Святочнае мерапрыемства да Дня ведаў прайшло ў Купалаўскім універсітэце

Святочнае мерапрыемства да Дня ведаў і пачатку навучальнага года 2 верасня аб’яднала Купалаўцаў у самым “сэрцы” ўніверсітэта – на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга.

Павіншаваць са святам і пажадаць поспехаў у новым навучальным годзе сабраліся рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы Лілія Кір’як, прарэктары, дэканы факультэтаў, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама студэнты, магістранты і аспіранты.

Па традыцыі пачатак новага навучальнга года сімвалічна суправаджаецца падняццем сцягу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Права вынесці сцяг універсітэта даручана лепшым студэнтам, магістрантам і аспірантам, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў сферы навукі, адукацыі, культуры і спорту праславілі ГрДУ імя Янкі Купалы па ўсёй Беларусі і за яе межамі, а таксама лідарам студэнцкага самакіравання.

Прывітала і павіншавала студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

Дарагія студэнты! Універсітэт вельмі сумаваў без вас летам, але мы з задавальненнем назіралі за вашымі поспехамі ў будаўнічых атрадах, творчых мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах – мы былі ўсе разам, таму што разам робім адну справу, якая дае нам ганаровае права называцца слаўным словам “Купалаўцы”. Сёння мы сабраліся ў самым “сэрцы” ўніверсітэта для таго, каб павіншаваць адзін аднаго з новым навучальным годам і пажадаць новых поспехаў, планаў і іх ажыццяўлення.

Ірына Фёдараўна адзначыла, што сёння на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга не выпадкова прысутнічае 891 студэнт, таму што менавіта столькі гадоў гораду Гродна – аднаму з самых старэйшых і прыгожых гарадоў Беларусі.

Вашы бацькі зрабілі вам самы дарагі падарунак – яны далі вам жыццё. І сёння ў сценах нашага ўніверсітэта вы закладваеце падмурак для сваёй будучыні, – дадала Ірына Кітурка. – Вучыцеся, тварыце, любіце, кахайце, рабіцё ўсё на карысць сабе, сваёй сям’і, нашай краіны, каб вашы бацькі ганарыліся вамі. Калегам хачу пажадаць плённай працы, новых планаў і праектаў. Са святам вас, дарагія Купалаўцы. З новым навучальным годам!

Са словамі віншаванняў да калектыву Купалаўскага ўніверсітэта звярнулася ганаровы госць мерапрыемства, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы Лілія Кір’як.

Ад імя дэканаў факультэтаў са словамі віншавання звярнуўся дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандр Карэўскі, а ад імя ўсіх студэнтаў павіншавала калектыў універсітэта першакурсніца філалагічнага факультэта Ганна Шчэрбачэня.

Падчас мерапраемства рэктар Ірына Кітурка і Лілія Кір’як уручылі пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару “Імі ганарыцца ўніверсітэт” лепшым студэнтам, магістрантам і аспірантам ГрДУ імя Янкі Купалы, якія дасягнулі поспехаў у адукацыі, навуцы, творчасці і спорце.

Марыя ПАНІЧАВА

Поделиться

Читайте также: