СВЯТА КНІГІ

З 17 па 22 сакавіка адбыўся адзін з самых значных кніжных форумаў краіны – ХХХІІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая на сваёй пляцоўцы сабрала прадстаўнікоў больш чым з 20 краін свету. Актыўнымі ўдзельнікамі форуму сталі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Асноўнымі тэмамі сёлетняга мерапрыемства сталі Год беларускай жанчыны і 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
На выставе-кірмашы найбольш прадстаўлены кніжныя навінкі беларускіх выдавецтваў, грамадскіх арганізацый, устаноў культуры і адукацыі. Падчас форуму быў праведзены шэраг прэзентацый, у тым ліку з удзелам аўтараў, сярод якіх вядомыя пісьменнікі, публіцысты, вучоныя, грамадскія дзеячы.
Стала добрай традыцыяй у межах выставы-кірмаша ажыццяўляць працу адукацыйнага квартала, які сёлета быў прадстаўлены чатырма асноўнымі лакацыямі: выдавецкая дзейнасць, навукова-метадычнае забеспячэнне, дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі, моладзевая палітыка.
Навуковая бібліятэка і выдавецкі цэнтр Купалаўскага ўніверсітэта прадставілі навінкі выдавецкай дзейнасці: вучэбныя дапаможнікі, манаграфіі, зборнікі навуковых артыкулаў, практыкумы і іншыя выданні, а таксама ўзоры паліграфічнай прадукцыі.

У межах міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу прыкметнай стала і лакацыя «Моладзевая палітыка», дзе купалаўцы прадэманстравалі цікавыя распрацоўкі: прэзентацыю грамадзянска-патрыятычнага праекта «Дарогамі Перамогі», інтэлектуальныя гульні «Асоба. Грамадства. Дзяржава» і «Законы сям’і», прэзентацыю адукацыйнага праекта «МедыяДэтэктыў», віктарыну «Знаўцы сімволікі Рэспублікі Беларусь» і многае іншае.
Азнаёміцца з экспазіцыяй кніжнай выставы-кірмаша, пабываць на цікавых прэзентацыях, набыць новыя выданні мелі магчымасць студэнты спецыяльнасці «Беларуская філалогія», для якіх універсітэтам была арганізавана паездка ў Мінск.
Мікалай ГРЫНЬКО.
Фота аўтара



