Да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання

Францыск Скарына займае ганаровае месца ў нашай нацыянальнай гiсторыi i культуры. Заснавальнiк усходнеславянскага кнiгадрукавання, ён быццам узвышаецца над цэлай плеядай сваiх вялiкiх папярэднiкаў, сучаснiкаў i паслядоўнiкаў, якiх дала Айчыне i чалавечай цывiлiзацыi Беларусь. Генiй Скарыны мог зрабiць гонар любой дзяржаве. Арыгiнальны мыслiцель, таленавiты пiсьменнiк, плённы публiцыст i руплiвы перакладчык-палiглот, вынаходлівы мастак i першадрукар, гуманiст i асветнiк, вучоны-медык – такой шматграннай асобай быў Скарына. Багацце асобы ставіць яго побач з такімі тытанамі Адраджэння, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, Томас Мюнцэр, Эразм Ратэрдамскі, Томас Мор, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, ставіць поруч з культурай еўрапейскай. Скарына паказаў усяму свету годнасць беларускага народа і яго культуры.

Бiяграфiя заснавальнiка ўсходнеславянскага кнiгадрукавання поўная загадак i таямнiц. Далёка не ўсе яе факты нам вядомыя, частка iх страчана для гiсторыi назаўсёды. Гэта тлумачыцца дрэннай захаванасцю гістарычных крыніц. Многія з іх знішчаны самім часам, кепскімі ўмовамі захоўвання, а таксама шматлікімі войнамі, якія пракаціліся па нашай зямлі. Акрамя таго, асноўную частку жыцця Скарына правёў за мяжой, i некаторыя дакументы захаваліся ў замежных архiвах. Нягледзячы на абмежаванае кола крыніц, з наяўных дакументаў зразумела, што ён – найбольш значная i яркая фiгура культуры Беларусi эпохi Адраджэння. Яго прыродны талент, незвычайная эрудыцыя, цудоўнае разуменне практычных задач сваёй эпохі і творчая смеласць не раз здзіўлялі сучаснікаў і нашчадкаў.

Высакародная задума даць свайму народу друкаваную кнiгу на роднай мове, вiдаць, выспела ў Францыска Скарыны ў час вучобы ў Кракаўскім універсітэце – адной са старэйшых i лепшых навучальных устаноў тагачаснай Еўропы. Вынаходнiцтва кнiгадрукавання каля 1440 года з’яўляецца адным з найвялiкшых дасягненняў чалавечай цывiлiзацыi. Вынаходнiк друкарскага варштату i наборнага шрыфту, «бацька» кнiгадрукавання немец Іаган Гутэнберг назваў яго «мастацтвам з усiх мастацтваў, навукай з навук». Рэвалюцыйная роля гэтага вынаходнiцтва праявiлася ў тым, што за паўвека iснавання кнiгадрукарства з-пад станкоў больш за тысячу друкарняў выйшла каля 40 тысяч выданняў агульным накладам 12 мільёнаў асобнікаў. Ёсць звесткі, што ў канцы XV стагоддзя ў Еўропе дзейнiчала звыш 200 друкарняў у 69 гарадах. Вынаходнiцтва кнiгадрукавання з’яўляецца самым важным вынаходніцтвам у другім тысячагоддзі.

Дасягнуўшы вяршынь еўрапейскай адукацыi – ступені доктара медыцыны, Скарына не зрабiўся кабiнетным вучоным, а стаў на шлях служэння справе адукацыi свайго народа. Заручыўшыся фiнансавай падтрымкай багатых гараджан Вiльнi i свайго брата Iвана, ён заснаваў у Празе друкарню. 6 жнiўня 1517 года з-пад яе варштата выйшаў у свет «Псалтыр», надрукаваны на царкоўнаславянскай мове, блiзкай да беларускай. Гэтым быў пакладзены пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню.

