У гонар 55-годдзя Тэхналагічнага каледжа ўспамінамі падзяліўся адзін са старэйшых супрацоўнікаў Рыгор Лапыш

Тэхналагічнаму каледжу, які ў 2001 годзе ўвайшоў у структуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, споўнілася 55 і амаль столькі ж гадоў правёў у сценах гэтай установы Рыгор Рыгоравіч Лапыш. Прыйшоўшы ў якасці навучэнца, ён застаўся тут працаваць: напрацягу 27 гадоў быў намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы і 16 – загадчыкам вучэбна-вытворчай майстэрні. На яго вачах і пры яго непасрэдным удзеле адбывалася станаўленне і развіццё каледжа.

Рыгор Лапыш у вучэбна-вытворчай майстэрні Тэхналагічнага каледжа

У 1966 годзе быў адкрыты Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, і першы набор ажыццяўляўся па трох спецыяльнасцях: «Абсталяванне хімічных і нафтаперапрацоўчых заводаў», «Эксплуатацыя аўтаматычных прылад хімічных вытворчасцей» і «Тэхналогія мінеральных угнаенняў і кіслот». Літаральна праз год пасля адкрыцця новай установы адукацыі на спецыяльнасць «Абсталяванне хімічных і нафтаперапрацоўчых заводаў» паступіў Рыгор Лапыш. Юнак вылучаўся сярод навучэнцаў сваёй схільнасцю да вучобы, спартыўнымі поспехамі і арганізатарскімі здольнасцямі.

– Не толькі я, але і ўсе навучэнцы актыўна ўдзельнічалі ў жыцці тэхнікума. Многія з радасцю прапаноўвалі свае паслугі, нават адрамантаваць дах, – дзеліцца ўспамінамі Рыгор Рыгоравіч.

Яшчэ падчас вучобы ён атрымаў запрашэнне працаваць лабарантам, а ў 1977 годзе ў 26-гадовым узросце стаў намеснікам дырэктара па арганізацыйна-гаспадарчай частцы тэхнікума, адначасова набываючы веды ва Усесаюзным завочным політэхнічным інстытуце ў Маскве.

– Пачынаць працаваць было вельмі складана: тэхнікум не меў належнага матэрыяльнага забеспячэння. У свабодным продажы амаль нічога не было. Не так, як сёння: што захацеў, тое і купіў. А тады, у канцы 70-х – на пачатку 80-х, трэба было ўсё даставаць, даводзілася дамаўляцца на ўзроўні асабістых адносінаў, імкнуцца самастойна наладжваць сувязі. Хоць быў маладым, але камунікаваць атрымлівалася нядрэнна. Я ніколі нікога не падманваў, з усімі быў шчырым, адказна падыходзіў да справы, добрасумленна выконваў абавязкі. Людзі мне давяралі, – расказвае Рыгор Рыгоравіч.

Тэхналагічны каледж УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

Паступова крок за крокам выгляд тэхнікума змяняўся, добраўпарадкаванне ішло поўным ходам. Улетку пачалі працаваць будатрады. Навучэнцы выраблялі мэблю, абліцавальную плітку з гіпсу, якой аздаблялі сцены памяшканняў, і тэхнікум квітнеў:

– Калі прыехалі правяраючыя з Міністэрства адукацыі, то былі прыемна ўражаны нашай працай, тым больш, калі даведаліся, што ўсё зроблена ўласнымі сіламі. Неўзабаве пайшлі першыя ўзнагароды, сярод іх ганаровая ў той час – пераходны Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, дырэктар тэхнікума Фелікс Феліксавіч Вронка атрымаў званне Заслужанага настаўніка БССР.

Выконваліся запатрабаваныя Гродзенскім азотна-тукавым заводам, а пазней Гродзенскім вытворчым аб’яднаннем «Азот», іншымі прадпрыемствамі курсавыя, дыпломныя праекты, ствараліся спецыяльныя аўдыторыі, лабараторыі, развіваліся новыя тэхналогіі, паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база.

Дзякуючы прадпрымальніцкай жылцы Рыгора Рыгоравіча, былі заключаны дамовы з многімі прадпрыемствамі Савецкага Саюза: з Літоўскай ССР пачаліся пастаўкі ДВП, з Маскоўскага аўтазавода атрымалі для тэхнікума службовы аўтамабіль, а з Елгаўскага машынабудаўнічага завода ў Латвіі – мікрааўтобус.

