Купалаўцы адзначылі свята ведаў
У самым сэрцы ГрДУ імя Янкі Купалы – на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга – сабраліся купалаўцы і далі старт новаму навучальнаму году.
Дзень ведаў – адно з самых любімых святаў ва ўсёй краіне. Пачатак навучальнага года заўсёды выклікае прадчуванне новых здзяйсненняў і дасягненняў!
У першы восеньскі дзень на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга сабраліся рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прарэктары, дэканы, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама студэнты, магістранты і аспіранты. Ганаровымі гасцямі ўрачыстага мерапрыемства сталі намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Уладзімір Клішын і кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы іерэй Ігар Данільчык. Усе яны пад яркім вераснёўскім сонцам павіншавалі адзін аднаго са святам.
Па добрай традыцыі навучальны год пачаўся з узняцця сцягоў Рэспублікі Беларусь і ўніверсітэта. Дзяржаўны сцяг паднялі курсанты ваеннага факультэта, а нашай alma mater – лепшыя студэнты, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў галіне навукі, культуры і спорту ўслаўляюць наш універсітэт у Рэспубліцы Беларусь і далёка за яе межамі, а таксама лідары студэнцкага самакіравання.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка:
– Сёння мы адзначаем пачатак новага навучальнага года. Для некаторых з вас гэта першы дзень ва ўніверсітэце, а для большасці – працяг шляху да дасягнення мэтаў і ажыццяўлення мараў. Шчыра жадаю, каб гэты навучальны год натхніў вас на новыя праекты і здзяйсненні! Нічога не бойцеся, праяўляйце ініцыятыву, будзьце адважнымі, стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты! А мы вас падтрымаем усімі рэсурсамі, што ёсць у нашым распараджэнні.
Ірына Фёдараўна пажадала студэнтам крэатыву і поспеху, лідарства і адказнасці, веры і адзінства, і абавязкова быць патрыётамі сваёй краіны. Усе гэтыя якасці з’яўляюцца складнікамі сапраўднага купалаўца. Звяртаючыся да студэнтаў, намеснік пракурора Гродзенскай вобласці, выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы Уладзімір Клішын адзначыў, што студэнцтва – гэта будучыня краіны, яе апора і рухавік. У вачах маладых людзей гарыць агонь энтузіязму, у іх шмат сіл для здзяйсненняў. Важна, каб нароўні з гэтым у іх сэрцах жыло пачуццё патрыятызму.
Дзіана СЦЯПАНАВА.
Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