Залічаны! або першакурснік–2020: у ГрДУ імя Янкі Купалы падведзены вынікі прыемнай кампаніі

Дзякуючы зладжанай працы калектыва ўніверсітэта маладая і творчая эліта нашай краіны паспяхова далучылася да Купалаўскай сям’і. Усяго на першы курс было залічана 2298 студэнтаў. Аб тым, якой была ўступная кампанія-2020, нам
расказала адказны сакратар Ірына Карлюкова.

Сёлета прыёмная кампанія ўніверсітэта была асаблівай. Яна праходзіла з улікам напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Для арганізацыі аптымальнай працы неабходны былі новаўвядзенні, якія датычыліся ў першую чаргу тэхнічных аспектаў падачы дакументаў і здачы ўступных іспытаў.

Па словах Ірыны Аляксандраўны, электронная рэгістрацыя, а таксама дыстанцыйнае кансультаванне абітурыентаў і іх бацькоў, што ўпершыню сёлета былі рэалізаваны ў ГрДУ імя Янкі Купалы, дапамаглі не толькі захаваць меры засцярогі, але і значна зэканоміць час як абітурыентаў, так і супрацоўнікаў прыёмнай камісіі.

Тыдні хваляванняў скончыліся. Звязаць сваё жыццё з ГрДУ імя Янкі Купалы абралі 1 088 хлопцаў і дзяўчат, якія будуць навучацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Амаль на сотню больш у параўнанні з мінулым годам – 1 210 чалавек – будуць навучацца на платнай аснове, з іх дзевяць чалавек залічаны звыш лічбаў прыёму па хадатайніцтве спартыўнай федэрацыі.

– На дзённую і завочную формы атрымання вышэйшай адукацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту было пададзена 2 254 заявы пры плане прыёму 1 088 чалавек. Такім чынам, конкурс сярод абітурыентаў склаў 2,07 чалавека на месца, – паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі.

У шэрагі першакурснікаў без уступных іспытаў на бюджэтную форму былі залічаны 72 абітурыенты, шэсць з якіх з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, пяць маюць высокія спартыўныя і творчыя дасягненні.

Так, у Купалаўскую сям’ю на факультэт фізічнай культуры трапіў удзельнік алімпійскіх гульняў па хакеі ў складзе нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь 2002 года Леанід Фацікаў, які абраў завочную форму навучання. Яму 52 гады, і ўзрост, па яго словах, не можа быць перашкодай, калі чалавек жадае бесперапынна развівацца.

На бюджэтную форму залічаны 38 чалавек, якія маюць дыпломы з адзнакай, а таксама залатыя ці срэбраныя медалі і паступалі на педагагічныя ці запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. 20 абітурыентаў скончылі профільныя класы педагагічнай накіраванасці і паступілі на педспецыяльнасці па субяседаванні. Тры абітурыенты прыйшлі на ваенны факультэт па накіраванні Мінскага сувораўскага вучылішча.

49 чалавекам пашанцавала трапіць ва ўніверсітэт у якасці студэнтаў па-за конкурсам на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў 2020 годзе студэнтамі сталі 55 чалавек.

Сёлета быў аб’яўлены набор на новыя спецыяльнасці “Штучны інтэлект”, “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”, “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)” і “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа з указаннем віду спорта)”.

Упершыню адбыўся набор на завочную скарочаную дыстанцыйную форму навучання. Як паказаў конкурс, спецыяльнасці аказаліся вельмі запатрабаванымі. Так, на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” конкурс склаў 4,5 чалавека на месца, на спецыяльнасць “Транспартная лагістыка” – 4,4, на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” – 2,8, на “Турызм і гасціннасць” – 1,7 чалавека на месца.

– Такая форма навучання аказалася прымальнай для людзей, якія пастаянна працуюць. Ім вельмі зручна, што пры навучанні будуць выкарыстоўвацца інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі і электронныя сэрвісы, а прыходзіць ва ўніверсітэт неабходна будзе толькі падчас здачы залікаў ці экзаменаў, – адзначыла Ірына Карлюкова.

Першакурснікам з найбольшай колькасцю балаў стала Рэната Новік, якая набрала 391 бал. У лідарах па суме балаў Максім Назараў, які мае два 100-бальныя сертыфікаты па матэматыцы і фізіцы і агульны бал 378, а таксама Яўген Занеўскі з агульным балам 377. З балам 371 на спецыяльнасць “Міжнароднае права” залічана Анастасія Гулецкая і на спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” Алеся Шыплюк.

З некаторымі выдатнікамі нам удалося паразмаўляць

Рэната Новік паступіла на спецыяльнасць «Сучасныя замежныя мовы». Дзяўчына скончыла гімназію г. Шчучын з залатым медалём. На ЦТ па гісторыі Беларусі набрала 99 балаў, па англійскай мове 98 балаў і 96 па беларускай мове. Рэната займалася паглыбленым вывучэннем англійскай мовы з пятага класа, удзельнічала ў алімпіядным руху, станавілася пераможцам у раённых і абласных этапах алімпіяды. Захапілася англійскай мовай дзякуючы сваёй школьнай настаўніцы. Рыхтавалася да
здачы ЦТ самастойна.

– Пры выбары спецыяльнасці я кіравалася магчымасцю атрымаць веды і развіць навыкі не толькі ў сферы выкладання, але і перакладчыцкай дзейнасці. Да таго ж хацелася вывучаць, акрамя англійскай мовы, нямецкую і французскую. І менавіта такая магчымасць ёсць у ГрДУ імя Янкі Купалы, – падзялілася Рэната.

Яўген Занеўскі паступіў на спецыяльнасць «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі». Ён скончыў Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа аграгарадка Луцкаўляны з залатым медалём. ЦТ па матэматыцы здаў на 100 балаў, па англійскай мове – 91 бал і 88 па рускай мове. Некалькі год Яўген навучаўся на падрыхтоўчых курсах “Алімп” факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Актыўна ўдзельнічаў у алімпіядным руху па матэматыцы.

Любоў да царыцы навук нарадзілася дзякуючы маме – настаўніцы матэматыкі:

– Магчыма, калі б не мама, то не было б у мяне таго захаплення матэматыкай. Добрая база ў школе па прадмеце, навучанне на курсах ФДП, удзел у алімпіядах – усё гэта спрыяла імкліваму пошуку рашэння задач і развіццю логікі. Таму 100 балаў на ЦТ – гэта для мяне чаканы вынік.

З высокім балам у Купалаўскі ўніверсітэт на спецыяльнасць «Міжнароднае права» паступіла Анастасія Гулецкая. У яе 100-бальны сертыфікат па англійскай мове, 92 балы ў сертыфікаце па грамадазнаўстве і 86 – па рускай мове. Замежную мову пачала вывучаць у садку, прымала актыўны ўдзел у алімпіядах і чытала кнігі па-англійску. Таму высокі бал на ЦТ з’яўляецца для дзяўчыны заканамерным вынікам плённай працы.

– Лічу, што ў сучасным свеце веды ў галіне міжнароднага права з’яўляюцца неабходным інструментам для новага ўзроўню
развіцця грамадства, у тым ліку і нашай краіны. Менавіта таму я і спыніла свой выбар на спецыяльнасці “Міжнароднае права”.
А Купалаўскі ўніверсітэт дзяўчына абрала дзякуючы станоўчым водгуках знаёмых, якія таксама скончылі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Жадаем нашым першакурснікам плённай і цікавай вучобы, а таксама актыўнага ўдзелу ў пазавучэбным жыцці ўніверсітэта! Можна не сумнявацца, што ўсе амбіцыйныя маладыя людзі дасягнуць по спеху і стануць вядомымі. А іх Alma mater дасць магчымасць для самавыяўлення яшчэ падчас вучобы. Таму – наперад, першакурснік–2020!

Поделиться

Вам может также понравиться...