У ГрДУ імя Янкі Купалы ўрачыста адкрылі другую чаргу Навукова-тэхналагічнага парка

Рэканструкцыя будынка па вуліцы Гаспадарчая пад будучыя плошчы тэхнапарка пачалася ў снежні 2019 года. Тады было складана ўявіць, што з непрывабнага аб’екта вырасце высокатэхналагічная пляцоўка, якая зацікавіць бізнесменаў – больш за 80% плошчаў другой чаргі зарэзерваваны, некаторыя рэзідэнты ўжо заехалі ў новы “дом”.

Урачысты момант

Урачыстым момантам у дзень адкрыцця другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парка стала пераразанне сімвалічнай чырвонай стужкі. Гэты рытуал дазволіў цалкам усвядоміць, што пачалася новая веха ў гісторыі Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы. У святочнай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, рэктар ГрДУ імя Янкі  Купалы Ірына Кітурка, генеральны дырэктар ААТ “Гроднапрамбуд” Абдулвагаб Вагабаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Краўцоў.

Ганаровымі гасцямі адкрыцця другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парка сталі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Звяртаючыся да гасцей, Ігар Петрышэнка адзначыў, што Навукова-тэхналагічны парк Купалаўскага ўніверсітэта стаў каштоўным падарункам у шэрагу адкрыццяў новых аб’ектаў, прымеркаваных да святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі:

– Адкрыўшы тэхнапарк, мы стварылі базу для рэалізацыі інавацыйных ідэй прадпрымальных людзей. Важна, што тэхнапарк выкарыстоўваецца і для навучання студэнтаў. Ствараючы такія аб’екты, мы даём магчымасць нашай моладзі ісці ў нагу з часам, займаць сваё месца ў навукова-тэхнічным прагрэсе.

Уладзімір Каранік адзначыў, што адкрыццё другой чаргі тэхнапарка – знакавая падзея, бо для паспяховага развіцця не толькі нашай вобласці, але і краіны ў цэлым, патрэбны інавацыі.

– Упэўнены, што ў сценах нашага тэхнапарка з’явяцца выдатныя праекты, якія паслужаць на карысць рэгіёна. Як паказвае досвед іншых краін, вакол навукова-тэхналагічных паркаў ствараюцца цэлыя экасістэмы, якія становяцца глебай для развіцця стартап-руху. Несумненна, тэхнапарк Купалаўскага ўніверсітэта будзе супрацоўнічаць з прадпрыемствамі горада, каб скараціць шлях ад стварэння доследнага ўзору да яго ўкаранення ў прамысловасць.

Ігар Карпенка адзначыў той факт, што дзякуючы рэалізацыі праекта “Універсітэт 3.0”, у якім удзельнічаюць 18 універсітэтаў нашай краіны, у тым ліку і ГрДУ імя Янкі Купалы, чакаецца мадэрнізацыя і развіццё інфраструктуры вышэйшых навучальных устаноў:

– У краіне функцыянуюць шэсць універсітэцкіх тэхнапаркаў, неабходна камерцыялізаваць вынікі іх дзейнасці, каб кожны аб’ект працаваў на развіццё эканомікі. Важна ствараць навукаёмістую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю.

Прынцыповае адрозненне другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парка – наяўнасць вытворчых плошчаў, што выводзіць тэхнапарк на зусім новы ўзровень. Пра гэта расказала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына  Кітурка:

– Навукова-тэхналагічны парк адыграе важную ролю ў эканамічным развіцці інавацыйнага бізнесу ў нашым рэгіёне. Мы ганарымся тым, што з 16 рэзідэнтаў 8 – нашы студэнты і выкладчыкі, некаторыя прадпрыемствы былі створаны юнакамі яшчэ ў перыяд навучання. Мы падтрымліваем ініцыятыўную моладзь. За кошт пазабюджэтных сродкаў мы стварылі Фонд інавацыйнага развіцця ўніверсітэта, каб стартапы, якія хочуць развіваць купалаўцы, мелі фінансавую падтрымку.

У межах адкрыцця другой чаргі тэхнапарка для гасцей правялі экскурсію.

Імклівае развіццё

Гісторыя Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы пачалася ў 2017 годзе на базе РУП “УНПЦ “Тэхналаб”, заснавальнікам якога з’яўляецца ГрДУ імя Янкі Купалы. Ужо ў 2018 годзе была здадз­ена ў эксплуатацыю першая чарга тэхнапарка плошчай каля 1000 квадратных метраў. Створаная база мела вялікі попыт і была поўнасцю ад­дадзена рэзідэнтам.

Стала зразумела, што прадпрымальнікі зацікаўлены ў плошчах тэхнапарка Купалаўскага ўніверсітэта, таму нядзіўна, што ў 2019 годзе пачалося будаўніцтва другой чаргі тэхнапарка плошчай больш за 6500 метраў квадратных. Узводзіліся ўсе плошчы за кошт фінансавай падтрымкі інавацыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама і Рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду.

На гэтых плошчах размясціліся 16 вытворчых памяшканняў ад 180 да 280 квадратных метраў, 16 офісаў, у тым ліку памяшканні тыпу open-space. Акрамя таго, ёсць 3 зоны каворкінгу для правядзення розных бізнес-мерапрыемстваў.

Адметнасцю другой чаргі стала канферэнц-зала на 150 месцаў, абсталяваная сучаснымі сродкамі тэлекамунікацыі, магчымасцю сінхроннага перакладу адначасова на 4 мовы. Прасторы такога фармату больш няма ў вобласці, ды і ў краіне іх не так шмат.

Кропка росту

Тэхнапаркі – ключавыя кропкі росту рэгіянальнай эканомікі. На інавацыйных пляцоўках рэалізуюцца праекты па розных напрамках. Не губляе сваёй запатрабаванасці IT-сфера, набірае добры кірунак электрыфікацыя традыцыйнага транспарту і электратранспарт. Акрамя таго, ёсць рэзідэнты, якія займаюцца электронным маркетынгам, BIM-інжынірынгам, распрацоўкай абсталявання, у тым ліку навучальнага.

Новыя напрамкі

Попыт на новыя плошчы тэхнапарка быў высокі, для некаторых памяшканняў рэзідэнтаў адбіралі на конкурснай аснове. Але не толькі высокатэхналагічная база прываблівае прадпрымальнікаў. Рэзідэнты Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы маюць розныя прэферэнцыі: нізкую арэндную плату, падатковыя палёгкі, а таксама магчымасць атрымаць поўную і якасную інфармацыю ад кампетэнтных юрыстаў, эканамістаў і іншых спецыялістаў.

Сярод будучых рэзідэнтаў – кампаніі, якія займаюцца мадэрнізацыяй абсталявання і аптымізацыяй працоўнага працэсу за кошт укаранення станкоў з лічбавым праграмным забеспячэннем. Ёсць кампаніі, якія займаюцца медыцынскімі распрацоўкамі, альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, інавацыйным імпартам замяшчэння мэблевых камплектуючых і інш.

Актыўна далучаюцца да працы студэнты – кампаніі рэзідэнтаў тэхнапарка становяцца пляцоўкамі вытворчай практыкі і атрымання новых ведаў. І ўвогуле ў тэхнапарку вельмі цэняць цесную сувязь са студэнцкай моладдзю, бо супрацоўніцтва з ёю – гэта прамы доступ да свежых ідэй і нестандартных рашэнняў.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.

Фота аўтара

Поделиться

Вам может также понравиться...