У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя манаграфіі рэктара Ірыны Кітурка

Навуковы семінар, які аб’яднаў прадстаўнікоў кіраўніцтва Гродзенскай рэгіянальнай мытні, РУП «Белтаможсэрвіс», камітэта дзяржаўнага кантролю, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, навукоўцаў і студэнтаў, прайшоў у Купалаўскім універсітэце 15 лістапада.

На прэзентацыю манаграфіі «Дзяржаўная мытная служба Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVIII стагоддзя (1764 – 1795 гады)» былі запрошаны доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, старшыня камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка, намеснік начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кудаш, дырэктар Гродзенскага філіяла «Белтаможсэрвіс» Наталля Канановіч, а таксама дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага археалагічнага музея Юрый Кітурка, загадчык кафедры мытнай справы БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Астрога, прарэктар па науковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Праневіч. Акрамя таго, на абмеркаванні манаграфіі прысутнічалі навукоўцы-гісторыкі, выкладчыкі і студэнты спецыяльнасцей “Правазнаўства”, «Гісторыя», «Мытная справа» Купалаўскага ўніверсітэта.

 Мадэратарам мерапрыемства выступіў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч, які прывітаў удзельнікаў і адзначыў, што гістарычная навука ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы мае глыбокія карані: – У гэтым годзе мы адзначым 50-годдзе існавання кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, а ў наступным годзе будзем святкаваць 70-годдзе гістарычнай адукацыі ў Купалаўскім універсітэце. Эстафету гістарычнай навукі прыняла і рэктар нашага ўніверсітэта, а найперш – глыбокі навукоўца – Ірына Фёдараўна Кітурка. Яна займаецца даследаваннем свету мытні Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVIII стагоддзя, разглядае з антрапалагічнага пункту погляду чалавека ў сістэме гаспадарчых адносін. Прэзентавала выданне аўтар – рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. У сваёй прамове яна адзначыла актуальнасць навуковай працы, якой яна займалася прынамсі амаль 15 год:

– У манаграфіі ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі разглядаецца працэс станаўлення і развіцця мытнай службы Вялікага Княства Літоўскага як органа ў сістэме дзяржаўнага кіравання ў другой палове XVIII стагоддзя. Прааналізаваны перадумовы і прычыны стварэння дзяржаўнай мытнай службы ВКЛ, ахарактарызаваны перыяды яе рэфармавання, паказана яе роля ў рэалізацыі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.

Аўтар падзякавала за дапамогу ў падрыхтоўцы манаграфіі навуковаму кансультанту – доктару гістарычных навук, прафесару Валянціну Фёдаравічу Голубеву, рэцэнзенту – доктару гістарычных навук, прафесару Віктару Аляксандравічу Астрозе, а таксама выказала падзяку Міністэрству адукацыі РБ за магчымасць праходжання стажыроўкі ў Літве, падчас якой быў праведзены збор матэрыялу для напісання доктарскай дысертацыі, і ўсім тым, хто падтрымліваў у справе навуковых даследаванняў.

Доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк падкрэсліў:

– У манаграфіі значная ўвага надаецца пытанню кадравага забеспячэння мытнай службы. А гісторыя – гэта ў першую чаргу людзі. У кнізе прыведзены каталог пасад дзяржаўнай мытнай службы, карты размяшчэння мытных пунктаў ВКЛ у розныя перыяды другой паловы XVIII стагоддзя. На падставе архіўных дакументаў праведзена гістарычная рэканструкцыя службовай формы мытнікаў. Упершыню зроблена такая спроба, і я лічу яе паспяховай. Манаграфія яшчэ раз нам нагадвае, што без цэнтралізаванай улады нельга пабудаваць моцную дзяржаву.

У сваім выступленні рэцэнзент – доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Астрога адзначыў важнасць манаграфіі, ступень навізны і дадаў, што сёння ўжо можна весці гаворку пра існаванне Гродзенскай гістарычнай мытнай школы на чале з Ірынай Фёдараўнай Кітурка:

– Купалаўскі ўніверсітэт можа стаць базай для падрыхтоўкі студэнцкіх навуковых прац, правядзення навуковых канферэнцый па даследаванні гісторыі і развіцця мытнай службы. Гэта патрэбна для таго, каб мы маглі стварыць больш поўнае апісанне гісторыі Беларусі.

Пра значнасць даследавання мытнай службы вялі гаворку старшыня камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка, намеснік начальніка Гродзенскай регіянальнай мытні Андрэй Кудаш, дырэктар Гродзенскага філіяла «Белтаможсэрвіс» Наталля Канановіч.

Прысутныя ў залі мелі магчымасць задаць пытанні аўтару. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі зрабілі сумеснае фота на памяць.

 Манаграфія разлічана на шырокае кола чытачоў. Адрасуецца прафесійным гісторыкам, навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў і сярэдніх школ, студэнцкай моладзі, служачым мытных органаў, рэкамендуецца для выкарыстання ў навукова-даследчай працы і навучальным працэсе.

Таццяна СУШКО

Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ

Поделиться

Вам может также понравиться...