Купалаўцы на чале з рэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы Ірынай Кітурка прынялі ўдзел у святкаванні Дня беларускай пісьменнасці

Купалаўцы на чале з рэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы Ірынай Кітурка прынялі актыўны ўдзел у святкаванні Дня беларускай пісьменнасці ў Слоніме. Канцэртная праграма, графічная майстэрня і літаратурна-гістарычнае падарожжа сталі своеасаблівым падарункам гасцям свята.

Дзень беларускай пісьменнасці праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменнасці і друку ў Беларусі.

Традыцыйна свята праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадруку. Сталіцамі свята станавіліся Тураў, Навагрудак, Пінск, Мір, Заслаўль, Шклоў, Быхаў і іншыя. Сёлета быў абраны старажытны горад Слонім. У межах свята прайшла цырымонія адкрыцця помніка Льву Сапегу. Адной з галоўных падзей свята стала ўзнагароджванне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, акрамя таго прайшлі цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы, фестывалі кнігі і прэсы; выніковы этап рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка».

1 верасня ў межах свята працавалі некалькі тэматычных пляцовак, у арганізацыі адной з іх – моладзевай – прынялі ўдзел студэнты-купалаўцы. Творчы калектыў ГрДУ імя Янкі Купалы падарыў гасцям свята канцэртную праграму “Ты пяшчотная і магутная… сінявокая Беларусь”, студэнты факультэта мастацтваў і дызайна – графічную майстэрню, а ўдзельнікі праекта “Жывая гісторыя” запрасілі ў літаратурна-гістарычнае падарожжа са знакамітымі постацямі беларускай зямлі – Цёткай, Зоськай Верас, Канстанцыяй Буйло, Элізай Ажэшка, Антоніем Тызенгаўзам і Ефрасіняй Полацкай. Тэатральны калектыў універсітэта паказаў пастаноўку па адным з твораў Уладзіміра Караткевіча. Акрамя таго купалаўцы ў якасці валанцёраў зладзілі дзіцячую пляцоўку.

Забаўляльныя праграмы прайшлі на ўсіх пляцоўках горада. Завяршыўся Дзень беларускага пісьменства-2019 перадачай эстафеты правядзення свята гораду Бялынічам, а таксама гала-канцэртам “Льецца песня па-над Шчарай” і феерверкам.

Таццяна СУШКО

Поделиться

Читайте также: