Пра жыццяздольнасць студэнцкага навуковага-даследчага гуртка «Ніка» распавёў яго навуковы кіраўнік, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны

Больш за паўстагоддзя на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта працуе студэнцкі навукова-даследчы гурток «НІКа». Гэта самы стары з дзейсных студэнцкіх навукова-даследчых гісторыка-краязнаўчых гурткоў універсітэтаў Беларусі. Аб тым, што забяспечыла яму такую жыццяздольнасць, мы пагутарылі з яго навуковым кіраўніком – дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандрам Горным.

Студэнцкі гурток пры гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута быў заснаваны ў 1955 годзе. З таго часу ён збірае вакол сябе таленавітую, апантаную гістарычнымі пошукамі моладзь, якая плануе звязаць сваё жыццё з далейшым навучаннем у магістратуры, аспірантуры і сур’ёзнымі навуковымі даследаваннямі.

– Дзейнасць гуртка – гэта традыцыя тагачаснай кафедры Беларусі, якая перадавалася як эстафетная палачка з пакалення ў пакаленне. Я вельмі ўдзячны, што папярэднікам удалось захаваць гурток, бо, акрамя аўдыторных заняткаў, студэнтам абавязкова патрэбна інтэлектуальная, творчая пляцоўка, дзе яны могуць сустрэцца, паразмаўляць, абмяняцца думкамі, пазнаёміцца. Як кіраўнік я імкнуся, каб гурток адкрыў «другое дыханне» і не толькі працягваў сваё існаванне, але і стаў брэндам нашага факультэта, – падкрэсліў навуковы кіраўнік гуртка з 2016 года Аляксандр Горны.

Па яго словах, сёння напрамкі дзейнасці гуртка поўнасцю адпавядаюць запытам студэнцкай моладзі:

– Калі раней асноўным быў навукова-даследчы напрамак, то сённяшні кантэкст патрабуе больш гібкіх форм працы са студэнтамі. Таму мы як арганізатары займаемся запрашэннем цікавых гасцей, падрыхтоўкай і публікацыяй навуковых артыкулаў, арганізацыяй экскурсій, візуалізацыяй матэрыялаў і шмат іншым.

З 2016 года гурток «НІКа» праводзіць цыкл публічных дыскусій пад назвай «Інтэлектуальныя серады», куды ў якасці гасцей прыходзіць шмат вядомых інтэлектуалаў: беларускія гісторыкі, вучоныя ў розных галінах гуманітарнай навукі не толькі Беларусі, але і замежжа. Госці дэманструюць студэнтам свае навуковыя адкрыцці, кнігі, новыя напрамкі даследаванняў і шмат іншых цікавостак. Падчас дыскусіі студэнты ў вольнай форме могуць задаць самыя розныя пытанні навукоўцу, даведацца, як ён ажыццявіў сваё даследаванне.

Нядаўна ў адной з такіх дыскусій прыняў удзел навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Сяргей Грунтоў, які падаў вынікі свайго новага даследавання на тэму «Пахавальныя фотаздымкі ў беларускай культурнай традыцыі».

– Толькі ў беларускай культуры засталася традыцыя рабіць фотаздымкі на пахаванні і пасля дарыць іх сваякам на памяць. Студэнтам было вельмі цікава прыняць удзел у дыскусіі, – расказаў Аляксандр Сяргеевіч.

Ён адзначыў, што не менш цікава ў кантэксце сённяшняга дня прайшла сустрэча студэнтаў з даследчыкам, які вывучае эпідэміі на тэрыторыі Гродзенскай губерніі ў XIX – пачатку XX стагоддзяў:

– Мы ўздымаем не проста ўласнанавуковыя тэмы, але і разам з тым вельмі цікавыя і актуальныя для моладзі. Пасля іх абмеркавання нараджаюцца новыя тэмы навуковых даследаванняў. Дыскусіі спрыяюць фарміраванню ў студэнтаў культуры навуковага дыскурса, пошуку і навізны.

Аляксандр Горны звярнуў увагу на яшчэ адзін важны накірунак дзейнасці гуртка – экскурсіі:

– Як краязнаўчы гурток мы ладзім экскурсіі ў розныя мясцовасці з выездамі, напрыклад, па маршрутах Гродна – Ружаны, Гродна – Косава і іншых, ходзім на старыя могілкі г. Гродна, якія з’яўляюцца аб’ектам гістарычнай памяці.

Сёння «НІКа», бадай, адзіны гурток, які ўжо на працягу пяці гадоў выдае зборнік навуковых рэцэнзаваных артыкулаў пад назвай «Гадавік студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка “НІКа”». Зборнік мае агульнарэспубліканскае значэнне. У ім друкуюцца працы не толькі студэнтаў-купалаўцаў, але і іншых студэнтаў з розных універсітэтаў Рэспублікі Беларусь.

Па словах Аляксандра Горнага, студэнт, які наведвае гурток, мае магчымасць пашырыць свае веды, ён становіцца больш гібкім да запатрабаванняў сённяшняга часу, адаптаваным да акадэмічнай супольнасці і навуковага жыцця. Акрамя таго, ён набывае кантакты, развівае адносіны, сябруе з навукоўцамі і паляпшае якасць сваіх навуковых даследаванняў.

– Многія вядомыя нам сёння людзі ў студэнцкія гады былі актыўнымі членамі гуртка «НІКа». Гэта і дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч, прафесары – Святлана Марозава і Валерый Чарапіца. Выпускніком гуртка быў вядомы беларускі гісторык, акадэмік Міхаіл Касцюк, сённяшні дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна Таццяна Афанасьева, – адзначыў кіраўнік «НІКі».

У планах сяброў гуртка – збор успамінаў людзей, якія добра памятаюць Гродна. Гэтая ідэя ўжо пачала ажыццяўляцца.

У гэтым навучальным годзе сябрамі гуртка з’яўляецца больш за 25 студэнтаў першай і другой ступені навучання. Праўда, у мерапрыемствах, якія анансуюцца ў сацыяльных сетках, на старонцы сайта факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прымае ўдзел значна больш студэнтаў. Усім, хто жадае далучыцца да сяброў гуртка «НІКа», неабходна напісаць заяву на імя дэкана факультэта.

Таццяна СУШКО.
Фота з асабістага архіва Аляксандра ГОРНАГА

Поделиться

Вам может также понравиться...