

Поделиться

Вам может также понравиться...