На працягу 1517–1519 гадоў адукаваны i энергічны палачанiн пераклаў, пракаментаваў, падрыхтаваў да друку і выдаў «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению» 23 кнiгi асобніка Бiблii. Яна была самай прыдатнай кнiгай для яго асветнiцкай мэты. Гуманiсты Еўропы, адным з якіх быў сам Скарына, лiчылi Біблію свайго роду ўнiверсальным падручнiкам, энцыклапедыяй, дзе можна было знайсцi адказы на многiя пытаннi па гісторыі, геаграфіі, астраноміі, матэматыцы і іншых галінах ведаў.

Да выдадзеных кнiг Старога Запавету Францыск Скарына напiсаў 25 прадмоў i 24 пасляслоўi. Яго выданні былi багата iлюстраваны высокамастацкiмi гравюрамi, арнаментаваны вялiкай колькасцю заставак, што зрабiла iх унiкальнымi помнiкамi айчыннага мастацтва. У выдадзеных кнігах Бiблii Скарына тройчы змясціў свой партрэт, якi з’яўляецца адзiнай яго прыжыццёвай выявай. Гэта сведчыць аб нетрадыцыйных, вольных, рэнесансна-гуманiстычных адносiнах беларускага першадрукара да Святога Пiсання.

Неўзабаве Скарына перанёс кнiгадрукаванне на ўсход Еўропы. Ён заснаваў друкарню ў Вiльнi, першую на тэрыторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага, i на працягу 1522–1525 гадоў выпусцiў у свет «Малую падарожную кнiжку» i «Апостал», якія надрукаваў на царкоўнаславянскай мове ў беларускай рэдакцыi. Дарэчы, першая была адрасавана людзям, якiя часта вандравлі, каб яны маглі ў дарозе атрымлiваць рэлігійную і астранамiчную iнфармацыю і прыгадваць словы малiтваў.

Выданнi Скарыны з’явiлiся творчым сiнтэзам дасягненняў заходнееўрапейскага кнiгавыдання i мастацкага вопыту ўсходнеславянскай рукапiснай кнiгi. 400 існуючых экзэмпляраў кнiг Скарыны як найвялiкшая каштоўнасць захоўваюцца зараз у бiблiятэках i музеях свету.

Шматгранная прагрэсiўная дзейнасць беларускага першадрукара ўвабрала ў сябе лепшыя агульнаеўрапейскiя i славянскiя культурныя дасягненнi, склала цэлую эпоху ў станаўленнi беларускай, рускай i ўкраiнскай культуры i шмат у чым перадвызначыла характар iх будучага развiцця. Яна адыграла выдатную ролю ва ўмацаваннi сувязяў памiж Усходам i Захадам, славянскiмi i iншымi народамi Еўропы, зрабiла значны ўплыў на абуджэнне i фармiраванне нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў.

Кнiгi Скарыны распаўсюджвалiся на землях Беларусi, Украiны, Лiтвы, Расii. На працягу стагоддзяў яны карысталiся вялiкай папулярнасцю i аўтарытэтам, беражлiва захоўвалiся, перадавалiся з пакалення ў пакаленне, служылi ўзорам для паслядоўнiкаў i здзейснiлi вялiкую культурную мiсiю ва Усходняй Еўропе.

Францыск Скарына – патрыёт i адданы сын свайго народа. Нягледзячы на тое, што вучыўся i працаваў у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, ён не парваў сувязяў з радзiмай, а свае сiлы i энергiю аддаў служэнню «людем посполитым руского языка» для пашырэння асветы ў родным краi. Веды, атрыманыя ва ўнiверсiтэтах Польшчы i Iталii, ён iмкнуўся перадаць на карысць свайму народу.

Скарына разумеў важнасць роднай мовы як фактара, якi спрыяе захаванню цэласнасцi народа, яго адзiнства i нацыянальнай самабытнасцi. Таму ён замацаваў беларускую мову ў высокай лiтаратуры сусветнага значэння – Бiблii – як раўнапраўную, «боскую» побач з класiчнымi, агульнапрызнанымi, кананiчнымi мовамі – лацiнскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай. I ў гэтым яго вялікая заслуга перад сваiм народам. Скарына стаяў каля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры i стаў яе сiмвалам.

Святлана МАРОЗАВА, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогііі спецыяльных гістарычных дысцыплін

Поделиться

Вам может также понравиться...