У Купалаўскім універсітэце прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва з першакурснікамі дзённай формы навучання

Напярэдадні навучальнага года, 31 жніўня, прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва Купалаўскага ўніверсітэта з першакурснікамі дзённай формы навучання.

Вітаючы першакурснікаў, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што сёлета да Купалаўскай сям’і далучылася 2298 студэнтаў:

– З сённяшняга дня мы будзем крочыць па жыцці разам. Вы выбралі наш універсітэт, і мы зробім ўсё магчымае, каб спраўдзіць вашы надзеі і чаканні.

Ірына Фёдараўна прачытала студэнтам першую лекцыю пад назвай “Універсітэт тваіх магчымасцяў”. У ёй – яркія старонкі гісторыі і сучаснасці Купалаўскага ўніверсітэта, дасягненні студэнтаў і выпускнікоў у навуцы, творчасці і спорце. Па традыцыі студэнцкія білеты атрымалі першакурснікі ўніверсітэта і каледжаў, якія паказалі высокія вынікі ў ходзе сёлетняй уступнай кампаніі.

З паступленнем у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы першакурснікаў павіншавалі студэнт 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта, старшыня студэнцкага самакіравання факультэта, член Каардынацыйнага студэнцкага савета ўніверсітэта Кірыл Саковіч і студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта, старшыня студэнцкага самакіравання факультэта, член Каардынацыйнага студэнцкага савета універсітэта Дар’я Дабрыянец, якія перадалі малодшым калегам сімвалічны студэнцкі білет і ключ ведаў.

Права прыняць сімвалы студэнцтва было прадстаўлена першакурсніку-курсанту ваеннага факультэта, члену Нацыянальнай зборнай па плаванні, кандыдату ў майстры спорту Аляксандру Кандрашкіну і студэнтцы філалагічнага факультэта Паліне Пучко, якой пашанцавала стаць тысячнай абітурыенткай падчас прыёмнай кампаніі.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства цырымоніяй клятвы першакурснікаў. Купалаўцы паабяцалі з годнасцю несці званне студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, не шкадаваць сіл і часу на спасціжэнне ўсіх навук, быць годнымі пераемнікамі традыцый беларускага студэнцтва, ва ўсім выступаць узорам сумленнасці, высакароднасці, працавітасці, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, навуковым і культурным жыцці роднай Аlma mater, атрыманыя веды накіроўваць на ўмацаванне сваёй краіны.

Таццяна СУШКО.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Поделиться

Читайте также: