13 студзеня 2021 года заўчасна адышоў у вечнасць матэматык, вядомы ў нашай краіне і за мяжой вучоны, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Міхаіл Аляксеевіч Маталыцкі

Нарадзіўся светач матэматычнай навукі 11 верасня 1957 года ў г.п. Гарадзея Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў, што і прадвызначыла яго прагу да ведаў. Скончыўшы сярэднюю школу з залатым медалём, ён паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія гады акрамя навукі актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, працаваў піянерважатым у дзіцячых лагерах. Гэты факт стаў лёсавызначальным у яго жыцці: менавіта падчас работы ў лагеры ён пазнаёміўся з будучай жонкай. Міхаіл Аляксеевіч скончыў аспірантуру на кафедры тэорыі імавернасцей і матэматычнай статыстыкі БДУ. Увесь час ён падтрымліваў прафесійную сувязь з гэтай кафедрай і меў шмат сяброў на факультэце.

Атрымаўшы размеркаванне пасля заканчэння аспірантуры БДУ, Міхаіл Маталыцкі пераехаў у горад над Нёманом. Гэта дало магутны імпульс развіццю прыкладной матэматыкі ў Гродне. У ГрДУ імя Янкі Купалы Міхаіл Аляксеевіч прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара. У 1986 годзе адбылася абарона яго кандыдацкай дысертацыі на тэму «Аналіз і аптымізацыя шматдаступных вылічальных сістэм метадамі тэорыі масавага абслугоўвання», а ў 1998 годзе – доктарскай дысертацыі на тэму «Сеткі масавага абслугоўвання ў стацыянарным і пераходным рэжымах». Варта падкрэсліць, што абарона доктарскай адбылася ў БДУ па дзвюх спецыяльнасцях: «Тэорыя імавернасцей і матэматычная статыстыка» і «Прымяненне вылічальнай тэхнікі, матэматычнага мадэлявання і матэматычных метадаў у навуковых даследаваннях».

Міхаіл Аляксеевіч – адзін са стваральнікаў навуковай школы па тэорыі масавага абслугоўвання ў Рэспубліцы Беларусь, быў кіраўніком навуковай школы па стахастычным і камп’ютарным мадэляванні ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Ён з’яўляецца аўтарам 9 манаграфій, каля 500 навуковых публікацый, многія з якіх апублікаваны ў замежных часопісах. Увёў новы клас сетак масавага абслугоўвання з даходамі, вядомымі цяпер як НМ (Howard-Matalytski)-сеткі. Яны выкарыстоўваюцца пры мадэляванні і прагназаванні даходаў розных аб’ектаў і працэсаў у інфармацыйна-камунікацыйных сістэмах, эканоміцы, вытворчасці.

Міхаіл Маталыцкі – заснавальнік і загадчык (2007–2018 гг.) кафедры стахастычнага аналізу і эканаметрычнага мадэлявання ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Быў ініцыятарам адкрыцця на матэматычным факультэце спецыяльнасцяў «Эканамічная кібернетыка» і «Прыкладная матэматыка». Шмат выпускнікоў спецыяльнасці «Эканамічная кібернетыка» звязвае гэтую спецыяльнасць з імем Міхаіла Аляксеевіча.

Таксама па яго ініцыятыве і непасрэдным удзеле былі адкрыты спецыяльнасці магістратуры і аспірантуры «Матэматычнае мадэляванне, лікавыя метады і комплексы праграм», «Матэматычныя і інструментальныя метады ў эканоміцы», «Сістэмны аналіз, кіраванне і апрацоўка інфармацыі». Міхаіл Аляксеевіч зрабіў вялікі асабісты ўнёсак у падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Вынікам дзейнасці стала абарона пад яго навуковым кіраўніцтвам 7 кандыдацкіх дысертацый і завяршэнне працы над дысертацыяй апошняга аспіранта, які павінен абараніць яе ў бліжэйшы час. Усе вучні Міхаіла Аляксеевіча адчувалі, што ён як быццам кудысьці спяшаецца, імкнецца апярэдзіць час, пражыць кожную хвіліну свайго жыцця з максімальнай карысцю для людзей і навукі.

Міхаіл Аляксеевіч ажыццяўляў навуковае кіраўніцтва дваццаццю заданнямі па дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, што спрыяла інтэграцыі навукі і адукацыі. З’яўляўся членам савета Д 02.04.14 па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ, членам рэдкалегіі двух навуковых часопісаў у Польшчы і Беларусі з баз Web of Science і РІНЦ, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Веснік ГрДУ» ў галіне «Інфарматыка, вылічальная тэхніка і кіраванне» з 2011 па 2019 гады.

Плённай была вучэбна-метадычная дзейнасць: апублікаваны падручнік, 15 навучальных дапаможнікаў, 8 з іх з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2 вучэбныя дапаможнікі, выдадзеныя ў Польшчы.

Трое з яго вучняў сталі Лаўрэатамі Республіканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў і аспірантаў, 4 працы адтрымалі дыпломы I-й ступені.

Міхаіл Маталыцкі быў стыпендыятам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі (1999 г.), за значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіцце ў галіне адукацыі двойчы – у 2005, 2008 гадах – адзначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі, быў лаўрэатам прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асабісты ўнёсак у развіццё здольнасцей адоранай моладзі (2008, 2011 гг.). За шматгадовую плённую працу па падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў 2017 годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай ВАК Рэспублікі Беларусь. Вынікі дзейнасці Міхаіла Аляксеевіча былі прызнаныя і за межамі Беларусі. Аб гэтым сведчаць праца ў якасці прафесара ў Чэнстахоўскім універсітэце тэхналогій, прызнанне акадэмікам у Нью-Ёркскай акадэміі навук, выданне манаграфій у Германіі, Польшчы, а таксама мноства апублікаваных артыкулаў у ЗША, Англіі, Германіі, Польшчы і Расіі.

Можна доўга расказваць аб шматлікіх заслугах Міхаіла Аляксеевіча, але галоўнае, чаму ён навучыў сваіх вучняў: нягледзячы на розныя перашкоды, прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб рэалізаваць талент, дадзены Богам. Памяць і ўдзячнасць Міхаілу Аляксеевічу за яго працу, шчырыя адносіны, неверагодную энергію, школу жыцця і мудрасць назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Выказваем спачуванне родным і блізкім Міхаіла Аляксеевіча. Вучні і калегі раздзяляюць іх боль страты. Міхаіл Аляксеевіч быў моцным чалавекам, таму і нам, яго паслядоўнікам, трэба праявіць мудрасць і мужна перанесці гэтае гора з малітвамі і добрымі ўспамінамі.

Вучні навуковай школы па стахастычным і камп’ютарным мадэляванні, калегі з кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі

Сегодня вся кафедра теории вероятностей и математической статистики Белорусского государственного университета подавлена скоропостижной кончиной нашего большого друга и дорогого нам Человека – доктора физико-математических наук, профессора Михаила Алексеевича Маталыцкого. Коллектив кафедры скорбит и шлёт искренние соболезнования семье Михаила Алексеевича, его близким, друзьям, ученикам, коллегам.

Вся история кафедры неразрывно переплетена с судьбой Михаила Алексеевича – отсюда он шагнул в Науку и Образование, здесь радовались его достижениям. Он часто был с нами, участвовал во всех конференциях, никогда не отказывал в помощи. Любое упоминание о Гродно для наших сотрудников в первую очередь ассоциировалось с именем Михаила Алексеевича. Он постоянно трудился и учил этому своих студентов и аспирантов. Известен впечатляющим количеством научных трудов и учебных изданий.

Мы запомним его навсегда как человека доброго, открытого, очень простого, несмотря на свой достигнутый уровень. Он отличался неизменным оптимизмом, всегда старался искать в людях хорошее, и был не только замечательным Учителем, но и терпеливым Воспитателем. При общении с его учениками всегда чувствуется частичка его душевного тепла.

Нам очень жаль прощаться с Михаилом Алексеевичем. Вечная память о нём будет жить в наших сердцах!

Друзья и коллеги с кафедры теории вероятностей и математической статистики Белорусского государственного университета

Поделиться

Читайте также: