У пошуках бурштыну

З 27 чэрвеня да 9 ліпеня студэнты 1 курса спецыяльнасці «Гісторыя (на накірунках)» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму праходзілі археолага-этнаграфічную практыку. Яе базай сталі Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, дзе апрацоўвалі матэрыялы археалагічных даследаванняў Старога Замка 2018-2021 гадоў, а таксама археалагічныя помнікі ў наваколлі вёскі Пагараны, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Як распавёў кіраўнік практыкі – доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Аркадзьевіч Піваварчык, мэтай практыкі стала замацаванне і пашырэнне тэарэтычных ведаў, атрыманых у курсах «Археалогія», «Этналогія і этнаграфія Беларусі», азнаямленне студэнтаў з сучаснымі метадамі вядзення палявых археалагічных і этнаграфічных даследаванняў. Археалагічныя складнікі практыкі прадугледжвалі засваенне асноўных навыкаў пошуку і раскопак археалагічных помнікаў: знаёмства з метадамі першаснай апрацоўкі і доўгатэрміновай кансервацыі археалагічных знаходак, распрацоўка ўменняў вядзення палявой дакументацыі, выхаванне беражлівых адносін да помнікаў гісторыі і ­археалогіі.

Акрамя таго, практыка накіравана на фарміраванне ў студэнтаў цэласных уяўленняў пра стабільныя формы асноўных элементаў матэрыяльнай культуры: жытло, тыпы паселішчаў, гаспадарчыя пабудовы, формы рамёстваў і промыслаў, прылады працы; устойлівыя формы духоўнай культуры: сельскай і гарадской супольнай і сямейнай абраднасці, бытавой культуры і многіх іншых аспектаў.

Этнаграфічная частка практыкі прадугледжвае ўзбраенне студэнтаў метадычнымі асновамі збору, сістэматызацыі мясцовага этнаграфічнага матэрыялу, аналізу розных крыніц матэрыяльнага, археалагічнага, лінгвістычнага, фальклорнага, дэмаграфічнага, картаграфічнага характару.

– Сёлета падчас даследаванняў былі знойдзены розныя артэфакты: каменныя прылады працы, рэшткі керамічнага посуду, прадметы з металаў. Яны засведчылі, што чалавек на высокім беразе Нёмана пасяліўся ў познім палеаліце і жыццё працягваецца да сённяшніх дзён. Асаблівую цікавасць уяўляе знаходка на глыбіні 2,5 метра натуральнага бурштыну. Гэта першыя знаходкі мінерала на тэрыторыі Панямоння, – адзначыў Сяргей Аркадзьевіч.

Для даследаванняў каля вёскі Пагараны была арганізавана археалагічна-этнаграфічная экспедыцыя, дзе студэнты ў палявых умовах набывалі навыкі арганізацыі працы, быту і адпачынку.  

– На дадзеным аб’екце – помнік «Пагараны-1», які быў адкрыты ў 1999 годзе, – у нас закладзены шурф (шурфом у археалогіі называецца невялікі пробны раскоп – рэд.) з мэтай выяўлення археалагічных матэрыялаў эпохі палеаліту, – спыніўшы на некалькі хвілін сваю працу, расказвае аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Алесь Гаршкоў:

– Гэтае месца выбрана зыходзячы з тыпаграфіі і верагоднасці знаходжання тут матэрыялаў патрэбнага перыяду. Мы знайшлі цікавыя каменныя старажытныя прылады працы, акрамя таго, ёсць незвычайныя рэчы – бурштын, які знойдзены ў Нёмане, праўда, колькі яму гадоў невядома, пра гэта мы вядзём размовы з геолагамі.

Праца працягнецца далей, і, магчыма, у хуткім часе купалаўцы-гісторыкі зробяць навуковае адкрыццё на ўзроўні маштабаў рэспублікі.

Таццяна СУШКО.

Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ

Поделиться

Вам может также понравиться...