Выйшла ў свет новая кніга прафесара кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Валерыя Чарапіцы

17 сакавіка манаграфію пад назвай «Там, дзе Нёман нясе свае воды» прэзентавалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

У кнізе адлюстраваны жыццё і творчасць расійскіх пісьменнікаў, музыкаў, акцёраў, мастакоў і архітэктараў, чыя дзейнасць або жыццёвы шлях так ці інакш былі звязаны з гродзенскай зямлёй.

– На карце сучаснага Гродна ёсць амаль два дзясяткі вуліц, якія носяць імёны знакамітых рускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры, але ў іх шэрагу амаль няма тых, хто хоць аднойчы яго наведаў. Аб іх таксама пойдзе гаворка ў кнізе, – расказаў Валерый Мікалаевіч.

Чарговае выданне прафесара Чарапіцы, прысвечанае тэме «Гродзеншчына ў жыцці і творчасці пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў Расіі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХІ стагоддзя», з’яўляецца працягам яго папярэдніх даследаванняў:

– Мне ўдалося ўбачыць і зразумець, які вялікі інтарэс да тэрыторыі Прынёманскага краю праяўлялі шматлікія пісьменнікі і вучоныя, і што іх працы ў гэтым накірунку часцей за ўсё знаходзілі гарачы водгук у большасці нашых землякоў, якія імкнуліся аддзячыць гэтым таленавітым людзям за іх увагу да сябе і зрабіць свой унёсак у працэс адухаўлення жыцця праз літаратуру і мастацтва.

Па словах аўтара, выбар менавіта такіх храналагічых межаў даследавання быў абумоўлены не толькі фактам узлёту рускай і савецкай культуры, але і плённым уздзеяннем яе творцаў на духоўны стан грамадства ў накірунку ўмацавання ўпэўненасці рускіх, беларусаў і ўкраінцаў у правільнасці выбранага раней шляху – быць разам.

– Выхаду ў свет гэтай кнігі я чакаў два гады. Былі хваляванні, перажыванні. Зараз мяне перапаўняюць асаблівыя пачуцці. У Беларусі 2021 год праходзіць пад дэвізам народнага адзінства, і мая кніга якраз адказвае на патрэбы грамадства. Мне хацелася напісаць аб тых людзях і тых падзеях, якія будуць узмацняць кожнага з нас, – адзначыў аўтар.

На старонках новага выдання – жыццяпісы Мікалая Ляскова, Уладзіміра Караленкі, Уладзіміра Маякоўскага, Міхаіла Прышвіна, Дзмітрыя Ліхачова, Аляксандра Твардоўскага, Роберта Раждзественскага, Льва Бакста і многіх іншых дзеячаў літаратуры і мастацтва Расіі.

Кніга складаецца з дзвюх частак «Рускія літаратары і Гродзеншчына» і «Гродзеншчына ў жыцці і творчасці дзеячаў мастацтва Расіі», бібліяграфічнага спісу, а таксама ілюстрацыйнага дадатку. Выданне на рускай мове адрасавана гісторыкам, філолагам, мастацтвазнаўцам і шырокаму колу чытачоў, якія любяць творчасць і Прынёманскі край.

Трэба адзначыць, што даследаванні Валерыя Чарапіцы выклікаюць жывую зацікаўленасць ва ўсіх, хто захапляецца краязнаўствам. Манаграфія «Там, дзе Нёман нясе свае воды» можа быць з поспехам выкарыстана экскурсаводамі ў сваёй прафесійнай дзейнасці для аднаўлення жывых вобразаў у экскурсіях для турыстаў.

Поделиться

Вам может также понравиться...