Купалаўскімі сцяжынкамі пройдзем разам

На тэррыторыі нашай краіны і Гродзенскай вобласці ёсць музеі, прысвечаныя жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры. Мы прапануем чытачам некалькі кропак «купалаўскага маршруту», згодна з якім варта пабачыць вядомыя і цікавыя мясціны, дзе захоўваюць памяць пра песняра беларускай зямлі.

Там, дзе ўсё пачалося

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»

Адзін з філіялаў Купалаўскага музея – колішні маёнтак «Вязынка». Менавіта тут 140 гадоў таму нарадзіўся Ясь Луцэвіч, больш вядомы беларусам пад імем Янка Купала.

Стараннямі супрацоўнікаў музея тут час нібыта спыніўся: усё амаль так, як было ў дзяцінстве паэта. Цячэ рэчка Вязынка, ад якой атрымала назву мясцовасць, улетку квітнее стары сад і шуміць дуброва, якую садзілі беларускія пісьменнікі да стагоддзя з Дня нараджэння творцы. Тут жа і рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх, дзе калісь Дамінік Луцэвіч арэндаваў зямлю: стаў, хатка дваровых, адноўлены свіран, а таксама дом хатковых, у якім і нарадзіўся Янка Купала.

Сёння ў гэтым доме змяшчаецца экспазіцыя Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 годзе будынак адрэстаўравалі, стварылі новую экспазіцыю паводле архіўных дакументаў і ўспамінаў колішніх жыхароў «Вязынкі». У сенцах ды пакоі, дзе ў 1881 – 1883 гг. жылі Луцэвічы, адноўлены тагачасны інтэр’ер: экспазіцыю складаюць аўтэнтычныя рэчы, што збіраліся ў ваколіцах маёнтка.

Прыязджаць сюды лепш улетку, калі прырода ў самым росквіце: адразу прыходзіць натхненне, і ра­зумееш, што гэткая мясціна не магла не нарадзіць вялікага песняра. Асабліва мнагалюдна тут ў пачатку ліпеня, калі беларусы і госці краіны збіраюцца, каб адсвяткаваць Дзень нараджэння Янкі Купалы. Тут можна пацешыцца выступамі народных ансамбляў музыкі і танца, пачуць, як сучасныя паэты чытаюць купалаўскія радкі, а таксама ўскласці кветкі да помніка паэта.

Але ж калі здарыцца прыехаць восенню – свята таксама знойдзецца. Штогод Студэнцкае этнаграфічнае таварыства ладзіць тут свята Багач. Яно  заканчвае сезон збору ўра­джаю і прыпадае на восеньскае раўнадзенства. У «Вязынцы» ўсё як у старажытнасці: запальваюць свечку ў лубку з жытам, абходзяць з ім двары, а потым – пакідаюць у хаце да наступнага жніва. Лічыцца, што так дому забяспечана шчасце і багацце на наступны год.

Музей на месцы сталічнага Купалавага дома

У самым цэнтры Мінска, на беразе ракі Свіслач, знаходзіцца Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Ён заснаваны 25 мая 1944 года, але адкрыццё для наведвальнікаў адбылося толькі ў верасні 1945-га.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Першым месцам, дзе размяшчаўся музей да 1951 года, быў Дом пісьменнікаў. Пасля яго перанеслі ў Дом прафсаюзаў, але там ён таксама надоўга не затрымаўся. У 1959 годзе на месцы купалавага дома, які згарэў падчас вайны, быў спраектаваны і пабудаваны асобны будынак музея. Там ён і застаецца па сённяшні дзень. Прыкметна, што жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч стала першым дырэктарам музея. 

Экспазіцыі, якія тут знаходзяцца, знаёмяць нас з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, расказваюць пра яго ролю ў культурным і гістарычным станаўленні Беларусі. Упершыню ў экспазіцыйнай прасторы беларускага музея з’явіўся новы тып мультымедыйных сістэм – праекцыйная музейная экспазіцыя з дэманстрацыяй тэматычных відэакліпаў у трохмерным выяўленні, трывізар для трансляцыі аб’ёмных відарысаў, touch-манітор, які выконвае функцыю інфакіёска, змест якога складаюць чатыры віртуальныя туры па філіялах музея, электронная Кніга ганаровых гасцей і фотакамера для вырабу «Дыплома наведвальніка».

Сёння ў музеі ладзяцца творчыя вечарыны, тэматычныя і аглядныя экскурсіі, распрацоўваюцца праекты ў выглядзе дыялогу з наведвальнікамі. Акрамя літаратурных помнікаў тут ёсць і мемарыяльныя аб’екты. Напрыклад, частка кватэры паэта, што знаходзілася ў Пецярбургу, і гасціная з кабінетам, якія знаходзіліся ў яго доме.

У музеі больш за 50 тысяч экспанатаў. Найбольш значныя з іх – творы і выданні, надрукаваныя пры жыцці, аўтографы, фатаграфіі і асабістыя рэчы Купалы і яго родных. Тут ёсць перасоўныя і стацыянарныя выставы. Яны прысвечаны як жыццю і творчасці паэта, так і гістарычным падзеям тых гадоў. Супрацоўнікі музея вядуць навукова-даследчую дзейнасць, чым папаўняюць архіў. А напрыканцы кожнага года праводзяцца чытанні ўнутры галерэі.

Значнымі праектамі апошніх гадоў сталі: стварэнне новай пастаяннай экспазіцыі, выданне каталога «Аўтографы першага Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы», грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам», выставы да 100-годдзя п’есы «Паўлінка» і да 130-годдзя Янкі Купалы.

У парку каля музея знаходзіцца помнік у гонар паэта з граніту ў выглядзе яго фігуры ва ўвесь рост з кіем. Месца, дзе ён зараз стаіць, пуставала 20 гадоў і было спецыяльна адведзена пад скульптуру. Яшчэ адной асаблівасцю музея з’яўляецца тое, што тут больш за 30 гадоў жылі бацькі і сваякі Янкі Купалы. Тут сабрана амаль ўсё жыццё беларускага паэта і колькасць экспанатаў, прысвечаных яму, толькі павялічваецца з кожным годам.

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»

У «Ляўках» Купала  праводзіў кожнае лета

Філіял «Ляўкі» знаходзiцца на беразе Дняпра ў Аршанскім раёне. Тут быў заснаваны паводле пастановы ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 4 мая 1945 года «Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы» музей. 11 кастрычнiка 1978 года быў створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі».

 Да 1941 года Янка Купала праводзіў тут кожнае лета з сям’ёй і сябрамі. У гаражы выстаўлены аўтамабіль «Шэўрале», падараны паэту беларускім урадам у 1939 годзе.

У 1962 годзе да 80-годдзя з Дня нараджэння Янкі Купалы тут была ўсталявана мемарыяльная дошка. З 1962 па 1977 гады філіял працаваў на грамадскіх пачатках. З 1977 па 1982 гады экспазіцыя пашыралася, i сёння яна прадстаўлена ў двух тэматычных частках. Першая – літаратурна-дакументальнае сведчанне знаходжання пісьменніка на гэтай зямлі. Размясцілася яна ў сценах былой канторы Копыскага лясніцтва.

Экспазіцыя ў ГрДУ Янкі Купалы

Другая экспазіцыя размясцілася ў лецішчы пісьменніка, дзе i знаходзiцца  мемарыяльная дошка. Сёння на тэрыторыі музея праводзяць літаратурныя вечарыны, канцэрты.

Купалаўцам пра Купалу

Сімвалічна, што пазнаёміцца з жыццём і творчасцю беларускага паэта можна і ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы: які год у холе другога паверха галоўнага корпуса ганаровае месца займае экспазіцыя, прысвечаная класіку беларускай літаратуры. Тут прадстаўлены цікавыя архіўныя фатаграфіі і малазнаёмыя факты аб жыцці і творчасці нацыянальнага паэта Беларусі, верш «Хлопчык і лётчык» які, дарэчы, натхніў Юрыя Гагарына на заваяванне космасу.

Спадзяёмся, што кожнае з гэтых месцаў вы абавязкова наведаеце!

Юлія САКАЛОЎСКАЯ, Крысціна СЫЦЬКО, Дар’я МЫШКО,

Алена БАЛАБУШКА, Дзіяна СІДАРКЕВІЧ,

магістранты 2 курса спецыяльнасці «Журналістыка»

Поделиться

Вам может также понравиться...