– У 90-х гадах мінулага стагоддзя мы значна адрозніваліся сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базай сярод навучальных устаноў. На пасадзе намесніка дырэктара па арганізацыйна-гаспадарчай частцы я быў адзіны, хто атрымаў узнагароду Выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, – з гонарам паведамляе Рыгор Рыгоравіч.

Пасля таго як гаспадарка ўстановы была наладжана, Рыгор Лапыш пачаў займацца вытворчасцю каледжа, узначаліўшы навучальна-вытворчую майстэрню. Менавіта тут выпрацоўваюцца прафесійныя ўменні і навыкі навучэнцаў у працэсе выканання вучэбна-вытворчых работ з выкарыстаннем тыповых для будучай прафесіі машын, механізмаў, прыбораў, установак, інструментаў, прыстасаванняў. Тут навучэнцы набываюць навыкі арганізацыі працы і працоўнага месца, прызвычайваюцца да працоўнай культуры, рацыянальнага выкарыстання працоўнага часу, захавання патрабаванняў і нормаў бяспекі, санітарна-гігіенічных і экалагічных патрабаванняў, вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны.

На новым абсталяванні навучэнцы пад пільнай увагай таленавітых майстроў – Васіля Мухі і Арцёма Ганчара – распачалі вытворчасць прадукцыі для ўласных патрэбаў, патрэбаў каледжа, а таксама для продажу.

– На пасадзе загадчыка навучальна-вытворчай майстэрні праявілася яшчэ адна схільнасць – любоў да тэхнікі. Разам з прадпрымальніцкай рысай гэта дало добры плён, – дзеліцца Рыгор Рыгоравіч. – Мы выконвалі замовы ад арганізацый і прадпрыемстваў горада. Напрыклад, для Гродзенскага ўнітарнага камунальнага вытворчага прадпрыемства «Гарсвятло», для школ горада, санаторыяў, а таксама для ўніверсітэта.

Вырабы навучэнцаў каледжа

Калі адкрылі спецыяльнасць «Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей», пачалі працаваць з дрэвам. Навучэнцы падчас вытворчай практыкі пры атрыманні разраду павінны прадставіць канкрэтны выраб, які пасля можна рэалізаваць альбо набыць для сябе.

– Для навучэнцаў вялікі гонар выклікаюць уласныя вырабы, сярод іх ложкі, нават двух’ярусныя, калыскі, камп’ютарныя сталы, шведскія сценкі, кніжныя шафы, паліцы і многае-многае іншае, – адзначыў суразмоўца. – Асноўная наша мэта – навучыць. Кожны малады чалавек павінен умець карыстацца штангенцыркулем, вымяральнымі прыладамі, бо ў жыцці ў любым выпадку давядзецца ці дом будаваць, ці рамонт памяшкання ладзіць. Практычныя навыкі будуць карыснымі заўсёды. Нашы выпускнікі выходзяць абсалютна прыстасаванымі да жыцця.

Зусім нядаўна Рыгор Рыгоравіч Лапыш пайшоў на заслужаны адпачынак. Яго справа на карысць Тэхналагічнага каледжа перайшла ў рукі таленавітай Вольгі Каршакоўскай, а яго прадпрымальніцкая жылка перадалася ўнуку – Аляксею Дзяшко, які, навучаючыся на 3 курсе факультэта матэматыкі і інфарматыкі спецыяльнасці «Камп’ютарная бяспека» Купалаўскага ўніверсітэта, адкрыў сваю справу і стаў рэзідэнтам Тэхнапарка.

У 2021 годзе Тэхналагічны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы аб’яўляе набор на спецыяльнасці:

  • Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей
  • Машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў
  • Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання
  • Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна
  • Тэхналогія дрэваперапрацоўчых вытворчасцей
  • Тэхналогія машынабудавання
  • Хімічная тэхналогія неарганічных рэчаў, матэрыялаў і вырабаў
  • Тэсціраванне праграмнага забеспячэння
  • Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій

Таццяна СУШКО.
Фота аўтара

Поделиться

Вам может также понравиться...