Беларуская навука страціла таленавітага вучонага, удумлівага даследчыка, спецыяліста ў галіне антычнай і старажытнай літаратуры Дзмітрыя Лебядзевіча

27 мая 2020 года на 62 годзе пайшоў з жыцця Дзмітрый Мікалаевіч Лебядзевіч, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Беларуская навука страціла таленавітага вучонага, удумлівага даследчыка, спецыяліста ў галіне антычнай і старажытнай літаратуры.

Дзмітрый Мікалаевіч нарадзіўся на Шчучыншчыне 6 кастрычніка 1958 года. Рана страціў бацькоў. З дзіцячых гадоў вызначаўся адказнасцю, працавітасцю, кемлівасцю, стараннасцю як у вучобе, так і ў працы. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Гродзенскім медыцынскім вучылішчы. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, закончыўшы ў 1988 годзе філалагічны факультэт па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура».

Свой працоўны шлях Дзмітрый Лебядзевіч пачынаў фельчарам. А з 1983 года перайшоў на педагагічную працу, пачаў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры. У школах Гродзенскага раёна высока цанілі ініцыятыўнага і дасведчанага філолага.

З 1989 года свой лёс Дзмітрый Мікалаевіч звязаў з філалагічным факультэтам Гродзенскага ўніверсітэта, дзе ён працаваў на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта ўніверсітэта. Дзмітрый Мікалаевіч шмат вучыўся сам і вучыў іншых. У 1997 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Антычныя традыцыі ў беларускай літаратуры XIX ― пачатку XX стагоддзя».

У гісторыі філалагічнага факультэта і ўніверсітэта Дзмітрый Мікалаевіч пакінуў прыкметны след: ён узначальваў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта, на працягу многіх гадоў быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. Пад яго кіраўніцтвам абаронены шматлікія курсавыя, дыпломныя, магістарскія работы.

Як выключны спецыяліст у галіне старажытнай літаратуры Дзмітрый Мікалаевіч распрацаваў і чытаў курсы па гісторыі антычнага мастацтва слова, беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, па гісторыі антычнага красамоўства і многія іншыя. Яго дасведчанасць у названых напрамках прызнавалася не толькі калегамі па кафедры, яго высока цанілі даследчыкі і навукоўцы з БДУ, Брэсцкага ўніверсітэта імя А. Пушкіна і іншых навучальных устаноў краіны. Шмат публікацый Дзмітрыя Лебядзевіча выходзіла ў замежных выданнях, уключалася ў матэрыялы міжнародных канферэнцый, друкавалася ў навуковых зборніках. У навуковым набытку прызнанага літаратуразнаўцы манаграфіі, хрэстаматыі, звыш сотні артыкулаў і дакладаў.

На факультэце засталася памяць пра Дзмітрыя Мікалаевіча як уважлівага, зычлівага чалавека, якога высока цанілі кіраўніцтва факультэта, студэнты, магістранты і выкладчыкі-калегі. Непапраўнай стратай для родных і блізкіх стала яго заўчасная смерць.

Жыццё Дзмітрыя Мікалаевіча Лебядзевіча абарвалася неспадзявана, не стала цікавага, дзейнага, жыццелюбівага чалавека, у якога было яшчэ многа задуманых планаў і праектаў.

Няхай светлай памяццю застанецца ўсё добрае, што звязана з імем гэтага чалавека.

Калектыў кафедры беларускай філалогіі.

Поделиться

Вам может также понравиться...