Людміла Панькова: «Спачуванне, міласэрнасць і жаданне дапамагчы заўсёды ляжалі ў аснове маёй працы з людзьмі»

У кожнай працоўнай арганізацыі ёсць людзі, адданыя прафесіі, якія даражаць іміджам сваёй установы і штодзённай руплівай працай нясуць стваральную энергію ў калектыў. Менавіта так можна сказаць пра Людмілу Васільеўну Панькову, якая больш за сорак гадоў прысвяціла сваёй альма-матар – 25 год адпрацавала лабарантам на кафедрах факультэта матэматыкі і інфарматыкі і 21 год была бухгалтарам прафсаюзнага камітэта работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы.

На працягу многіх гадоў, адчыніўшы дзверы ў прафкам універсітэта, кожны супрацоўнік сустракаўся з Людмілай Васільеўнай Паньковай, вочы якой заўсёды свяціліся дабрынёй і зацікаўленасцю. Яна ведае, бадай, усіх супрацоўнікоў і пазнае іх нават у медыцынскай масцы. Цікава, што гэта: вопыт ці талент? Як удаецца на працягу многіх гадоў запамінаць інфармацыю пра кожнага супрацоўніка – члена прафсаюза – і ведаць яго патрэбы?

Нарадзілася Людміла Васільеўна 28 красавіка 1957 года ў г.п. Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1980 годзе скончыла матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і адразу пачала тут працаваць у якасці лабаранта кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў.

– Вялікую ролю ў маім жыцці адыграў Іван Платонавіч Мартынаў. Ён быў маім правадніком як у студэнцкае, так і дарослае, працоўнае жыццё. Ён чытаў нам, студэнтам, першую лекцыю і ён жа стаў маім першым кіраўніком на працоўным месцы. Ён – чалавек з прыгожай душой. Менавіта ім быў зададзены высокі стандарт адносінаў у працоўным калектыве. Думаю, гэтая акалічнасць стала для мяне лёсавызначальнай, – успамінае Людміла Васільеўна пачатак працы ва ўніверсітэце. – Калектыў кафедры настолькі дружны, панавала такая ўзаемападтрымка, што я адразу адчула сябе быццам у сям’і. Мы шчыра дзяліліся радаснымі падзеямі, падбадзёрвалі адзін аднаго, разам планавалі мерапрыемствы і святкавалі. Я заўсёды з вялікім задавальненнем ішла на працу і з добрым настроем вярталася дадому.

Па словах Людмілы Васільеўны, лагодная атмасфера існавала не толькі на кафедры, але і ва ўніверсітэце ў цэлым. Калектыў у той час, калі яна працаўладкавался, быў невялікі, адзін аднаго добра ведалі. Заўсёды з усмешкай віталіся, цікавіліся справамі, з задавальненнем раіліся і дзяліліся навінамі. Праз некаторы час Людміле Васільеўне даручылі адказную працу: быць бухгалтарам прафсаюзнага камітэта ўніверсітэта:

– Трэба адзначыць, што мне вельмі шанцавала на добрых кіраўнікоў: і Іван Платонавіч Мартынаў, і Уладзімір Андрэевіч Хілюта, і Ігар Леанідавіч Кергет добра да мяне адносіліся, стваралі найлепшыя ўмовы для працы. А гэта першая і, бадай, галоўная прычына, чаму я засталася працаваць ва ўніверсітэце на ўсё жыццё і ні разу аб гэтым не пашкадавала.

Як расказала Людміла Васільеўна, праца ў прафкаме патрабуе акуратнасці вядзення дакументацыі, пільнасці і дасканаласці ва ўліку, але найперш гэта праца з людзьмі. Уменне выслухаць чалавека, адчуць яго ўнутраны стан, пачуць праблему, нягледзячы на свой настрой і абставіны – вось асноўная задача супрацоўнікаў прафкама і бухгалтара ў тым ліку:

– У прафкам звычайна прыходзяць, каб падзяліцца радаснай падзеяй, але часцей усё ж – сумнай, знаходзячыся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. І ў такую хвіліну важна падтрымаць чалавека: ветліва сустрэць, супакоіць. Спачуванне, міласэрнасць, жаданне дапамагчы – заўсёды ляжалі ў аснове маёй працы з людзьмі.

Сям’я Людмілы Васільеўны аб універсітэце ведае ўсё, у курсе самых значных універсітэцкіх падзей і мерапрыемстваў. Двое яе сыноў скончылі Купалаўскі ўніверсітэт, адзін з іх – Андрэй Вітальевіч Панькоў – кандыдат фізіка-матэматычных навук працуе на пасадзе дацэнта кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі.

За дасягненні ў працы па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза Людміла Васільеўна Панькова неаднаразова была прадстаўлена да ўзнарагод і атрымлівала падзяку як ад адміністрацыі ўніверсітэта, так і ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Цяпер Людміла Васільеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ў яе сэрцы жыве ўніверсітэт, яго людзі і адно-адзінае жаданне, каб універсітэт для ўсіх быў добрым домам, дзе ўмеюць шчыра радавацца і ўсміхацца адзін аднаму пры сустрэчы, спачуваць у бядзе, дзе можна не баяцца падзяліцца самым патаемным і заручыцца падтрымкай.

– Такім быў універсітэт для мяне, і так хочацца, каб ён стаў такім для кожнага, хто пераступіў яго парог, – напрыканцы размовы пажадала Людміла Васільеўна.

– Пазнаёміліся мы з Людмілай Васільеўнай Паньковай, калі яна яшчэ працавала на кафедры матэматычнага аналізу, а я вучыўся на матэматычным факультэце. Больш цеснае знаёмства і супрацоўніцтва пачалося з пачатку яе працы ў прафсаюзнай арганізацыі, я ў той час вёў бухгалтэрыю прафкама студэнтаў. З моманту пераходу яе ў бухгалтэрыю ўніверсітэта на налічванне стыпендый студэнтам сяброўства стала больш моцным. Людміла Васільеўна заўсёды імкнулася дапамагчы студэнтам, з мацярынскім клопатам спрабавала ўвайсці ў сітуацыю, налічыць, пералічыць фінансы своечасова і ў поўным аб’ёме. Заўсёды ветлівая, уважлівая, клапатлівая – такой яна перайшла і ў прафкам супрацоўнікаў універсітэта, такой яе ведаюць усе, хто прыходзіў ці тэлефанаваў у прафкам.

Таццяна СУШКО. Фота Мікіты ШАСТАКОВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...